У Мінску падвялі вынікі штогадовага маніторынгу «Асвятленне ЛГБТ тэматыкі ў беларускіх СМІ»

время чтения: 2 мин

Чытаючы пра гомасексуалаў у беларускіх СМІ, часам не разумееш, плакаць альбо смяяцца. Наш маніторынг дазваляе асэнсаваць агульныя тэндэнцыі ў беларускай медыя-сферы адносна ЛГБТ-тэматыкі.

Gaypress.eu

Ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць»  прэзентавала вынікі штогадовага  маніторынгу публікацый у беларускіх медыях на ЛГБТ-тэматыку. Тут разглядаліся матэрыялы, якія закранулі як «беларускія», так і  «замежныя» пытанні.

Сёлета ў маніторынг патрапілі  182 артыкулы, знойденыя сярод 14 СМІ:

  • 72 артыкулы тычыліся тэматыкі ЛГБТ
  • у 110 артыкулах – толькі згадкі

Ў мінулым годзе агульная колькасць публікацый у маніторынгу – 257, з якіх 202 былі  на ЛГБТ-тэматыку, 55  —  згадкі. Але тады артыкулы таксама класіфікаваліся на замежную і беларускую тэматыку. «Беларускіх артыкулаў» было 72. Як бачым , зараз іх менш, – адзначае аўтар маніторынгу, журналіст Дзіма Кармазін.

 Паводле акцэнтаў сёлета са 182 артыкулаў:

  • 112 – нейтральныя
  • 10 – негатыўныя
  • 60 станоўчыя

У мінулым годзе з 72 артыкулаў менавіта з беларускай тэматыкай 27 – нейтральныя, 16 – негатыўныя, 29 – станоўчыя.

АСВЯТЛЕННЕ ЛГБТ-ТЭМАТЫКІ Ў БЕЛАРУСКІХ СМІ Ў ПЕРЫЯД 05.2014 — 05.2015 | Create infographics


Ранейшыя тэндэнцыі працягваюцца. Дзяржаўныя СМІ, як агульнанацыянальныя, так і рэгіянальныя – ігнаруюць тэматыку ЛГБТ. Прысутнічаюць матэрыялы, якія альбо ўскосна закранаюць тэматыку, альбо нейтральныя. Напрыклад, інфармацыя паводле крыніц праваахоўных органаў, што ў інтэрнэце можна патрапіць на махлярства з гей-порна.

Выключэннем тут можа быць толькі рэгіянальнае выданне «Вечерний Могилев», якое выдала цэлы шэраг (у маніторынгу 7 артыкулаў) з ярка выражаным гамафобскім кірункам.

Недзяржаўныя СМІ таксама імкнуцца абмінаць тэматыку ЛГБТ і падаваць толькі сухую інфармацыю. Як прыклад, каментар ад рэдакцыі «Наша Ніва» на форуме пад артыкулам, маўляў, на спецыялізаваных рэсурсах нас абвінавачваюць у гамафобіі, таму абмяжоўваемся інфармацыяй.

Гэта асабліва заўважна па публікацыях рэгіянальных СМІ. Напрыклад, у выданні «Гомельская праўда» гады два таму дастаткова актыўна падымалася дыскусія на тэму ЛГБТ за подпісам аднаго аўтара, цяпер матэрыялаў па тэме няма, як і няма на сайце іншых матэрыялаў з подпісам той асобы.

На сайце tut.by таксама прысутнічаюць публікацыя аднаго аўтара, і што важна, ён у сваіх публікацыях выкарыстоўвае правільны тэрмін «гомасексуал».

Гэта цікава, таму што іншыя аўтары пішуць  «гомасексуаліст», што няверна, – рэзюмуе Дзіма Кармазін.

Іншая праблема – спроба на ЛГБТ-тэматыку пісаць «гламурненька». Такія матэрыялы, напрыклад, з’яўляюцца на сайце kyky.org.

Як вынік, адзначым тэндэнцыю: тэматыка ЛГБТ у беларускіх СМІ – аўтарская. А аўтары часцей за ўсе скрываюць свае імёны.