Еўрапейская авіякампанія ўпершыню пазначае небінарнасць

время чтения: 2 мин

Італьянская авіякампанія Air Italy адцяпер дазваляе пасажырам выбіраць небінарнасць падчас браніравання пералёту. Такая опцыя з’явілася ўпершыню для пасажыраў у Еўропе.

United Airlines сталася першай авіякампаніяй у ЗША з магчымасцю выбару небінарнасці падчас броні квіткоў у сакавіку 2019 года. .

Авіяпасажыры ў Італіі цяпер змогуць выбіраць ‘X’, абіраючы пол падчас броні авіяквіткоў, а таксама ‘M’ ці ‘Ж’. Гендарна нейтральны зварот “Mx” быў таксама далучаны да адпаведнага спісу.

“Рашэнне такой прэстыжнай авіякампаніі як Air Italy інвеставаць сродкі і час дзеля таго, каб сфакусавацца на інклюзіі – добры прыклад да пераймання для іншых”, — заўважыла генеральны сакратар найбуйнейшай ЛГБТ+ арганізацыі гэтай краіны Габрыэла П’яцоні ў заяве, якая з’явілася пасля пашырэння абвесткі авіякампаніяй.

“Прагрэс у грамадстве краіны залежыць не толькі ад яе законаў, але і ад таго, якім чынам прыватны сектар праводзіць у жыццё антыдыскрымінацыйныя ініцыятывы, якія зважаюць на існаванне шырокай разнастайнасці”, — дадала спадарыня П’яцоні.

Аднак варта заўважыць, што небінарная опцыя даступная толькі для тых, хто мае адпаведную дакументацыю – напрыклад, пазнаку ‘X’ у пашпарце, якая яшчэ не так шырока распаўсюджана.

Пяць штатаў у ЗША прапануюць небінарную опцыю ў афіцыйнай дакументацыі

Гэтыя змены падобныя да тых, што ўводзяцца  ў Злучаных Штатах, дзе найбуйнейшыя авіякампаніі плануюць дазволіць небінарным людзям абіраць гендарны статус ‘X’ для палётаў, калі яны маюць такую пазнаку ў дакументах для падарожжаў.

Варта заўважыць, што пяць штатаў у ЗША дазваляюць выбіраць гендарны статус ‘X’ у пашпартах і іншых асабістых дакументах.

Актывісты ў Вялікабрытаніі заклікалі грамадскасць да юрыдычнага прызнання небінарных людзей падчас слуханняў па перспектывах рэфармавання Закона аб прызнанні гендару, якія адбываліся ў 2018 годзе. Патэнцыйныя змены паспрыяюць унармаванню працэсу юрыдычнай змены гендару трансгендарнымі людзямі, а таксама нададуць прававы статус гендарна небінарным людзям.

Петыцыя з заклікам да ўраду Вялікабрытаніі ўвесці гендарны статус ‘X’ у дакументах для падарожжаў была падпісаная больш як 16000 падданымі гэтай краіны. У адказ на хадайніцтва 11 красавіка 2019 года ўрад паабяцаў узяць дадзеную петыцыю за аснову сваёй далейшай палітыкі ў гэтай сферы.

У Беларусі гендарны статус небінарных людзей не прызнаецца паводле закону. Спробаў з боку грамадскіх актывістаў замацаваць гэты статус у прававым полі дагэтуль не прадпрымаліся.

 

Паводле: https://www.pinknews.co.uk/2019/06/07/european-airline-non-binary-gender-option-first-time/