Абвешчаны пераможцы журналісцкага конкурсу “Найлепшы журналіст-барацьбіт з дыскрымінацыяй у Беларусі – 2012”

время чтения: < 1 мин

«Найлепшыя журналісты-барацьбіты з дыскрымінацыяй у Беларусі – 2012” на думку міжнароднага журы з удзелам прафесійных прадстаўнікоў медыя-супольнасці Беларусі і Швецыі былі абвешчаныя напрыканцы Круглага стала на тэму «Сацыяльныя наступствы некарэктнага асвятлення ЛГБТ-тэматыкі ў СМІ”, які адбыўся ў Вільні 16 чэрвеня 2012 года.

З больш як тузіна намінантаў журы абрала артыкулы двух аўтараў з беларускіх рэгіёнаў:

ПЕРШАЕ месца заняла сп-ня Вольга Грыцэнка з Брэста за публікацыю «Что смотрят неслышащие в Беларуси – телевизор или телевидение?”, надрукаваную ў газеце «Разам” 13 красавіка 2012 года.

ДРУГОЕ месца было аддадзенае спадару Андрэю Кузьміну з Крычава (Магілёўская вобласць) за артыкул «Шэсць санэтаў”, які з’явіўся ў інфармацыйным бюлетэні «Наша думка” ў жніўні 2011 года.

Падчас адбору найлепшых працаў сябры журы бралі да ўвагі выбар тэмы і эфектыўнае яе раскрыццё пры дапамозе прафесійных журналісцкіх прыёмаў.

Пераможцы конкурсу атрымаюць ганаровыя дыпломы і памятныя падарункі ад арганізацыі ТУПІЛАК і прадстаўнікоў беларускай журналісцкай ЛГБТ-супольнасці. Акрамя гэтага, яны будуць мець магчымасць наведаць з журналісцкай місіяй актывістаў арганізацыі ТУПІЛАК у Стакгольме на працягу бліжэйшага года.

Прафесійны конкурс для журналістаў «Найлепшы журналіст-барацьбіт з дыскрымінацыяй у Беларусі – 2012” быў абвешчаны культурніцкай ЛГБТ арганізацыяй паўночных краінаў ТУПІЛАК у супрацоўніцтве з беларускімі журналістамі з ЛГБТ супольнасці. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаліся беларускія аўтары друкаваных і Інтэрнэт-артыкулаў і/ці фота-аўдыё-відэа рэпартажаў, якія прасоўваюць ідэю роўнасці розных сацыяльных групаў у беларускім грамадстве. Конкурсныя матэрыялы публікаваліся ў перыяд з 5 чэрвеня 2011 года па 4 чэрвеня 2012 года.