ШОК! Начны прайд у Белградзе
Пасля раптоўнай забароны ЛГБТ-параду, які планаваўся на 28 верасня напрыканцы тыднёвай праграмы белградскага прайду-2013, арганізатары форуму вырашылі выказаць пратэст сербскім уладам і запрасілі шматлікіх ўдзельнікаў з Уганды, Албаніі, Чарнагорыі, Грэцыі, Канады, ЗША, Расіі, Чэхіі, Швецыі, Беларусі і іншых краінаў свету ўзяць удзел у мірным начным шэсці.
Дзясяткі актывістаў і прыхільнікаў раўнапраўя ЛГБТ-супольнасці далучыліся да ўнікальнага праменаду па начных вуліцах Белграду з вясёлкавымі сцягамі.
Маршрут флэшмоб-параду пралягаў ад будынку Парламента Рэспублікі Сербія да ўрадавай рэзідэнцыі.
“Адлегласць апынулася нашмат большай за планаваныя 900 з хвосцікам крокаў прайду вакол цэнтральнага скверу!” – зазначыў адзін з сербскіх арганізатараў праграмы прайду Серджан Мілевіч. – “І ўсё адбылося ў межах закону, бо парад скончыўся да поўначы, калі ўступіла ў сілу забарона на масавыя мерапрыемствы,” – дадаў праваабаронца.
Сёлетняя праграма прайду была багатая на падзеі: канферэнцыя на тэму свабоды сходаў, тэматычныя дыскусіі пра антыдыскрымінацынае заканадаўства ў дзеянні з удзелам еўрапейскіх і сербскіх палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў, дакументальныя кінапаказы пра надзённыя праблемы і трывогі ЛГБТ-супольнасці, канцэрт “заўжды маладых” чальцоў шведскага музычнага гурта “Армія каханкаў”…
Сербскія ўлады паабяцалі пачаць падрыхтоўку да наступнага прайду ўжо цяпер, каб годна далучыцца да ініцыятывы талерантных суграмадзянаў і гарантаваць іх бяспеку і права на мірныя сходы ў наступным годзе.