Паміж Штазі, супрацьстаяннем і мастацтвам
Мастачка Эрыка Шцюрмэр-Алекс і яе партнёрша Крысцінэ Мюлер-Штош у часы ГДР стварылі для сябе вольную прастору. Прапануем частку размовы з кінарэжысёркай Тэрэзай Копэ, якая зняла пра гэтых жанчын фільм “Гучна ў цішыні”.
Дакументальны фільм “Гучна ў цішыні” рэжысёрскі Тэрэзы Копэ апавядае гісторыю мастачкі Эрыкі Шцюрмэр-Алекс і яе партнёркі, навукоўца ў галіне тэалогіі Крысцінэ Мюлер-Штош, якія з канца 1970-х гадоў жывуць у “Двары мастацтва” непадалёк ад Франкфурта на Одэры. Надоячы гэтая стужка была адзначана прэміяй Фестывалю дакументальнага кіно ў Лейпцыгу.
Спадарыня Копэ, стужка “Гучна ў цішыні” была вашым выпускным фільмам у Вышэйшай школе кінематаграфіі ў Бабэльсбергу. Не ўсе былі ў захапленні ад тэматыкі вашага фільму.
Некаторыя асобы, адказныя за навучальны працэс, задавалі мне пытанне, чаму я не захацела зрабіць фільм пра якую-небудзь вядомую мастачку. Але гэтая тэма мяне не цікавіла. Я ад самага пачатку жадала зняць кіно для некалькіх пакаленняў пра мала вядомых мастачак з ГДР. Я ўжо многа гадоў займаюся гэтай тэматыкай. Я нарадзілася ў 1985 годзе ў Фрыдрыхшайнэ, і там вырасла з маёй маці, якая на той час працавала сцэнографам. Я пасталела з пытаннямі: што пасля аб’яднання Нямеччыны робіцца з біяграфіямі і лёсамі мастачак, якія атрымалі адукацыю ў ГДР?
Ці атрымалі вы адказ на гэтае пытанне?
Паводле маіх расследаванняў і майго ўласнага досведу, мела месца непрызнанне ўласнае біяграфіі, што выклікала абурэнне. У мяне склалася адчуванне, што ўспрыняцце жаночых біяграфіяў заўжды абмяжоўвалася двумя рознымі палюсамі: з аднаго боку, знаходжанне ў ярка выражанай апазіцыі альбо прыналежнасці да Штазі ды ідэалогіі (прапаганды). Мяне ж перад усім цікавіла сярэдзіна. Нюансы: як жылі мастачкі, якія стратэгіі яны развівалі і якія ўтопіі былі з гэтым звязаныя? У гэтым працэсе расследвавання я сутыкнулася з Эрыкай Шцюрмэр-Алекс. У ГДР яна была нон-канфармісцкай да ўлады мастачкай і таму трапіла ў поле зроку Штазі. Яе партнёрка Крысцінэ Мюлер-Штош паходзіць з хрысціянскае сям’і, яна не магла атрымліваць адукацыю і таксама была на кручку ў Штазі. У Літцыне ў Обэрбруху разам з сябрамі і сяброўкамі ў межах “Двара мастацтва” яны стварылі ўласную прастору свабоды і самаабароны.
Фільм пачынаецца з таго, што яны абедзве чытаюць картатэку Штазі. Чаму менавіта такі ўступ быў для вас вельмі важным?
Картатэкі ды акты Штазі ды ўсё, што ў гэтым звязку рабілася ў ГДР, і дагэтуль з’яўляецца пастаяннай важнай тэмай для абедзвюх, яны вельмі шмат кажуць пра гэта. Ёсць пэўныя акты пра іхняе тагачаснае жыццё ў ГДР і пра іх дзейнасць у “Мастацкім двары”. Сёння над многім з таго яны могуць проста смяяцца: да прыкладу, з нагоды нібыта голых гасцей у іх двары, чаго ніколі проста не было. Тым не менш, за імі шмат гадоў шпіёнілі, і пра іх было падрыхтавана шмат спецыяльных дакладаў.
Двор сёння належыць гэтым жанчынам. Але ў фільме распавядаецца і пра тое, як непасрэдна пасля ўз’яднання Германіі з Захаду прыязджаюць былыя ўласнікі і даволі бесцырымонна перасоўваюцца па Двары.
Нам таксама было вельмі важна запытацца: што ўласна кажучы адбылося пасля ўз’яднання Нямеччыны? Часта на гэтым пункце – пачатку і сярэдзіне 1990-х гадоў усе расповеды завяршаюцца. Але менавіта ў гэтым часавым кантэксце становіцца больш зразумелым, што ж за тыя дзесяцігоддзі насамрэч стварылі Эрыка Шцюрмэр-Алекс і Крысцінэ Мюлер-Штош. Даволі драматургічна гучаць на адрас абедзвюх жанчын нерэспектабельные закіды з боку спадкаемцаў маёмасці Двара. Жанчынам у твар заяўлялі, што яны 27 гадоў за проста так жылі тут, за сцяной. Гэта даволі грубая заява, якая ставіць у нішто іхнюю біяграфію і ўсё іхняе жыццё ўвогуле. Гэта вельмі моцна негатыўна ўражвае і западае ўнутр. Такі пасыл, настрой і адчуванні сталіся для мяне адпраўным пунктам для стварэння фільму. Такое непрыняцце ды непрызнанне ўласнага лёсу і ўласнае біяграфіі некалькімі пакаленнямі я перажыла і ва ўласным асяродку.
Што з’явілася для вас, пакалення, каму крыху больш за трыццаць, штуршком для таго, каб праз 30 гадоў пасля падзення Берлінскае сцяны заняцца гэтай тэмай?
Як такое, 30-годдзе падзення Берлінскай сцяны не было падставаю для стварэння фільма. Сама гэтая тэма і пытанні да яе не пакідалі мяне амаль дзесяць гадоў. Мяне заўжды вельмі негатыўна ўражвала, што існуе вельмі абмежаванае ўяўленне пра ГДР, а таксама пра лёсы людзей з ГДР. Мастачкі з’яўляюцца самі па сабе даволі асобнай з’яваю, асобным полем. Права на адукацыю ў ГДР было практычна раўнапраўным, але толькі вельмі нешматлікія мастачкі мелі магчымасць выстаўляцца. На вялікіх выставах былі прадстаўлены пераважна мужчыны. Эрыка Шцюрмэр-Алекс увогуле толькі праз 20 гадоў пасля ўз’яднання Германіі зведала публічнае і адпаведнае прызнанне свайго мастацтва.
Ці бачыце вы адказнасць за тое, каб хаця б ваша пакаленне больш працавала над падобнымі тэмамі?
У мяне такое адчуванне, што мы знаходзімся толькі на пачатку гэтага шляху. На шляху менавіта вывучэння гэтых розных досведаў пакаленняў, перад усім, досведу мастачак. Ёсць даволі шмат мастачак з былой ГДР, а таксама з краін былога ўсходняга блоку, якія займаліся вельмі жыццёвым і сучасным мастацтвам, аднак ім не надавалі належнае ўвагі. Часта з’яўляюцца рэпрадукцыі ўжо вядомых імёнаў, аднак амаль не заўважаюць і не надаюць увагі такім мастачкам, як Гета Братэску, Магдалена Абаканавіч, Магдалена Етэлава, Ціна Бара ці тая ж самая Эрыка Шцюрмэр-Алекс.