Вадзім Крук: у КДБ пыталіся, чаму нежанаты, адкуль айфон

время чтения: 4 мин

Вадзім Крук, беларускі актывіст ЛГБТ-супольнасці, распавядае пра тое, як пазбег службы ў войску, і чым яму насалілі беларускія гамафобы. Вадзім зараз жыве ў Швецыі, дзе атрымаш палітычны прытулак. 

Gomelspring  

У 1994 У Беларусі была адменена крымінальная адказнасць для прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці. Але, разам з тым, беларускі закон  утрымлівае такі тэрміны як «мужаложоства» і «лесбіянтсва», што паказвае на ненармальны характар такіх адносінаў. Апроч адмены крымінальнай адказнасці за аднаполыя кантакты, не было спроб на заканадаўчым узроўні абараніць правы гомасексуалаў, лесбіянак, трансгендэраў, бісексуалаў.

Мы размаўляем з актывістам ЛГБТ супольнасці гамельчуком Вадзімам Круком.

Вадзім,  як ты ацэньваеш узровень цярпімасці ў грамадстве да сексуальных меншасцяў?

Апошнія выпадкі ў Гомлі паказваюць, што няма ў нас цярпімасці да геяў. Вось канкрэтны прыклад: у сакавіку была спроба парвесці вечарыну для ЛГБТ і вечарыну даволі жорстка забаранілі. Яна павінна была адбыцца ў начным клубе, была зроблена пра даплата артыстам, за арэнду. Арганізатары запрасілі людзей, але, ў апошні момант дырэктар адмовіў арганізатарам, бо, як ён сказаў, яго выклікалі ў органы і параілі адмяніць мерапрыемства.

Скажы калі ласка, а якая тэндэнцыя ў грамадстве існуе, людзі становяцца больш талерантнымі, меньш, ці застаюцца такімі самымі?

Летась, перамагла на Еўрабачанні Канчыт Вурст і пачалася масавая дыскусія ў грамадстве, у тралейбусах, спортзалях, на вуліцы, якая паказала, што всё ў нас складана. Канчыта Вурст прымусіла людзей казаць пра ЛГБТ, і тое, што абмяркоўвалася, казалася, каментавалася ў сацсетках — гэта патокі гамафобскіх выказванняў, дзе гомасексуалам адмяўлялі ў праве быць самім сабой, праве на іншы выбар. Я сутыкаўся ўвесь час з гамафобствам. Мае сябры, знаёмыя, ніхто не прызнае адкрыта сваю нетрадыцыйную арыентацыю, мала хто ведае з іх сваякоў, у сям’і, што чалавек жыве ў аднаполых адносінах. Людзі баяцца арэндаваць кватэры ў Гомлі, кажуць, што жывуць з хлапцом ці дзеўчынай, а, насамрэч, жывуць з аднаполымі людзьмі.

Такім чынам, што ўяўляе сабой жыццё чалавека з нетрадыцыйнай арыентацыяй у Беларусі?

У нас, у Гомлі няма аніводнага бара, клуба, месца для рэгулярных вечарынак для ЛГБТ. Спроб арганізаваць вечарынкі былі шмат.  Асабіста я спрабаваў правесці вечарынку ледзьве не на ўскрайку гораду ў клубе «СССР» у Навабеліцы ў 2012 годзе. Людзі баяліся ехаць, усе былі перакананы, што камеры ўсё запісваюць. Большая палова, хто браніраваў квіткі, не прыехалі. Людзі баяліся, што прыедуць, закрыюць браму, усіх арыштуюць, бо ў той час такія выпадкі былі ў Менску, таму людзі баяліся. Афіцыйна няма аніводнага гей-клуба ў краіне. У рэале няма дзе сустрэцца, пазнаёміцца з кімсьці, нават у Менску. Я ведаю, што гомельскія хлапцы едуць у Кіеў, Піцер, Маскву па знаёмствы.  У Гомлі чалавек вядзе сябе закрыта, усё хавае, прыязджае ў вялікі горад, ён выстрэльвае як спружына, перастае думаць пра бяспеку, аб выкарыстанні таго самага прэзерватыву. Такім чынам, такая закрытасць на чалавека цісне.  Потым вяртаюцца, паводзяць сябе ціха і сціпла.

Ці служыў ты ў войску?

Калі мне споўнілася 18 год і я ўсвядоміў, што не магу ісці ў войска, я пачаў даказваць афіцыйным уладам, што я — гей, што я не магу служыць і з тых часоў была зроблена пазначэнне ў маёй асабістай справе ў ваенкамаце  такім простым алоўкам: «схільнасць да гомасексуалізму» і кожны візіт у ваенкамат суправаджаўся гамафобнымі выказваннямі супрацоўнікаў і зараз нічога не памянялася, бо мне прыходзяць паведамленні ад хлапцоў з просьбай падзяліцца досведам як я змог перамагчы ваенкамат. Зараз адбываецца тое самае, тыя ж лекары, тыя ж людзі.

 А чаму ты лічыш, што гомасексуалы не павінны служыць у войску?

Гэта выбар кожнага гомасексуала, але калі ён лічыць, што яму там будзе цяжка, ён будзем там падвержаны гамафобіі, адкрыта пра сваю арыентацыю ён там казаць не можа. Багата прычын і сексуальныя і грамадскія. Зараз няма альтэрнатыўнай службы, гомасексуаліст не можа пайсці на альтэрнатыўную службу, за выключэннем, калі чалавек рэлігійны і, тады ён мае права на альтэрнатыўную службу. Я дамогся, я не служыў, але гэта было цяжка зрабіць: прыніжэнне, слёзы, скандалы. Лекары напісалі мне дыягназ —  расстройства асобы. Гэта было павольна і доўга, кожны год я атрымліваў адтэрміноўку. Гэты дыягназ, дарэчы, не дазволіў мне атрымаць пасведчанне кіроўцы, хаця гомасексуалізм і пасведчанне кіроўцы — гэта розныя рэчы. У ваенкамаце, дарэчы, былі пагрозы напісаць на маю працу, зняславіць мяне сярод сваякоў і паўсюль. Гэта былі пагрозы лекараў і работнікаў ваенкамата. Я быў вельмі напужаны.

Вадзім, наколькі арганізавана, у плане лабіявання сваіх інтарэсаў, ЛГБТ супольнасць?

Складанае пытанне. Мы арганізаваны, ёсць падтрымка арганізацый, але фактар, што даведаюцца на працы, у сям’і, сябры, вельмі негатыўна на гэтым адбіваецца. Канешне, багата людзей хацелі бы і гей парадаў тых жа самых, але голасна пра гэта казаць баяцца.

Можа праблема ў тым, што сярод вас няма смелых людзей?

Ёсць смелыя людзі, але апошнім часам яны сутыкнуліся з вялікім ціскам з боку ўладаў. Іх выклікаюць у органы, ім пагражаюць.

Можаш прывесці канкрэтны прыклад такога кшталту ціску з боку ўлады?

Мы спрабавалі зарэгістраваць рэспубліканскую арганізацыю. Дзеля гэтага неабходна ад кожнай вобласці пэўная колькасць сябраў. Арганізацыя зладзіла з’езд, пасля чаго, ўсіх удзельнікаў з’езду, выклікалі ў міліцыю, у тым ліку, і мяне. Асабіста мяне выклікалі ў кіраванне МУС па Гомельскай вобласці па вул. Калініна. Гэта было вельмі непрыемна. Дарэчы, у КДБ таксама выклікалі, задавалі ў тым ліку і пытанні асабістыя, запытваліся, чаму я не жанаты, напрыклад, чаму я вяду такі лад жыцця. Доўга распытвалі чаму ў мяне айфон, дзе я яго ўзяў, было непрыемна, гамафобна. Удзельнікі з’езда не парушалі закон, гэта нашае права быць чальцом грамадскага аб’яднання. Натуральна, пасля пераследу, нехта перадумаў уступаць у нашую арганізацыю, нехта пайшоў у падполле. Гэта было ў 2013 з працягам у 2014 годзе.

А чаго вы дамагаецеся?  Якія захады павінны быць прыняты, каб вы сябе камфортна пачувалі, што трэба зрабіць чыноўнікам?

Добра было б, каб не было, перадусім, гамафобскіх нападак у СМІ. Калі выйграла Канчыта Вурст, колькасць гамафобскіх публікацый проста здзіўляла. Эксперты казалі вельмі гамафобна. Хацелася бы, каб гомасексуалам дазвалялі збірацца недзе ў арэндаваных клубах, каб іх за гэта не выклікалі ў міліцыю, не здымалі на камеры, не пужалі паведамленнямі на працу, сям’і.  У 2012 -2013 гг. у Беларусі пачалася распрацоўка закона аналагічнага расейскаму закону «Аб абароне дзяцей ад імфармацыі, якая прычыняе шкоду непаўнагадовым». Інфармацыя пра гэты закон з’явілася на сайце прэзідэнта, закон распрацоўваўся. Я тады быў ініцыятарам кампаніі, каб сказаць не гэтаму гамафобнаму закону, я збіраў подпісы, пісалі афіцыяльныя лісты ў адміністрацыю прэзідэнта, прэм’ер міністру Мясніковічу. Мы атрымалі адказы, але яны былі ні пра што. Адзінае, было сказана, што закон будзе абараняць дзяцей ад амаральных паводзінаў. А што што такое амаральныя паводзіны? Гэта можна трактаваць як заўгодна: дзяўчына ў кароткай спадніцы для кагосьці таксама прыклад амаральных паводзінаў.

Існуе такое меркаванне, што гэй прайд парады, адкрытая актыўнасць прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці можа паспрыяць няправільнаму фармаванню сексуальнасці чалавек, ці так гэта?

Я не магу сказаць за ўсіх, але колькі я не глядзеў часопіс «Плэйбой», «Максім» ці нешта накшталт гэтага, колькі б я не наведваў топлес бары, гэта аніякім чынам не паўплывала на маю сексуальную арыентацыю.

Як ты апынуўся ў Швецыі? Гэта ўцёкі ад пераследу за ЛГБТ актыўнасць?

Мая актыўнасць прывяла да таго:  бясконцыя пагрозы, выклікі ў органы.  Я мусіў шукаць прытулак у Швецыі.