Асэксуальная мадэль Ясмін Бенуа пра стэрэатыпы асэксуальнасці
«Асэксуальных людзей і так амаль не бачна, не кажучы ўжо пра асэксуальнага чалавека з чорным колерам скуры».
Ясмін Бенуа – арамантычная і асэксуальная мадэлька ды актывістка, якая ламае стэрэатыпы пра асэксуальнасць.
Яна гаварыла з PinkNews пра ўспрыняцце асэксуальнасці як выключна белай з’явы, пра тое, што як характарызуюць яе людзі, і пра тое, што A ў абрэвіятуры ЛГБТКІА не азначае «Альянт».
Адкуль ты ведаеш, што ты асэксуалка?
«Ніколі не было такога, каб я не лічыла сябе асэксуалкай», – адказала Ясмін.
Калі мне было каля васьмі гадоў, ва ўсіх маіх аднакласнікаў у пачатковай школе пачалі кіпець гармоны, і раптам хлопчыкам сталі падабацца дзяўчынкі, а дзяўчынкам хлопчыкі. А я думала, ну добра, а што гэта з імі?
Па змоўчанні я ўспрымаюся як гетэрасэксуалка, то бок, калі мяне пытаюцца, я магу сказаць, што я гетэрасэксуалка, але я не люблю хлопцаў. А яны мне: “Тады, хутчэй за ўсё, ты не гетэрасэксуалка”.
Пыталіся: «То бок табе падабаюцца дзяўчыны?» А я адказвала, што не, мне ніхто не падабаецца. А яны мне: «Ну можа ты асэксуалка ці нешта такое?»
Я прагугліла, і зразумела, што так, нешта ў гэтым родзе. Я пачала карыстацца гэтым тэрмінам калі мне было 14».
Як людзі рэагуюць, калі ты адкрыта пазіцыянуеш сябе асэксуалкай?
Ясмін часта чуе каментары пра асэксуальнасць ад недасведчаных людзей, якія памылкова лічаць, што яна проста яшчэ «не знайшла правільнага чалавека».
Яна сказала PinkNews, што ў большасці выпадкаў у дачыненні да яе прыватнага жыцця людзі проста выказваюць уласныя інтэрпрэтацыі.
«Калі я кажу, што я асэксуалка, то мне ў адказ: «Ой, ты проста добра выхаваная».
«Гэта не мае нічога агульнага са сціпласцю, гэта не мае нічога агульнага з няўпэўненасцю, антысацыяльнасцю і інтравертнасцю.
Гэта не мае нічога агульнага з тым, як ты выглядаеш – як раз пра гэта мне шмат кажуць: «Ой, ты так добра выглядаеш, табе не трэба быць асэксуалкай», з чаго я раблю выснову, што людзі думаюць, што ёсць нейкі тыповы вобраз асэксуала, і што ён не вельмі добры, а таксама, што асэксуальнасць – гэта выбар, які людзі робяць, калі іх не запрашаюць на спатканні ці ніхто не хоча зацягнуць іх у ложак».
Што табе падабаецца ў тым, што ты асэксуалка?
«Адна з перавагаў асэксуальнасці, безумоўна, у тым, што табе не трэба турбавацца – калі ты арамантык – ты сапраўды не турбуешся пра адносіны», — сказала яна.
«Я ведаю, што некаторыя асэксуальныя людзі турбуюцца пра гэта, але ў мяне няма такой праблемы».
Ці цяжка быць асэксуалкай?
«Я лічу, што вельмі важную ролю іграе прадстаўленасць. Увогуле супольнасць ЛГБТКІА+ часта ўспрымаецца як выключна «белая»», – патлумачыла Ясмін.
«Для супольнасці, якая мусіць быць максімальна інклюзіўнай і разнастайнай, гэта не толькі іранічна, гэта не адпавядае рэальнасці, гэта контрапрадуктыўна для меншасцяў, якія ў гэту супольнасць уваходзяць. Супольнасць ЛГБТКІА+ часта ўспрымаецца як «белая», што зусім не ў плюс, калі чалавек збіраецца здзейсніць «камінг-аўт», але яго не ўспрымаюць сур’ёзна, бо гэта толькі штука для «белых дзетак»».
«Нават прадстаўнікі супольнасці ЛГБТКІА часта не ўжываюць «А», або думаюць, што «А» абазначае «альянты»».
«Я часта заўважаю, што ў арганізацыях або ў сродках масавай інфармацыі людзі клапоцяцца толькі пра ЛГБТ, і хоць яны і ставяць плюс у канцы, яны на самой справе не прызнаюць гэты «плюс».
Але як я гэта разумею, размова ідзе пра супольнасць, адрозную ад гетэрасэксуальнай супольнасці, яна павінна быць для людзей, якія не адпавядаюць крытэрыям гетэрасэксуальнасці, яна павінна быць інклюзіўнай».