Гэтая пара збіраецца пабрацца шлюбам у кожнай краіне, дзе гэта законна
Квір-пара плануе наведаць кожную краіну, дзе аднаполыя пары могуць ажаніцца законна, каб у кожнай з іх пабрацца шлюбам і адсвяткаваць вяселле.
Паводле плану наступныя паўтары гады Флёр П’ерэ і Джуліян П. Боом будуць ездзіць па свету, каб пабрацца шлюбам у кожнай краіне, дзе гэта дазволена законам.
Праект быў названы «22», бо менавіта столькі краінаў увялі роўныя правы на шлюб, але сітуацыю для пары ўскладніла нядаўняя легалізацыя аднаполых шлюбаў у Германіі і Мальце.
Жаночы артыстычны дуэт цяпер падоўжыў сваю паездку, каб паспець наведаць дзве дадатковыя краіны, а разам – 24. Выправа можа яшчэ больш расцягнуцца, калі ў гэтым годзе за роўнасць прагаласуе Аўстралія.
Іх першая цырымонія заключэння шлюбу пройдзе ў Нью-Ёрку ў наступным месяцы, а апошняе вяселле праекта запланаванае на больш чым праз год у Новай Зеландыі ў кастрычніку 2017 года.
Яны наведаюць самыя розныя краіны па ўсім свеце, якія забяспечваюць роўныя правы ў шлюбе – ад Калумбіі да Канады, ад Паўднёвай Афрыкі да Швецыі.
Пара, якая ўпершыню пабралася шлюбам у Бельгіі ў 2012 годзе, патлумачыла: «22 – гэта арт-праект, які расказвае пра эвалюцыю і аптымізм. Капсула часу, якая імгненна рэагуе на магчымасць зменаў.
Калі гаворка ідзе пра гендэрную роўнасць і правы чалавека, гэта адлюстроўвае дух часу нашага свет, які ўвесь час мяняецца.
«22 адзначае месцы, у якіх легалізаваныя аднаполыя шлюбы, і падкрэслівае, што гэта трэба будзе зрабіць яшчэ ў 170 краінах.
Пры цяперашніх тэмпах мы дасягнем глабальнага прызнання аднаполых шлюбаў у 2142 годзе. Гэта праз 125 гадоў, так што давайце паглядзім, ці можна прымусіць гэты працэс ісці трохі хутчэй».
Пра назву праекта, якая рэзка перастала быць актуальнай, яны дадалі: «Назва нашага праекта – 22 – паказвае, што свет знаходзіцца ў пастаянным руху.
Мы будуем капсулу часу, якая імгненна рэагуе на магчымасць зменаў, і мы самі ня ведаем, колькі краін нам прыйдзецца наведаць або дадаць на працягу 18 месяцаў гэтага праекту.
Мы спадзяемся, што наведаем нашмат больш, бо праект выходзіць за межы чыста артыстычнага.
Праект «22» можа павысіць узровень абазнанасці, што можа прывесці да змены законаў і прадстаўлення людзям роўных магчымасцяў, якіх яны заслугоўваюць».
Пара дадала: «Захапляючыся гендэрам, ідэнтычнасцю і супольнасцямі, мы практыкуем тое, што грунтуецца на спазнанні і функцыянуе як люстэрка, у якім гледачы могуць сутыкнуцца з рознымі ідэалогіямі або перакананнямі.
Калі казаць пра гендэрную роўнасць і вобразы геяў у мэйнстрымнай гісторыі мастацтва, мы працуем над пашырэннем культурнай абазнанасці.
У канцы праекта будзе выстаўлена арт-відэа інсталяцыя.»
«У рамках перформансу, мы пабярэмся шлюбам у наступных краінах: Аргенціна, Бельгія, Бразілія, Германія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Канада, Калумбія, Люксембург, Мальта, Мексіка, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Нарвегія, Партугалія, Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Уругвай, Фінляндыя, Францыя, Швецыя, Паўднёвая Афрыка”.