18 траўня — міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй і трансфобіяй
У прэс-рэлізе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International адзначаецца парушэньне правоў сэксуальных меншасьцяў у розных краінах сьвету.
Amnesty International адзначае, што ўрады па ўсім сьвеце ня ў стане выканаць свае абавязацельствы па абароне правоў лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў, трансгендарных асобаў.
У шэрагу краінаў існуе прыкметная адсутнасьць волі для вырашэньня праблемаў, зьвязаных з гамафобіяй і трансфобіяй, кажа Amnesty International. Улады ў некаторых краінах нават пайшлі на тое, каб заахвочваць гамафобію шляхам увядзеньня і прымяненьня заканадаўства і нарматыўных актаў, якія падрываюць правы ЛГБТ-супольнасьці свабодна выказваць сябе — у парушэньне міжнародных абавязацельстваў гэтых дзяржаў .У гэтым годзе Amnesty International акцэнтуе асаблівую ўвагу на шэрагу краінаў, дзе патрэбныя тэрміновыя зьмены.
Расея: тут заканадаўчыя акты, прынятыя ў 2013 годзе, паставілі па-за законам грамадзкія ЛГБТ-акцыі. Некалькі мірных сходаў былі забароненыя ўладамі на падставе гэтага гамафобнага заканадаўства. Супрацоўнікі праваахоўных органаў рэгулярна ня ў стане абараніць ЛГБТ-асобаў ад гвалтоўных нападаў.
Сэрбія: ад 2011 году дзяржаўныя органы забаранілі прайды на падставе пагрозаў з боку гамафобных груп. Марш у 2010 быў азмрочаны выступамі контрдэманстрантаў.
Украіна: пасьля забароны ў цэнтры гораду, першы кіеўскі прайд адбыўся ў мінулым годзе ў ізаляваным месцы. Контрдэманстранты спрабавалі сарваць яго, кідаючы пэтарды і зрываючы банэры. Арганізатары прайду, заплянаванага сёлета на 5-7 ліпеня, атрымалі пагрозы, у той час як урад адмаўляецца прымаць заканадаўчыя меры супраць дыскрымінацыі ў адносінах да ЛГБТ-супольнасьці.
Сусьветная мапа гамафобіі
Pew Research Center правёў дасьледаваньне ў 39 краінах сьвету. Удзельнікі дасьледаваньня адказвалі на пытаньне: «Ці павінна грамадзтва прымаць гомасэксуальнасьць — гэта значыць талерантна да яе ставіцца?»
Гама сіняга — талерантнае стаўленьне, гама чырвона-карычневага — неталерантнае стаўленьне.Гішпанскае выданьне El País падрыхтавала сваю мапу стану правоў ЛГБТ-супольнасьцяў