Украіна адмовілася даць палітычны прытулак арганізатару беларускага гей-парада Эдуарду Тарлецкаму
Украіна адмовілася даць палітычны прытулак арганізатару гей-марша ў Беларусі, грамадскаму актывісту Эдварду Тарлецкаму.
Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах суда, перадаюць «Украінскія Навіны».
У верасні 2016 Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны (ДМСУ) адмовілася прызнаць яго ўцекачом або асобай, якая патрабуе дадатковай абароны. Тарлецкі звярнуўся ў Акруговы адміністрацыйны суд Кіева з пазовам да ДМС.
Ён пакінуў Беларусь і з’ехаў ва Украіну 4 жніўня 2009 года. З заявай аб прадастаўленні палітычнага прытулку Тарлецкі звярнуўся 5 мая 2016.
У сваёй анкеце ён паказаў, што быў вымушаны пакінуць сваю краіну па палітычных і сацыяльных прычынах, паколькі арганізоўваў гей-прайд у Мінску і выступаў супраць дыскрымінацыі сэксуальных меншасцяў.
«Пазоўнік паказаў, што ён быў адпраўлены ў псіхіятрычную лякарню з дыягназам шызафрэнія праз тое, што ён працаваў травесці-дзівай у клубах», — гаворыцца ў судовым рашэнні.
Міграцыйная служба не знайшла падстаў для прадастаўлення Тарлецкаму статусу бежанца. Ён абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе.
Суд не знайшоў доказаў прымусовых мер медыцынскага характару актывіста ў псіхіятрычнай установе, а таксама пацвярджэнняў распачатых крымінальных спраў супраць яго ў Беларусі.
Акрамя таго, Міграцыйная служба паказала ў судзе, што пазоўнік зарабляе ва Украіне, паколькі выступае ў якасці травесці-дзівы пад псеўданімам Мадам Жу-Жу.
«Зыходзячы з вышэй сказанага, суд прыйшоў да высновы, што пазоўнік добраахвотна пакінуў краіну ў пошуках лепшай долі і імкнецца павысіць узровень матэрыяльнага дабрабыту і палепшыць умовы працы і свой узровень жыцця», — вырашыў суд.