Брашура: Асвятленне ЛГБТ-тэматыкі ў беларускіх СМІ 2013-2014 гг.
Ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць” у трэці раз правяла гадавы маніторынг беларускіх сродкаў масавай інфармацыі на прадмет асвятлення ЛГБТ-тэматыкі. Даследаванне ахапіла перыяд з чэрвеня 2013 г. па травень 2014 г. уключна. Маніторынгі даюць магчымасць зразумець агульны падыход беларускіх СМІ да тэмы ЛГБТ. Ён застаецца нязменным на працягу бліжэйшых год: незалежныя СМІ, як і дзяржаўныя, імкнуцца гэтай тэмы не заўважаць, але ж калі ўжо і надрукавалі нешта, то ў дзяржаўных беларускіх медыях найчасцей гэта будуць абразлівыя матэрыялы, у незалежных – нейтральныя (пераважна інфармацыйныя зацемкі пра падзеі, якія нельга абмінуць).
Gaypress, Дзіма Кармазін
Файл: Асвятленне ЛГБТ-тэматыкі ў беларускіх СМІ 2013-2014 гг.
Усе папярэднія маніторынгі выкрываюць агульныя праблемы:
- Адсутнічае сістэмнасць публікацыі матэрыялаў.
- Публікацыі “да даты”. Гэта значыць, што медыі звяртаюцца да тэмы з нагоды пэўных датаў, да прыкладу, Міжнароднага дня талерантнасці.
- Журналісты (або рэдактары) не выступаюць ініцыятарамі публікацый на тэму.
- Копіпаст копіпасту. Многа запазычанага кантэнту. Да прыкладу, артыкул рэсурса 34mag.net сустракаўся амаль ва ўсіх аналізаваных медыях.
- Парушэнне прафесійных журналісцкіх прынцыпаў. Накшталт такога: забарону Менгарвыканкамам гей-прайду каментуе апазіцыйны палітык, які не мае абсалютна ніякага дачынення да бакоў канфлікту.
Апошні маніторынг, на які спасылаемся, датычыць перыяду 06.2013 — 05.2014. Падчас правядзення дадзенага маніторынгу аналізаваліся матэрыялы 11 сайтаў. Сярод іх: “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Новы час”, “Беларускае Радыё Рацыя”, tut.by, “СБ-Беларусь сегодня”, “Радыё Свабода”, ОНТ, БТ, БелТА, “Народная газета”. Гэта агульнатэматычныя, а не нішавыя СМІ.
У выбарку трапіла 257 матэрыялаў, сярод якіх толькі 28% асвятляюць беларускую праблематыку і закранаюць беларускія пытанні. У параўнанні з мінулым перыядам колькасць “беларускіх” матэрыялаў знізілася. 185 матэрыялаў з усіх – паведамленні пра падзеі замежжа. У асноўным гэта перадрукоўкі пра падзеі, якія “нельга было не заўважыць”.