Аднаполы сэкс дэкрыміналізаваны ў Батсване
Вярхоўны суд Батсваны агучыў сваё рашэнне скасаваць прававыя нормы, якія крыміналізуюць аднаполы сэкс. Гэта важная перамога мясцовых ЛГБТ-актывістаў.
“Дыскрымінацыя любога прадстаўніка грамадства з’яўляецца дыскрымінацыяй усіх”, — заявілі суддзі пасля адзінагалоснай падтрымкі зменаў артыкула 164 Крымінальнага кодэкса Батсваны, паводле якога за анальны і аральны сэкс магчыма было патрапіць у турму на тэрмін да сямі год.
Адмена артыкула Крымінальнага кодэкса наўпрост дыкрыміналізуе гомасэксуальнасць
Зачытаўшы вердыкт, вярхоўны суддзя Лебару падкрэсліў: “Дэмакратычная нацыя грунтуецца на паняццях талерантнасці, разнастайнасці і непрадузятасці… Грамадская інклюзія з’яўляецца падмуркам для перамогі над беднасцю і садзейнічання ўсеагульнаму росквіту”.
Лебару дадаў, што крыміналізацыя аднаполых сэксуальных паводзінаў “не адпавядае грамадскім інтарэсам”. “Які важны грамадскі інтарэс патрабуе існавання падобнага закона?” — задаўся рытарычным пытанне вярхоўны суддзя Батсваны.
“Калі маргіналізуюцца групы меншасцяў, церпіць чалавечая годнасць”, — заявіў Лебару.
Хадайніцтва аб унясенні зменаў у Крымінальны кодэкс Батсваны было ўнесена ананімным геем, пра якога вядомыя толькі ягоныя ініцыялы – Л.М. У пісьмовай заяве, якую ён падаў у Вярхоўны суд сваёй краіны ў сакавіку 2019 года, змяшчалася скарга на тое, што законы абмяжоўваюць ягонае права “на ўзаемадзеянне з іншымі, хто мае падобную ідэнтычнасць, з-за страху турэмнага зняволення”.
“Мы не хочам, каб людзі пагаджаліся з гомасэксуальнасцю, але просім быць талерантнымі”, дадаў заяўнік.
Вярхоўны суд у Габаронэ адклаў слуханні па зменах у Крымінальным кодэксе ў сакавіку, каб актывісты маглі больш дасканала вывучыць адпаведныя прававыя нормы. Канчатковы вердыкт быў прыняты па выніках аднадзённых слуханняў 11 чэрвеня 2019 года.
Законы, скіраваныя супраць геяў, існавалі ў Батсване, пачынаючы з 1965 года, і з’яўляліся рудыментам з брытанскага каланіяльнага мінулага гэтай краіны. Аднак з цягам часу грамадскія настроі тут пачалі паступова змяняцца.
У 2016 годзе Апеляцыйны суд Батсваны пастанавіў, што рашэнне ўрада гэтай краіны адмовіць у рэгістрацыі арганізацыі, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, не было правамоцным.
Вердыкт Вярхоўнага суда Батсваны кардынальна змяняе жыццё людзей ЛГБТ у гэтай паўднёваафрыканскай краіне да лепшага. У прыватнасці, дзякуючы гэтаму рашэнню, яны адцяпер змогуць без боязі звяртацца па медыцынскую дапамогу. Шмат для каго гэта магчымасць будзе жыццёва важнай, бо Батсвана з’яўляецца адным з лідараў па колькасці ВІЧ-пазітыўных людзей у свеце. Інфекцыя закранула 22,8% дарослага насельніцтва гэтай краіны.
Судовы вердыкт у Батсване з’яўляецца асабліва значным пасля рашэння Вярхоўнага суда Кеніі пакінуць санкцыі за аднаполы сэкс у Крымінальным кодэксе гэтай краіны, прынятага 24 сакавіка 2019 года.
Прагрэсіўны крок Вярхоўнага суда Батсваны паказвае, што гэтая краіна вырашыла ісці па слядах суседняй Анголы, дзе аднаполы сэкс быў дэкрыміналізаваны 23 студзеня 2019 года, і з’яўляецца істотнай перамогай мясцовых праваабаронцаў ЛГБТ+.
Паводле: https://www.pinknews.co.uk/2019/06/11/botswana-decriminalises-gay-sex/