Забарона на дыскрымінацыю

время чтения: 2 мин

Апазіцыя ў Нямеччыне жадае замацаваць у Канстытуцыі “сэксуальную ідэнтычнасць”.

“Сэксуальная ідэнтычнасць” мусіць стаць важкім паняццем у забароне дыскрымінацыі і быць замацаванай у Асноўным законе Нямеччыны. Гэтага патрабуюць “Зялёныя”, Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) і партыя “Левая”.

“Зялёныя”, партыя “Левая” і СвДП запатрабавалі замацавання ў Канстытуцыі “сэксуальнай ідэнтычнасці” як далейшага кроку ў забароне на дыскрымінацыю. Бундэстаг (парламент Нямеччыны – заўвага рэд.) у мінулую пятніцу ўжо разглядаў у першым чытанні законапраект, пасля прыняцця якога мусіць быць дапоўнены абзац 3 артыкула 3 Асноўнага закона краіны.

Дзякуючы гэтаму, як гаворыцца ў абгрунтаванні такога кроку, праз 70 гадоў пасля прыняцця Канстытуцыі мусіць атрымаць канкрэтную абарону апошняя пераследаваная нацыянал-сацыялістамі група людзей. Законапраект накіраваны для далейшага ўзгаднення ў Камітэт па правах і абароне спажыўцоў.

Падчас унясення зменаў у Канстытуцыю ў 1994 годзе згаданае дапаўненне было амаль унесена, але на той час яно не атрымала падтрымкі неабходных дзвюх трацінаў (патрэбнай большасці) ад колькасці дэпутатаў бундэстагу.

Пад паняццем “сэксуальная ідэнтычнасць” у законапраекце разумеецца “працяглы досвед эмацыйнай, рамантычнай ці сэксуальнай цягі да пэўнага ці розных палоў (гендэраў). Палавая ідэнтыфікацыя ў змесце артыкула 3 ужо маецца на ўвазе праз расшыфроўку паняцця полу, адзначаецца далей. Гэта істотна паспрыяла паляпшэнню прававой сітуацыі геяў, лесбіянак і бісэксуалаў.

Закіды супраць гомасэксуалаў усё яшчэ ёсць

Як адзначаецца ў прэамбуле законапраекта, лад жыцця гомасэксуалаў усё яшчэ натыкаецца на забабоны, якія цяжка пераадолець праз наяўнасць прававой і сацыяльнай дыскрымінацыі. Па словах дэпутата бундэстага Енса Брандэнрбурга ад СвДП, “палітычная радыкалізацыя ў Нямеччыне і па ўсім свеце дэманструе, наколькі безабароннымі могуць быць натуральныя правы меншасцяў”. Заканадаўца таму і не пакінуў сумневу ў неабходнасці канстытуцыйнай абароненасці сэксуальнай ідэнтычнасці. А прадстаўніца партыі “Левая” Дорыс Ахельвільм дадала: “У Нямеччыне, у Еўропе і па ўсім свеце пры ўсіх дасягненнях і станоўчых момантах узмацняюцца рэакцыйныя высілкі, накіраваныя супраць правоў ЛГБТІ-супольнасці. Таму неабходнай з’яўляецца абарона сэксуальнай ідэнтычнасці на канстытуцыйным узроўні”.

Уле Шаўвс ад “Зялёных”канстатаваў, што “дагэтуль, як і раней, маюць месца гамафобія, варожасць і дыскрымінацыя ў дачыненні да лесбіянак, геяў і бісэксуалаў”. Ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) прапанову падтрымлівае дэпутат з Берліну Ян-Марка Лучак. “Пашырэнне артыкулаў, накіраваных на раўнапраўе, сталася б яскравым прызнаннем адкрытага і свабоднага грамадства, да якога, безумоўна, належаць прадстаўнікі ЛГБТІ-супольнасці, у якім яны маглі б жыць без страху і быць свабоднымі ад дыскрымінацыі, — упэўнены Лучак. — Гэты яскравы пасыл адрасаваны, у першую чаргу, тым, хто, грунтуючыся на сваіх культурніцкіх альбо рэлігійных поглядах, не жадаюць успрымаць геяў і лесбіянак як натуральную і паўнавартасную частку нашага грамадства”.

 

Тагэсшпігель