Аднаполыя шлюбы ў Беларусі: немагчымая будучыня

время чтения: 3 мин

Інтэрнэт кіпіць пытаннямі гомасэксуальнасці і аднаполых шлюбаў. Актыўнае абмеркаванне пачалося ад правядзення “Гей-прайду” ў Кіеве. Сапраўдны выбух здарыўся 26 чэрвеня, калі Вярхоўны суд ЗША прызнаў роўнасць аднаполых шлюбаў для ўсіх штатаў. У знак радасці за геяў і лесбіянак Паўночнай Амерыкі людзі з усяго свету пачалі афарбоўваць свае аватары ў сацыяльных сетках у вясёлкавыя колеры.

Журнал

Людзі, якія наважыліся на гэткі жэст салідарнасці, сутыкнуліся з даволі незычлівай рэакцыяй супольнасці. Нават у “талерантнай” Беларусі “вясёлкавых” карыстальнікаў пачалі абвінавачваць у адцягванні ўвагі ад больш важным тэмаў – Ісламская дзяржавы ці вайны ва Украіне, заклікаць адумацца – ды нават абяцаць Кару Божую.

Сярод іншых супраць роўных правоў для ЛГБТ змагаюцца людзі, якія лічаць сябе барацьбітамі за дэмакратычную і свабодную Беларусь. Для ніх пытанне роўнасці – нібыта ключавое, калі толькі роўнасць не тычыцца асобных груп людзей.

Ці стане рашэнне Вярхоўнага суда ЗША першым крокам на шляху станаўлення роўнасці ЛГБТ па ўсім свеце? І ці могуць аднаполыя шлюбы стаць рэчаіснасцю ў Беларусі?

Чаму “геям” “даліся” шлюбы?

ЛГБТ-супольнасць і іх прыхільнікі лічаць, што абмежаванне сацыяльных правоў не дапушчальнае. Гэтыя людзі спасылаюцца на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, якая выключае няроўнасць паводле расы, колера скуры, полу, мовы і іншых характарыстык. Сэксуальная арыентацыя асобна там не пазначаная – але спіс не закрыты.

Шлюб дазваляе пары разам разлічвацца па падатках, карыстацца сацыяльнай дапамогай, вызначаць пытанні спадчыны маёмасці, наведваць адзін аднаго (ці адна адну) у шпіталі і прымаць рашэнні па лекаванні ў выпадках, калі муж ці жонка становяцца недзеяздольнымі.

Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША робіць гэтыя правы даступнымі аднаполым паўночна-амерынанскім парам. Шлюб для ЛГБТ – гэта не проста жаданне публічна заявіць пра свае адносіны, гэта таксама роўнасць у сацыяльных правах, якія належаць іншым людзям па змоўчанні.

Беларускім геям і лесбіянкам на сённяшні дзень даступная толькі магчымасць “сімвалічнага шлюбу”, які, зразумела, не дае ў Беларусі ніякіх правоў. Напрыклад, калі адзін з пары патрапіць у рэанімацыю, другі не зможа яго ці яе наведваць, бо фармальна яны не ў шлюбе і не з’яўляюцца сваякі.

Што хвалюе ЛГБТ-супольнасць Беларусі?

Напрыканцы 2014 году Беларускі праваабарончы цэнтар “Ідэнтычнасць” (экс-“ГейБеларусь”) правёў даследаванне актуальных патрэбаў ЛГБТ-супольнасці. 65% рэспандэнтаў паведаміла, што для ніх з’яўляецца праблемай складанасць афіцыйнай рэгістрацыі партнёрскіх адносінаў.

Аднак найбольш актуальная праблемы – гэта непрыняцце акружэннем праз сэксуальную арыентацыю і гендэрную ідэнтычнасць (90% рэспандэнтаў!), недахоп культурных мерапрыемстваў для ЛГБТ-супольнасці (71%) і псіхалагічны дыскамфорт (68%).

Відавочна, што праблемы з легалізацыяй партнёрскіх адносінаў – важныя, аднак для ЛГБТ-супольнасці існуюць і больш вострыя пытанні. І яны патрабуюць увагі. У бліжэйшыя гады арганізацыі, якія займаюцца ЛГБТ, наўрад ці здолеюць заняцца іншай дзейнасцю, чым інфармацыйная, псіхалагічная і юрыдычная дапамога.

Складана натхніць на змаганне за свае правы тых, хто штодзень не адчувае звычайнай для гетэрасэксуалаў фізічнай бяспекі, хто непакоіцца, што яго выкінуць з працы, калі даведаюцца пра арыентацыю, хто адчувае пастаянны псіхалагічны ціск з боку знаёмых, калег і нават сям’і.

Аднаполыя шлюбы: ці ёсць перспектывы ў Беларусі?

Аднаполыя шлюбы ў нашай краіне забароненыя Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, дзе шлюб акрэслены як “дабраахвотны саюз мужчыны і жанчыны”. Змены ў Кодэкс унесці няпроста. Паводле Канстытуцыі Беларусі з падобнымі прапановамі могуць звяртацца прэзідэнт (які неаднойчы дапушчаў гамафобныя выказванні), дэпутаты Нацыянальнага сходу (меркаванне якіх, падобна, “у некаторай ступені залежыць ад меркавання прэзідэнта”), Савет Міністраў ці грамадзяне, якім нададзена выбарчае права, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек.

Найбольш верагодным падаецца апошні варыянт зменаў – аднак і ён фантастычны. Адна толькі ініцыятыўная група павінна складацца са ста чалавек. Ці набярэцца столькі незацкаваных ЛГБТ-актывістаў ва ўсёй краіне?

Беларуская ЛГБТ-супольнасць не мае падтрымкі сярод грамадства. Нацыянальная акадэмія навук сцвярджае: за аднаполыя шлюбы выступае 2,2% беларусаў (што ўтрая меней, чым у найбольш гамафобнай краіне Еўропы – Расіі).

ЛГБТ-актывісты лічаць даследаванне НАН некарэктным, а эксперт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Сяргей Нікалюк заўважае, што калі сфарміраваць пытанне згодна з патрабаваннямі сацыялагічных даследаванняў, “станоўчых адказаў будзе больш, хоць і не істотна”.

Ёсць, канешне, магчымасць звернуцца ў Канстытуцыйны суд, але і пра незалежнасць судоў у Беларусі казаць складана. Ці магчыма, каб суд пайшоў супраць палітыкі дзяржавы, а дакладней – выказванняў прэзідэнта (“Ладно, женщинам лесбиянство я прощаю. Но голубизну мужикам — никогда в жизни”, «Пока я президент, не будет тут однополых браков! Народ это не приемлет!», “Лучше быть диктатором, чем голубым”)?

Сёння рана думаць пра легалізацыю аднаполых шлюбаў у краіне.

Нават для шырокага абмеркавання гэтай тэмы грамадства павінна прайсці доўгі шлях талерантнасці.

ЛГБТ-супольнасць мае значна больш вострыя праблемы для вырашэння – вербальная і фізічная агрэсія, выкліная стаўленнем да сэксуальнай арыентацыі, дыскрымінацыя ЛГБТ на працоўных месцах і ў дзяржаўных ворганах. Пакуль яны не будуць вырашаныя, немагчыма будзе заняцца праблемай легалізацыі аднаполых стасункаў, бо апынецца, што за ніх выступяць толькі ЛГБТ-актывісты. Нават самі геі і лесбіянкі, верагодна, не падтрымаюць ініцыятыву, бо будуць баяцца за сваю працу, сям’ю, здароўе і жыццё.

Для ўвядзення аднаполых шлюбаў у Беларусі патрэбная перад усім палітычная воля, якая цяпер адсутнічае. І нават так званыя дэмакраты яшчэ тысячу разоў падумаюць перад тым, каб агучыць такую праванову.

У ЗША ад першага зарэгістраванага аднаполага шлюбу да рашэння Вярхоўнага суда прайшло 11 гадоў. Пра тое, колькі спатрэбіцца Беларусі, адказаць складаней, чым выйграць у супер-лато.