Слоўнік тэрмінаў і іх апісанне
Адмысловыя рысы
Ніякіх агульных для ўсіх характэрных асаблівасцяў у знешнім вобліку, паводзінах і мысленні для геяў і лесбіянак не існуе. Некаторыя геі выглядаюць і паводзяць сябе па-жаноцку, іншыя – не. Некаторыя лесбіянкі выглядаюць мужападобна, іншыя – не. Гэтаксама існуюць гетэрасэксуальныя мужчыны з жаночымі рысамі і жанчыны з мужчынскімі рысамі. Завушніцы ў вушах і ў іншых частках цела цяпер папулярныя сярод усёй моладзі.
У большасці геяў густы не адрозніваюцца ад навакольнай большасці, і яны папросту не жадаюць падладкоўвацца пад нейкі сталы стэрэатып дзеля падкрэслівання сваёй адрознасці. Геі асэнсоўваюць сябе як мужчыны, якім падабаюцца мужчыны, а лесбіянкі – як жанчыны, якім падабаюцца жанчыны. Адпаведна, большасць геяў мае мужчынскі тып паводзінаў і знешнасці й адначасова цэніць тыя ж якасці ў іншых мужчынах. Аналагічным чынам большасць лесбіянак высока цэніць жаночыя рысы ў сабе і ў сваіх каханках.
Бісэксуалізм, бісэксуалы
Згодна з тэорыяй амерыканскага псіхолага Альфрэда Кінзі, сэксуальная арыентацыя большасці людзей не з’яўляецца толькі гетэра- ці гомасэксуальнай, а знаходзіцца недзе ў прамежку паміж апошнімі, звычайна з выразнай схільнасцю да аднога ці другога полу. Бісэксуаламі называюць людзей, якія маюць сэксуальнае вабленне як да асобаў супрацьлеглага, гэтак і свайго полу. Некаторыя геі і лесбіянкі заяўляюць пра сваю бісэксуальнасць, але насамрэч не адчуваюць сэксуальнае цягі да людзей процілеглага полу. Такім чынам, на іх погляд, ім самім і грамадству лягчэй акцэптаваць іх гомасэксуальнасць.
Гендар, гендарныя праблемы
Гендар – новае для беларускай мовы слова, транслітарацыя ангельскага «gender”. Раней гэтае слова выкарыстоўвалася ў ангельскай мове пераважна дзеля абазначэння граматычнага роду, але цяпер яно ўсё часцей замяняе слова «sex” для абазначэння праблемаў, звязаных не толькі з філіялагічнымі, але і з сацыяльна-псіхалагічнымі аспектамі полу.
Гомасэксуалізм у гісторыі чалавецтва
Гомасэксуальныя стасункі ў большасці старажытных культураў не лічыліся нечым заганным і выключным. Аднак гомасэксуальныя адносіны заўжды былі заключаныя ў жорсткія рамкі мясцовай культурнай традыцыі. У сучасным разуменні геі і лесбіянкі з’явіліся толькі на мяжы 19-20 стагоддзяў. Большасць існуючых і мінулых культураў на Зямлі дастаткова абыякавыя ў сваім стаўленні да гомасэксуалізму. Выключэннем з’яўляецца юдэйска-хрысціянска-ісламскі свет, што мае пад сабой гістарычныя карані. Так, напрыклад, старажытныя габрэі асацыявалі гомасэксуалізм з паганствам навакольных народаў. Таму іх барацьба супраць гомасэксуалізму была падобная да барацьбы з ідалапаклонніцтвам.
Гомасэксуальнасць і творчасць, прафесійная дзейнасць
Вельмі часта, звычайна ў адказ на гамафобныя выказванні, даводзіцца сустракаць пералікі знакамітых геяў і лесбіянак, сярод якіх сустракаецца асабліва шмат дзеячоў мастацтва. Пры гэтым ужываюцца вельмі розныя крытэры аднясення пэўнай асобы да той ці іншай катэгорыі. Сам па сабе гомасэксуалізм ніякім чынам не ўплывае на творчыя здольнасці чалавека, але спароджаныя ім жыццёвыя абставіны, відавочна, цалкам могуць або спрыяць, або перашкаджаць развіццю такіх здольнасцяў.
Дзеці
Распаўсюджана думка пра тое, што, з аднога боку, геям і лесбіянкам чужасныя бацькоўскія пачуцці, а з другога боку яны разбэшчваюць дзяцей хаця б сваім адмоўным прыкладам, таму не могуць быць добрымі бацькамі. Між тым, сацыялагічныя апытанні паказваюць, што большая частка гомасэксуалаў хацела б мець дзяцей. Шмат хто з іх мае нашчадкаў. Часцей за ўсё, гэта дзеці ад папярэдніх гетэрасэксуальных стасункаў. Часам гэта дзеці ад шлюбаў паміж геямі і лесбіянкамі, якія заключаюцца дзеля ўзаемнай зручнасці бакоў. Зрэдку знаёмыя геі выступаюць у ролі донараў спермы для лесбіянак. У некаторых краінах геі маюць права на ўсынаўленне дзяцей.
Пераважная большасць геяў і лесбіянак выгадоўваецца ў звычайных гетэрасэксуальных сем’ях. З іншага боку, насуперак забабонам, дзіця, якое гадуецца ў аднаполай сям’і, не больш схільнае да гомасэксуальных адносінаў, чым іншыя ягоныя аднагодкі.
ЛГБТ – абрэвіятура дзеля абазначэння супольнасці лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў.
Лячэнне гомасэксуальнасці
Да нядаўняга часу гомасэксуальнасць разглядалася лекарамі, як псіхічнае адхіленне, іншымі словамі патрабавала псіхіятрычнага ўмяшальніцтва. Нягледзячы на тое, што ніводзін з прапанаваных медыцынай метадаў лячэння не прынёс чаканых вынікаў, гомасэксуальных людзей на працягу стагоддзяў спрабавалі пераўтварыць у «нармальных”, г.зн. гетэрасэксуальных. Кастрацыя, лобатамія, электрасутаргавая тэрапія, гармонатэрапія… Вынікі падобнага «лячэння” нячаста прыводзілі да калецтва і інваліднасці пацыентаў, але ніколі не дасягалі пастаўленай мэты.
У 1973 годзе Амерыканская асацыяцыя псіхіятраў (ADA), пасля працяглай унутранай барацьбы, выключыла гомасэксуалізм з свайго пераліку псіхічных хваробаў. У 1993 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя выключыла «гомасэксуалізм” з пераліку псіхічных расстройстваў.
МСМ
Скарот для паняццяў: «мужчыны, якія маюць сэкс з мужчынамі” або «мужчыны, якія маюць полавыя кантакты з мужчынамі”. Гэты тэрмін з’яўляецца карысным, бо ахоплівае не толькі мужчынаў, якія атаясамліваюць сябе з «геямі” ці гомасэксуаламі і маюць полавыя кантакты толькі з мужчынамі, але таксама і бісэксуальных мужчынаў і, нават, гетэрасэксуальных мужчынаў, якія часам практыкуюць аднаполыя сэксуальныя стасункі.
Назвы
Тэрмін «гомасэксуаліст”, які шырока выкарыстоўваўся раней, цяпер паступова выходзіць з ужытку, бо гучыць занадта спецыфічна-навукова. Ён паступова замяшчаецца словам «гомасэксуал”. У беларускай мове не існуе слова «бісэксуаліст”. Існуе выключна «бісэксуал”.
Слова «педэраст”, не кажучы ўжо пра вульгарныя вытворныя ад яго, гучыць скрайне груба і абразліва. Неабходна пазбягаць яго ўжыванне ў любым вытрыманым тэксце. Гэтае слова апраўданае толькі як навуковы тэрмін, які можа выкарыстоўвацца ў спецыяльнай літаратуры.
Свайго партнёра геі называюць па-рознаму. Тут няма відавочных перавагаў. Звычайна гэта або англамоўныя запазычанні (бойфрэнд, партнёр), або агульнараспаўсюджаныя словы (сябра, муж, супружнік, каханак). Зазвычай геі звяртаюцца адзін да аднога ў мужчынскім родзе.
Педафілія
Педафілія – гэта сэксуальная цяга да дзяцей, якая з аднолькавай ступенню верагоднасці сустракаецца як сярод геяў, гэтак і сярод гетэрасэксуалаў. Гомасэксуалы не больш схільныя здзяйсняць злачынныя дзеянні ў адносінах да дзяцей, чым гетэрасэксуалы. Да слова, Чыкаціла не быў геем.
Распаўсюджана меркаванне, што геі пэўным чынам больш амаральныя, чым іншыя, ужо хаця б таму, што яны пераступілі праз адно з распаўсюджаных маральных табу грамадства. Аднак гэта меркаванне ні на чым не грунтуецца. Статыстыка не пацвярджае, што геі замяшаныя ў злачынствах часцей за гетэрасэксуалаў.
Прычыны гомасэксуальнасці
Якім чынам развіваецца тая ці іншая сэксуальная арыентацыя чалавека – пытанне, на якое сучасная навука і навукоўцы не могуць даць дакладны адказ. Розныя тэорыі прапануюць некалькі крыніц сэксуальнай арыентацыі, уключаючы генетычную спадчыннасць, прыроджаныя гарманальныя чыннікі і жыццёвы досвед з ранняга дзяцінства. Разам з тым шматлікія вучоныя падзяляюць пункт гледжання аб тым, што сэксуальная арыентацыя фарміруецца ў раннім дзяцінстве пад уплывам складанага ўзаемадзеяння біялагічнага, псіхалагічнага і сацыяльнага чыннікаў.
Рэлігіі і гомасэксуальнасць
У сваіх адносінах да гомасэксуальнасці рэлігіі Захаду (юдаізм, хрысціянства і іслам) і Усходу (індуізм, будызм, даасізм, канфуцыянства і сінтаізм) адрозніваюцца карэнным чынам. У той чак як рэлігіі, якія бяруць пачатак са старажытнагабрэйскай традыцыі, звычайна ставяцца да гомасэксуалізму скрайне адмоўна, усходнія вучэнні яго практычна не разглядаюць.
Саматоеснасць
Не ўсе людзі, якія маюць сэксуальнае вабленне да асобаў свайго полу, лічаць сябе геямі (мужчыны) ці лесбіянкамі (жанчыны), і нават не ўсе гатовыя назваць сябе бісэксуаламі. Часам гэта адбываецца з-за чужаснасці дадзеных паняццяў для мыслення канкрэтнага чалавека. Часам чалавек не лічыць сябе абавязаным ўпісвацца ў зацверджаныя каноны паводзінаў, часам ён адносіць сябе да нейкай іншай катэгорыі людзей. Саматоеснасць канкрэтнага чалавека зазнае непазбежныя змены – ад асацыявання сябе з вузкім колам сям’і да асэнсавання сваёй далучанасці да пэўных сацыяльных, палітычных, культурных супольнасцяў. Права чалавека быць самім сабой мае на ўвазе, што мы павінны прымаць унутраная ўяўленне чалавека пра сябе за аснову яго ідэнтыфікацыі. Транссэксуалы не ўспрымаюць сябе як людзей свайго фізічнага полу. Таму яны не маюць разглядацца як прадстаўнікі адпаведнага полу. Геі і лесбіянкі, наадварот, успрымаюць сябе менавіта як мужчын ці, адпаведна, жанчын, і павінны ўспрымацца менавіта ў такой якасці навакольнымі.
Сэкс
Нічога экзатычнага ў гомасэксуальным сэксе няма. Геі і лесбіянкі выкарыстоўваюць тыя ж прыёмы, якія прысутнічаюць у сэксе «натуралаў”. Нельга лічыць усіх геяў сэксуальна заклапочанымі. Патрэба ў сэксе ў іх такая ж, як і ў гетэрасэксуалаў. Аднак складанасці ў пошуку партнёра могуць спрычыніць акцэнтаванне гэтага боку жыцця. Дзяленне на «актыўных” і «пасіўных” партнёраў часта абсалютна бессэнсоўнае, не кажучы ўжо пра прыпісванне «мужчынскіх” і «жаночых” роляў. Не варта разглядаць гомасэксуальныя стасункі ў гетэрасэксуальных тэрмінах – гэта не імітацыя «нармальных”, а іншая форма адносінаў паміж людзямі, што не змяняе агульнай для ўсіх сутнасці гэтых адносінаў.
Сэксуальная арыентацыя
Сэксуальная арыентацыя – гэта адзін з чатырох складнікаў сэксуальнасці. Яна характэрызуецца трывалай эмацыйнай, рамантычнай, сэксуальнай і афектыўнай цягай да людзей пэўнага полу. Тры пазасталыя складнікі сэксуальнасці ўключаюць у сябе біялагічны пол, ідэнтыфікацыю паводле полу (псіхалагічнае адчуванне сябе мужчынам ці жанчынай) і сацыяльную полавую ролю (спадкаемнасць культурных нормаў мужчынскіх і жаночых паводзінаў). Сэксуальная арыентацыя шматлікіх людзей акрэсліваецца на раннім этапе развіцця, задоўга да атрымання першага сэксуальнага досведу. Некаторыя людзі на працягу доўгіх год спрабуюць змяніць арыентацыю з гомасэксуальнай на гетэрасэксуальную без ніякага поспеху.
Сямейныя і партнёрскія адносіны
Разам з паступовым прызнаннем і ўхваленнем грамадствам аднаполага партнёрства расце колькасць гееў і лесбіянак, якія знаходзяцца ў сталых сямейных стасунках, заснаваных на ўзаемным каханні і падтрымцы.
Афіцыйнае прызнанне аднаполых сем’яў мае вялікую важнасць, бо такім чынам дзяржава і грамадства выказваюць павагу і прызнанне асабістых правоў і пачуццяў сваіх грамадзянаў. Сямейнае жыццё гей ці лесбі-пары падобнае на жыццё звычайнай сярэднестатыстычнай сям’і, але, як правіла, адрозніваецца адсутнасцю размежаваных роляў паміж супругамі.
Стыль жыцця
Абсалютна беспадстаўныя якія-колечы разважанні пра «гомасэксуальны стыль жыцця”, бо не існуе ніякага адзінага стылю жыцця для геяў і лесбіянак, як не існуе адзінага стылю жыцця для гетэрасэксуалаў.
Трансвестызм
Трансвестызм – гэта схільнасць людзей насіць вопратку супрацьлеглага полу. Неабходна адрозніваць такіх людзей ад транссэксуалаў. Трансвестыты асэнсоўваюць сябе менавіта як людзей свайго біялагічнага полу, а апранаюць вопратку процілеглага полу дзеля задавальнення – сэксуальнага ўзбуджэння, самавыражэння або наўмыснага шоў.
Транссэксуалы, трансгендэрныя людзі
Гэтыя тэрміны адносяцца да людзей, чый біялагічны (г.зн., знешні) пол не супадае з псіхалагічным полам, г.зн. уяўленнем пра сябе як пра мужчыну ці жанчыну. Трансгендэрныя людзі не з’яўляюцца геямі ці лесбіянкамі і часта не разглядаюць сябе як частку ЛГБТ-супольнасці. Сапраўдны транссэксуалізм сустракаецца вельмі рэдка – каля 1 выпадку на 50-100 тысячаў чалавек. З іншага боку, гома- і бісэксуалы складаюць каля 5-15% ад агульнай колькасці насельніцтва Зямлі.