Японскія ўніверсітэты выступаюць за большае прызнанне ЛГБТ-студэнтаў
Усё больш універсітэтаў у Японіі выказваюць памкненне падтрымаць ЛГБТ-студэнтаў і стаць для іх дабразычлівым месцам знаходжання.
Сэксуальныя меншасці ў Японіі ўсё яшчэ працягваюць змагацца за прызнанне і ўвагу ў розных галінах. Тым больш радуе тое, што ўсё больш універсітэтаў у краіне спрабуюць падтрымаць ЛГБТ-студэнтаў.
Факультэты ды групы выпускнікоў прасоўваюць праекты, якія ствараюць умовы для паразумення і надзейнага атачэння. Адным з такіх ініцыятараў з’яўляецца Гон Мацунака, які падчас адной з лекцыяў ва ўніверсітэце Хітацубашы ў Токіа заявіў, што жадае мець універсітэт, у якім сэксуальныя меншасці могуць навучацца свабодна ды адкрыта.
Сам Мацунака з’яўляецца прэзідэнтам групы Прайд Брыдж, ён гомасэксуал. Група складаецца з выпускнікоў універсітэта, якія дабраахвотна вырашылі змагацца за свае правы. Яшчэ ў верасні яны аб’ядналіся з Цэнтрам гендарных даследаванняў і сацыялогіі з мэтаю стварэння прасторы без дыскрымінацыі.
Частка пагаднення прадугледжвае выхад трынаццаці дакладаў на ЛГБТ-тэматыку, як то аднаполыя шлюбы і праблемы на працоўных месцах. Апроч таго, яны жадаюць стварыць групу актывістаў, якая б складалася з ЛГБТ-асобаў і тых, хто іх падтрымлівае. З цягам часу мае паўстаць прастора, у якой сэксуальныя меншасці пачуваліся б утульна і не зведвалі б страху перад дыскрымінацыяй.
Падчас аднаго з дакладаў была ўзнятая тэма аўтынгу. Пяцістам слухачам Рэмі Кадамая патлумачыў, наколькі важна, каб іншыя рабілі высілкі для разумення асобы, якая робіць аўтынг. У сваю чаргу, Казукі Маенасона падкрэсліў: універсітэт мусіць даць ясна зразумець, што меншасці ў паўсядзённым жыцці ў кампусе могуць пачувацца вольна і ўпэўнена.
Падстава для ўзнікнення праекта даволі сумная. У 2015 годзе адзін студэнт універсітэта скончыў жыццё самагубствам. Незадоўга да гэтага ён прызнаўся ў сваёй арыентацыі іншаму студэнту, які проста распавёў пра гэта іншым таварышам. Мацунаку, які на той момант яшчэ прыхоўваў сваю арыентацыю, гэта ўразіла да глыбіні душы. У выніку, як наступства, ён разам з двумя іншымі студэнтамі стварыў Прайд Брыдж.
Тым часам, на гэта адрэагавалі і іншыя ўніверсітэты і распачалі аналагічныя праекты. Універсітэт Цукуба паказаў у гэтым плане прыклад на нацыянальным узроўні, калі распаўсюдзіў асноўныя накірункі дзейнасці, скіраваныя супраць дыскрымінацыі сэксуальных меншасцяў. Там адзначалася, што гэндэрная ідэнтычнасць і сэксуальная арыентацыя не ўплываюць на ўніверсітэцкія каштоўнасці. Таму не маюць права на існаванне дыскрымінацыя і пераслед.
Дзеля гэтага было створанае дарадчае бюро, якому могуць даверыцца студэнты, што адчуваюць сябе няўпэўнена. Да таго ж быў утвораны Універсітэцкі альянс разнастайнасці (University Diversity Alliance). Гэтая сетка складаецца з асобаў, якія кантактуюць з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Яе сябрамі з’яўляюцца асобы з універсітэта Токіа і ўніверсітэта Аханаміцу. Да таго ж, Аханомі, які з’яўляецца выключна жаночым універсітэтам, вырашыў з 2020 году прымаць на навучанне і студэнтаў-трансгендэраў.
Ёшыюкі Кавана з факультэта гуманітарных навук з’яўляецца сузаснавальнікам Альянса і ўскладае вялікія спадзяванні на праект. Ён спадзяецца, што досвед розных універсітэтаў у плане магчымасцяў падтрымкі меншасцяў можа быць пашыраны і распаўсюджаны. У любым выпадку, было б пажадана, каб ЛГБТ-студэнты ў паўсядзённасці пачуваліся ўпэўнена.
Бенкс Хантэр