Сотня камэнтароў. Адзін адказ і адно пытаньне

время чтения: 4 мин

Хачу падзякаваць усім, хто палічыў тэму правоў сэксуальных меншасьцяў у Беларусі хаця б нагэтулькі вартай увагі, каб даслаць свой камэнтар. Сама колькасьць рэакцыяў пярэчыць тым камэнтатарам, якія сьцьвярджаюць што гэта маргінальная, надуманая тэма.

Крыніца блог Данчыка на Свабодзе

На жаль, якасьць камэнтароў (многія зь якіх нельга было выстаўляць на сайт зь меркаваньняў добрага густу) таксама толькі пацьвярджае мой тэзіс пра неадэкватнасьць сучасных постсавецкіх грамадзтваў, у тым ліку беларускага, у іхным стаўленьні да гэтага пытаньня.

Напрыклад:

Такія беспардонныя камэнтатары, якія маюць нахабства атаясамліваць геяў з кілерамі (!), пэдафіламі (!), і г. д. заслугоўваюць такога адэкватнага рытарычнага пытаньня: Ці Вы наўмысна стараецеся абразіць, ці проста, скажам далікатна, недаадукаваныя?

Прыхавана пагрозьлівыя камэнтары ад імя адной з апазыцыйных моладзевых арганізацыяў красамоўна гавораць за сябе. Хацелася б спадзявацца, што яны адлюстроўваюць толькі асабістыя думкі камэнтатараў а не шырэйшага аб’яднаньня.

Камэнтатарам, якія сьцьвярджаюць, што гомасэксуалізм зьяўляецца «праявай анты-культуры»: Ці знаёмыя Вам такія прозьвішчы, як, скажам, да Вінчы, Мікелянджэла, Эмэрсан, Ўітман, Чайкоўскі, Вэрлен, Ўайлд, Кавафіс, Пруст, Дзягілеў, Форстэр, Шыманоўскі?.. Ці трэба працягваць?

Камэнтатарам, якія гавораць пра нейкіх «сапраўдных мужчынаў»: Прынамсі на захадзе гэты выраз ужываецца хутчэй з іроніяй і сарказмам. А Вы на поўным сур’ёзе?

Тым, што канстатуюць, што гетэра = жыцьцё, а гома = сьмерць: Дык Вы ж нас нараджаеце, Вы нашая будучыня. Ня будзьце нашымі ворагамі.

Зь весялейшага боку хачу адзначыць тых камэнтатараў, якія даюць надзею на лепшую будучыню для геяў-беларусаў. Валянціну Стэфановічу дзякуй за канстатацыю прынцыповай пазыцыі праваабаронца. Кастусю дзякуй за прыгожы верш. Віялета, Васік, Надзея, Мікола, Чалавек зь Менску — падаю Вам руку за словы салідарнасьці, а нястомным «адвакатам» Андрэй-Ку (дзякуй, што нагадалі пра пазыцыю Алеся Бяляцкага ў гэтым пытаньні) і Эрэтыку вялікі віртуальны пацалунак — з дазволу і ўзасос! (Пры ўсёй сур’ёзнасьці тэмы давайце ня страчваць пачуцьцё гумару! Дарэчы, «Жанчына» у Вас ён выдатны, вы мяне расьсьмяшылі да сьлёз сваім уяўленьнем «жаночага параду». Мо паспрабуйце выкарыстаць пачуцьцё гумару і ў Вашым падыходзе да гей-парадаў. Гэта ж свайго роду карнавал, дзе таксама ўсякае пабачыш. І дзякуй Вам за цёплыя словы на адрас сьпевака.)

*

Сярод асноўных місіяў нашага радыё — прасоўваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў і змаганьне з сацыяльнай неталерантнасьцю шляхам пашырэньня факталягічнай інфармацыі і ідэяў, каб дайсьці да ўзаемаразуменьня. Сваім блогам і заклікам спыніць сыстэмную зьнявагу ў дачыненьні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці я і імкнуся хаця б наблізіцца да гэтай мэты. Дыялёг павінен быць, а маўчаньне, страх і сорам хай спыняцца. І размова ідзе зусім не пра сэкс, а пра ідэнтычнасьць і годнасьць асобы. Першае ў вялікай ступені залежыць ад сэксуальнай арыентацыі, а другое — ад стаўленьня да гэтай арыентацыі шырэйшага грамадзтва. У цывілізаваным грамадзтве геі павінны мець гэтулькі ж правоў і свабодаў адчуваць сябе камфортна ў сваёй заўважанасьці, бяз страху якіх-кольвечы наступстваў, як і гетэрасэксуалы. У сёньняшняй Беларусі гэта на жаль не магчыма.

*

Ня буду паглыбляцца ў дэталі таго, што даўно вырашылі экспэрты. Тыя, каму сапраўды цікава стаць больш дасьведчаным у пытаньнях гомасэксуалізму (што статыстычна для істотнай меншасьці людзей зьяўляецца зусім прыроднай арыентацыяй), а таксама ў пытаньнях сацыяльнай хваробы гамафобіі, могуць скарыстацца досьведам экспэртаў у гэтай галіне. Іх можна пачуць на гэтым тыдні ў Менску падчас розных канфэрэнцый і мерапрыемстваў наладжаных гей-прайдам. Згадаю тут толькі адзін артыкул, які я нядаўна чытаў у газэце The New York Times.

Загаловак: «Гігант псыхіятрыі просіць прабачэньня за падтрымку тэорыі ‘лячэньня’ геяў». Гаворка ідзе пра доктара Робэрта Л. Спіцэра, якога некаторыя лічаць бацькам сучаснай псыхіятрыі. Яму цяпер 80 гадоў, і ён цяжка хворы.

Пакуль ня позна, пад уплывам сумленьня, доктар каецца, сьцьвярджаючы, што сацыяльна кансэрватыўныя і рэлігійныя арганізацыі наўмысна перакручвалі ягоныя дасьледаваньні з палітычных матываў — і ён аб гэтым маўчаў. Загаловак артыкулу дае зразумець сутнасьць рэшты даўгога зьместу: Якая гаворка можа быць пра лячэньне, калі няма паталёгіі?

Як сказаў некалі нехта мудры: Ня мець рацыю — лёгка. Прызнаць памылковасьць — цяжка. Выправіць яе — сьвятое.

Лячыць трэба толькі хваробу гамафобіі — унутранай і сыстэмна-сацыяльнай. Яна ёсьць ва ўсіх нас, геяў і ня-геяў, бо прывітая нам зь пялёнак.

*

У чэрвені на парадзе гей-прайд у Празе я нечакана спаткаў адну з сваіх калегаў, дырэктарку адной з усходнеэўрапэйскіх службаў нашага радыё. «Што-ж Вы тут робіце?» запытаўся я. «Усё вельмі проста: У мяне двое сыноў, і калі б атрымалася так, што адзін зь іх быў бы геем, я хацела б, каб ён быў шчасьлівы».

Я ня лекар і не псыхіятр — а ўсяго толькі чалавек, які некалі быў 10-гадовым хлопчыкам, што рос у зусім іншым грамадзтве, чым сёньняшні Нью-Ёрк, у грамадзтве магчыма й крыху падобным да сёньняшняга, скажам, менскага ці гарадзенскага. Гэта было яшчэ перад рэвалюцыйнымі падзеямі Стоўнолу, ад якіх і пачаўся рух гей-прайду ў Амэрыцы. У той час нідзе не было ніякай «рэклямы» пра такіх, як я. А калі былі нейкія рэдкія выявы гомасэксуалаў, то гэта абавязкова былі гратэскныя пэрсанажы, забойцы, шпіёны, баязьліўцы, здраднікі, вычварэнцы і г. д. А я ведаў, што я не такі. А з іншага боку, паўсюль — у кожнай тэлевізійнай праграме, у кожным галівудзкім фільме, у кожным доме, школе й царкве — толькі выявы гетэрасэксуалаў. Нідзе ніякай інфармацыі пра выбітных гомасэксуалаў у гісторыі, нідзе ніякіх узораў пасьпяховых геяў — лекараў, бізнэсоўцаў, артыстаў, палітыкаў, сьвятароў. А чаму? Таму, што ўсе былі вымушаныя хавацца, нават жаніцца дзеля гэтай мэты. Бо аб гэтым «не гаварылася.» Бо гэта была б «прапаганда». Такое пачуцьцё ізаляцыі й самотнасьці нялёгка пераказаць а тым больш перажыць, асабліва ў такім узросьце — і многія становяцца іхнымі ахвярамі.

А цяпер уявіце сабе, што сёньня вы аб гэтым ня ведаеце, але гэты самы 10-гадовы хлопчык ці дзяўчынка — вашае дзіця. Да каго ў гэтым вакуўме ёй ці яму зьвярнуцца? З кім падзяліцца? Хто з блізкіх можа стаць вобразам пазытыўнага, шчасьлівага, пасьпяховага, прадуктыўнага гея?

І самае галоўнае пытаньне: Што ён ці яна чуе з вашых уласных вуснаў?