Большасць нас ненавідзіць: Краіна, дзе могуць забіць за «не тую» сексуальную арыентацыю
Гарадзенка Вікторыя сустрэлася з карэспандэнтам «Белсату», каб распавесці пра тое, як жывуць у Беларусі людзі з гомасэксуальнай арыентацыяй.
Мікалай Дзямідаў, belsat.eu
Вікторыя — 24-гадовая дзяўчына. Два гады таму яна скончыла гарадзенскі універсітэт імя Янкі Купалы, атрымала спецыяльнасць у галіне турызму і цяпер працуе ў прыватнай фірме. Аказваецца, Горадня мае шмат асаблівых месцаў, дзе збіраюцца гомасексуалы. Ёсць яшчэ і іншае пытанне: як да такіх людзей ставіцца сям’я, сябры, калегі?
Першую сваю дзяўчыну Вікторыя сустрэла на сайце знаёмстваў «Мой мір». «Увогуле такое практыкуецца вельмі часта сярод прадстаўнікоў ЛГБТ, — адзначае суразмоўца. — Менавіта тады мая першая дзяўчына і ўвяла ў асяродак гарадзенскіх нетрадыцыялаў».
Дзе тусаваліся гарадзенскія гомасексуалы?
Для Вікторыі стала сапраўдным адкрыццём, што ў Горадні ёсць шмат месцаў, дзе могуць бавіць свой вольны час геі і лесбіянкі — гэта быў клуб-більярдная«Пушкін». Менавіта там ЛГБТ-гарадзенцы знаходзілі сваё каханне або проста партнёраў.«Сярод нашай тусоўкі стасункі былі ў кожнага амаль з кожным. І гэта ўспрымаецца нармальна! Няма ніякіх крыўдаў ці рэўнасці!», — кажа Вікторыя.
Другая ўстанова, дзе ладзіліся закрытыя вечарыны, была кавярня «Тарас Бульба» (цяпер у гэтым будынку кавярня «Арыгінал), што знаходзіцца на рынку «Паўднёвы»: «Аднойчы нават прыбіральні пазачынялі на ключ, каб наведнікі там не займаліся каханнем». — адзначае Вікторыя.
ЛГБТ-асобы, па словах Вікі, адзін час нават хадзілі ў клуб «Эпалет», але хуткая дэградацыя забаўляльнай пляцоўкі і павялічаная канцэнтрацыя гарадзенскіх «гопнікаў» распужала такую кліентуру.
«Бабуля і дзядуля лічылі мяне беснаватаю»
«Што да сям’і, дык тут усё было нашмат складаней. Бабуля з дзядулям ледзь не адракліся ад мяне, калі я распавяла ім аб сваёй арыентацыі. Надта яны ў мяне рэлігійныя. Думалі, што ў мяне ўсяліўся дʼябал, нават выклікалі бацюшку, але той аказаўся адэкватным чалавекам, выслухаў мяне ды нават не стаў пераконваць». — расказвае Віка. А вось маці Вікторыі больш 10 год жыве ў Заходняй Еўропе, дзе пазнаёмілася і сустракаецца з андрагінам. «Але хачу Вас запэўніць, што выбар маёй мамы ніяк не паўплываў на маю арыентацыю». — робіць заўвагу Віка.
«Гэта асабісты выбар кожнага»
Агульная карціна для гомасексуалаў у Беларусі выглядае даволі песімістычна: «Большасць нас ненавідзяць! Нават прэзідэнт праз тэлебачанне прыніжае! За тое, што ты гей ці лесбіянка можна наўпрост атрымаць па галаве! Узгадайце сітуацыю з Мішам Пішчэўскім, які памёр пасля таго, як яго гопнік збіў пад клубам. Такое можа здарыцца з кожным з нас».
На яе думку, беларусы яшчэ не гатовыя ўспрыняць людзей з іншай сексуальнай арыентацыяй: «Чаму? Бо куды не глянь а на нас бруд льецца. Ды і для грамадскасці мы выглядаем як людзі з парушэннямі ў мазгах. Я ніколі не дэманструю сваю арыентацыю, бо раней узнікалі праблемы. Напрыклад на працы адна калега даведалася пра маю схільнасць да дзяўчат і пасля гэтага поўнасцю перастала са мной кантактаваць».
Цяпер Вікторыя жыве разам з каханай, працуе і пабывала на летнім адпачынку ў Заходняй Еўропе, куды хутка перабярэцца жыць. А яшчэ заклікае беларусаў пазбавіцца комплексу нянавісці да ЛГБТ: «Гэта асабісты выбар кожнага, мы ж нікому не навязваем сваёй пазіцыі і не робім нічога кепскага. Давайце жыць у міры і згодзе».