Зайздрасьць да клітара
Наўрад ці можна знайсьці хоць адну сфэру жыцьця жанчыны, якую не спрабавалі б кантраляваць дзяржава, рэлігія і шырокая грамадзкасьць увогуле. Але жаночая сэксуальнасьць займае асаблівае сьвяшчэннае месца ў гэтай маніі татальнага кантролю.
Радыё «Свабода», Наста Захарэвіч
Вы калі-небудзь чулі (па-за строга мэдычным кантэкстам) мужчынскі аналяг паняцьцю «німфаманка»? Я — не. І наўрад ці калісьці пачую, бо ў масавым уяўленьні сэксуальнасьць мужчыны — натуральная рэч, прыродны інстынкт і высокамаральная зьява. Іншая справа — сэксуальнасьць жаночая.
Жанчына з высокім ўзроўнем лібіда — няправільная, брудная і разбэшчаная. Жаночая справа — нараджаць дзяцей. Тое, што нараджэньню папярэднічае цяжарнасьць, а цяжарнасьці папярэднічае палавы акт, ня надта ўмяшчаецца ў карціну нібыта ідэальнага сьвету.
У найлепшых традыцыях «масавай шызафрэніі» жанчын пазбаўляюць права мець сэксуальныя жаданьні і адначасова з гэтым робяць цалкам адказнымі за сэксуальнае жыцьцё ўсяго чалавецтва. Калі кіраўнік Каардынацыйнага цэнтру мусульманаў Паўночнага Каўказу заявіў, што ўсім жанчынам у сьвеце трэба выразаць клітар, ён абгрунтаваў гэта клопатам за маральнасьць чалавецтва. Жанчыны, такім чынам, прызнаюцца першапачатковымі крыніцамі сэксуальнасьці і нібыта ініцыятаркамі (чытай правакатаркамі) любой сэксуальнай актыўнасьці. І нас трэба абавязкова пазбавіць гэтага статусу. Нас трэба скалечыць, і тады распуста ў сьвеце адразу зьнікне.
Я не разумею, чаму гэты чалавек так не паважае мужчын, што лічыць іх абсалютна няздольнымі прымаць асэнсаваныя рашэньні. Няўжо ён мяркуе, што мужчыны настолькі слабыя і безабаронныя, што ня маюць аніякіх шанцаў супрацьстаяць усепаглынаючай жаночай сэксуальнасьці? Як жанчына, прапаную лічыць гэта камплімэнтам. Праблема толькі ў тым, што за гэтым камплімэнтам стаіць жаданьне нас скалечыць.
Прыкрывацца размовамі пра традыцыі вельмі зручна. Чым даўжэй існуе ў чалавечай культуры пэўная зьява, тым больш легітымнай яна лічыцца. Але выразаньне вонкавых жаночых палавых органаў з мэтай зьнішчэньня сэксуальнасьці — ня форма перадачы культурнага досьведу, а жорсткае катаваньне, якое не павінна і ня можа быць нічым апраўдана. Паліткарэктнасьць не распаўсюджваецца на антыгуманныя народныя звычаі і рэлігійныя практыкі.
Дзяржава як інстытут таксама спрабуе кантраляваць жаночую сэксуальнасьць, і найбольш пасьпяхова ў яе атрымліваецца гэта рабіць праз сыстэму аховы здароўя. Усё пачынаецца з таго, што ў сучаснай гінэкалёгіі паняцьце сэксуальнасьці фактычна адсутнічае, а ўсе праблемы, зьвязаныя з функцыянаваньнем палавых органаў разглядаюцца выключна ў кантэксьце рэпрадукцыйнага патэнцыялу. Сэксуальнае жыцьцё традыцыйна асэнсоўваецца ў двух кантэкстах — цяжарнасьць і інфэкцыі, што перадаюцца палавым шляхам. Задавальненьне? Якое яшчэ задавальненьне? Сэксуальнае жыцьцё павінна асацыявацца ў жанчыны выключна з адказнасьцю, і тут няма месца сантымэнтам.
— РБ головного мозга (@belamova) 19 августа 2016 г.
Безумоўна, для вырашэньня ўласна сэксуальных праблем існуюць іншыя мэдыцынскія спэцыяльнасьці — сэксалёгія і сэксапаталёгія. Але у гінэкалёгіі тэма сэксуальнасьці ня проста ігнаруецца, яна там нярэдка абясцэньваецца і ўспрымаецца як штосьці бруднае і нявартае. Шмат каму даводзілася чуць абразлівае «як у ложку, дык не балюча было, а тут чагосьці ныеш».
У лістападзе летась у Берасьцейскай гімназіі № 1 праводзіўся трэнінг з 10-клясьніцамі на тэму «Рэпрадукцыйнае здароўе і адказныя сэксуальныя паводзіны дзяўчат». Я ветліва запыталася на сайце, калі можна чакаць аналягічнага мерапрыемства для хлопцаў, і цяпер там нельга пакідаць камэнтары да запісаў.
Калі я вучылася ў школе і ў маёй клясе праводзілі размову «пра гэта», прысутнічалі таксама толькі дзяўчаты. І не, нам нічога не казалі ні пра асабістыя межы, ні пра мэтады кантрацэпцыі. У праграме быў расповед пра інфэкцыі, незаплянаваную цяжарнасьць, непрыстойнасьць і амаральнасьць раньняга сэксуальнага жыцьця. Іншай, асобнай размовы з хлопцамі не было. А навошта?
Шмат гадоў таму Зыгмунд Фройд спрабаваў пераканаць сьвет у тым, што ўсе жанчыны адчуваюць незадаволенасьць уласнымі геніталіямі і зайдросьцяць наяўнасьці ў мужчын пэніса. Сьвет даў сябе пераканаць даволі ахвотна — гэтая канцэпцыя адкрывала вялікую прастору для абясцэньваньня жаночых жаданьняў і пачуцьцяў. Праз дзесяцігодзьдзі дасьледаваньні Мастэрса і Джонсан рэабілітавалі ідэю актыўнай жаночай сэксуальнасьці і абверглі шматлікія ідэі Фройда як недаставерныя.
Клітар — адзіны чалавечы орган, функцыяй якога зьяўляецца выключна атрыманьне задавальненьня. Прапануючы масавае ягонае выразаньне, кіраўнік Каардынацыйнага цэнтру мусульманаў Паўночнага Каўказу кажа пра зьнішчэньне распусты і хваляваньне за маральнае аблічча чалавецтва. Але давайце называць рэчы сваімі імёнамі — ён жа нам проста зайздросьціць.