Рэдактар дзяржаўнай газэты ставіць ў адзін шэраг забойцаў, п’яніц і геяў
Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў пастанавіла, што газэта «Вечерний Могилёв» дапусьціла грубыя парушэньні журналісцкай этыкі ў артыкуле пра транссэксуала. Журналіст Радыё Рацыя зьвярнуўся з гэтай нагоды па камэнтар да рэдактара газэты Надзеі Леўчанкі.
ЗАПІС РАЗМОВЫ ЦАЛКАМ:
lewczanka
РР: Беларускае Радыё Рацыя, Улад Грынеўскі, я Вам калісьці ўжо тэлефанаваў. Я раблю такую перадачу пра журналістыку для журналістаў і хацеў бы з Вамі паразмаўляць усё пра тую ж сытуацыю — пра публікацыі, якія журналісцкая супольнасьць назвала гамафобскімі. Ужо ёсьць зьвесткі, што Міністэрства інфармацыі загадала Вашаму выданьню больш пільна ставіцца да гэтых публікацыяў і таксама ёсьць рашэньне Камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў пра тое, што ў гэтым артыкуле былі грубыя парушэньні журналісцкай этыкі. Якое Вашае стаўленьне да гэтага ці будзеце Вы нейкім чынам рэагаваць? Я ведаю, што артыкулу няма на сайце Вашай газэты.
Надзея Леўчанка: Што тычыцца гэтай тэмы, то мы зьмяшчаем на нашых старонках адназначна, як ідзе ў нас барацьба з п’янствам, хуліганствам, забойствамі, прастытуцыяй і, так бы мовіць, распаўсюджаньнем гомасэксуалізму. І таму гэтым тэмам мы ўдзялялі і будзем удзяляць увагу.
РР: Значыць, Вы ўсё ставіце гэта ў адзін шэраг: прастытуцыю, барацьбу з п’янствам, гомасэксуальнасьць — усё ў адзін радок?
Надзея Леўчанка: Так, так.
РР: А чаму так? Я з Вамі зусім не згодны ў гэтым кірунку.
Надзея Леўчанка: Ну, разумееце, калі Вы гей-супольнасць, канечне, Вы не згодны.
РР: Хто? Я гей-супольнасьць? Чаму Вы так вырашылі?
Надзея Леўчанка: Ну, таму што Вы іх абараняеце.
РР: Як журналіст, я ведаю, як трэба працаваць паводле журналісцкіх прынцыпаў этыкі…
Надзея Леўчанка: А Вы не вучыце мяне, як працаваць.
РР: Не, я не зьбіраўся Вас вучыць. Я так разумею, што Вы ведаеце, як працаваць. Але цывілізаваная журналістыка палягае ў тым, што мусяць быць прадстаўленыя розныя бакі. А Вы так адназначна сьцьвярджаеце пра тое, што прастытуцыя, наркаманія і гомасэксуалізм — гэта адно і тое. Троху дзіўнае такое сьцьвярджэньне.
Надзея Леўчанка: Можа для Вас дзіўнае, таму што для Вас відаць усё роўна, што зараз «мама» і «тата» нельга называць, а «родитель- 1» і «родитель-2». Альбо дзіця само павінна вызначыцца, калі падрасьце — у спаднічцы яму хадзіць ці ў нагавічках, будзе ён называцца — дзяўчынка ці хлопчык? Вы — з гэтага шэрагу. Мы прытрымліваемся славянскіх традыцый, паводле Бібліі гомасэксуалізм — вялікі грэх. Паводле ўсіх рэлігій — гэта вялікі грэх. І мы ставімся да гэтага як да граху.
РР: Ясна. А вось Міністэрства інфармацыі загадала больш пільна ставіцца да публікацый…
Надзея Леўчанка: Міністэрства інфармацыі мне нічога не паведамляла. Ніякіх паведамленьняў да мяне не прыходзіла. Я пра гэта прачытала выключна на сайтах. А мне нічога такога не прыходзіла. Што тычыцца таго: зьнятыя ў нас на сайце матэрыялы ці не зьнятыя, то мы гатовы прадаставіць гэтыя матэрыялы любому ахвочаму пасьля пэўнай аплаты на наш рахунак.
РР: Як? Не разумею, гэта значыць купіць гэтыя матэрыялы можна? Ці што?
Надзея Леўчанка: Так, так. Калі Вы захочаце атрымаць адзін з гэтых нашых матэрыялаў, то калі ласка… У нас у найбліжэйшы час ідзе рэарганізацыя сайту. Мы зробім такую аб’яву: хто хоча купіць, хай пералічвае да нас суму грошай і мы накіруем яму матэрыял пісьмова альбо па электроннай пошце.
РР: Ага, значыць, Вы лічыце што гэта такі выдатны матэрыял, што за яго нават грошы можна атрымаць?
Надзея Леўчанка: Ну, дык а чаго вы да іх прычапіліся? Бачу я так: такая шуміха, такая папулярнасьць дык чаму бы не зарабіць на гэтым? Гэта праца журналістаў.
РР: Я нагадаю, чаму мы, як Вы кажаце, так прычапіліся. Ведаеце, мы жывем у цывілізаваным грамадзтве…
Надзея Леўчанка: Я жыву ў Рэспубліцы Беларусь.
РР: А, паводле Вас, Рэспубліка Беларусь — не цывілізаванае грамадзтва.
Леўчанка: У Рэспубліцы Беларусь жыву. Я выконваю Законы Рэспублікі Беларусь, я прытрымліваюся тых традыцый славянскіх, якія ёсьць ў Рэспубліцы Беларусь.
РР: Божа! Але абражаць чалавека — гэта не Закон Рэспублікі Беларусь. Увогуле такога Закону няма…
Леўчанка: Пачакайце… Каго? Што? Вы пра што?
РР: Спадарыня Надзея, Вы ўзгадайце той матэрыял, як ён быў напісаны.
Леўчанка: Пачакайце транссэксуал сам пра ўсё паведамляў, ён не патрабуе абароны.
РР: Але ён не гаварыў пра сябе тымі словамі, якімі быў напісаны матэрыял. Матэрыял напісаны абразьлівымі словамі, бо калі б я прачытаў пра сябе такі матэрыял, то я б падаў у суд. Вы, як прафэсійны журналіст, павінны разумець, што слова мае вялікае значэньне. Калі Вы з брудам зьмешваеце чалавека.
Леўчанка (павышаючы голас): Ніхто чалавека з брудам ня зьмешваў. Пра чалавека напісалі тое, які я ён ёсьць. Ты больш мы не сказалі ні прозьвішча, нічога. Карацей, займайцеся сваімі справамі, пішыце, што ў нас цудоўнага ёсьць у Рэспубліцы Беларусь. А ў нас вельмі шмат чаго цудоўнага. Калі Вы хочаце змагацца зь недахопамі, то не ў газэце «Вячэрні Магілёў» трэба змагацца, а змагайцеся наўкола нас — п’янства, наркаманія, гомасэксуалізм той жа распаўсюджваецца. Забойствы і ўсё астатняе. Да пабачэньня!
РР: А як я магу змагацца з п’янствам, з гомасэксуалізмам… Хаця я не думаю, што з гэтым трэба змагацца. Кожны чалавек сам вырашае.
Леўчанка: Ааа, гэта трэба заахвочваць?
РР: Я не кажу, што гэта трэба прапагандаваць. Але кожны чалавек мае права на сваю самаідэнтыфікацыю.
Леўчанка: Да пабачэньня. Вызначыць: хлопчык ён ці дзяўчынка — ён павінен сам. Да пабачэньня.
Гудкі.
Восеньню летась у газэце «Вечерний Могилев» зьявіўся артыкул пад загалоўкам «Упершыню ў гісторыі Беларусі пад варту ўзялі транссэксуала». У артыкуле адзначалася, што ў Магілёўскім раённым судзе разглядалася справа ў дачыненьні да грамадзяніна, якога абвінавачваюць у крадзяжы — нібыта ён скраў у суседкі бутэльку віна і 4 кіляграмы фаршу. На момант напісаньня артыкулу мужчына знаходзіўся ў СІЗА Магілёўскай турмы № 4. Менавіта там, паводле газэты, пры аглядзе нечакана выявілі, што мужчына зьмяніў пол (з жаночага на мужчынскі). Пры гэтым са спасылкай на Магілёўскі раённы суд, дзе разглядалася справа, паведамляецца ў якім годзе і дзе менавіта падсудны зрабіў апэрацыю.
Аўтары артыкулу галоўнага героя зьняважліва называюць «яно» і «плаксівай гермафрадытнай істотай» ды выказваюць заклапочанасьць тым, што ў адным доме з транссэксуалам пражываюць дзеці. Выказваецца таксама агульная перасьцярога датычная Эўрасаюзу і сэксуальных меншасьцяў:
«Сёньня за прыгожай упакоўкай пад назвай сэкс-меншасьці, якую прасоўвае і актыўна нам навязвае Эўрасаюз, хаваецца сатана і не без задавальненьня назірае, як людзі на зямлі самі сабе ствараюць друг Садом».
Як паведаміў у гэтым месяцы старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, праводзіцца дысцыплінарная праверка ў дачыненьні да судзьдзі Магілёўскага раённага суду Станіслава Леўчанкі, які залішне «шчыра» распавёў выданьню «Вячэрні Магілёў» пра суд над транссэксуалам. Станіслаў Леўчанка — муж Надзеі Леўчанкі, галоўнага рэдактара «Вячэрняга Магілёву».
Камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў 17 лютага разгледзела зварот групы грамадзян адносна гэта артыкулу і ў сваёй пастанове заявіла, што «Вечерний Могилёв» дапусьціў грубыя парушэньні журналісцкай этыкі.