Сайт праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць» паведамляе, што да іх патрапіў дакумент за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Паўла Лёгкага ад 2 траўня 2019 года. У ім паведамляюцца вынікі працы Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці / адсутнасці ў ёй праяў экстрэмізму.
Праца камісіі была арганізавана па заяве ЛГБТ-актывіста з Маладзечна Валянціна Цішко. Раней Валянцін накіраваў у ведамства зварот са спісам з 14 публікацый «Вечернего Могилева» на тэму ЛГБТ, і прасіў праверыць іх на наяўнасць незаконнай інфармацыі. У двух артыкулах з чатырнаццаці эксперты знайшлі праявы экстрэмізму.
«Дадзенае экспертнае заключэнне накіравана ў праваахоўныя органы для вырашэння пытання аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 17.11 КоАП Беларусі», — паведамляе Павел Лёгкі.
Публікацыі «Судный день. Лиричных чувств натянутые струны…» и «Во что выливается нетерпимость к извращениям», у якіх экспертная камісія знайшла прыкметы экстрэмізму, усё яшчэ знаходзяцца ў адкрытым доступе. Пасля рашэння суда яны могуць трапіць у рэспубліканскі спіс забароненых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да гэтага часу ў гэтым спісе няма ні адной публікацыі афіцыйна зарэгістраванага ў Беларусі СМІ.
Газета «Вечерний Могилёв» неаднаразова займала першыя пазіцыі па распаўсюджванню мовы варожасці ў байнэце ў маніторынгах ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».