Як справы ў Бразіліі з гамафобіей

время чтения: 4 мин

У Бразіліі гамафобія ўсё яшчэ вельмі шырока распаўсюджана. Жазэ Махада з’яўляецца презідэнтам футбольнай лігі, якая імкнецца прапанаваць гомасэксуалам прастору бяспекі. Далей ён распавядае і пра адказнасць прэзідэнта краіны Балсанара.  

Жазэ ад гэтага году з’яўляецца прэзідэнтам ЛіГай – лігі для ЛГБТ-футбалістаў і футбалістак у Бразіліі; паняцце ЛГБТ паходзіць з англамоўнай прасторы, гэты акронім дачынны лесбіянак, геяў, бісэксуалаў ды трансгендараў. Махада быў трэнерам моладзевых камандаў першай і другой ліг – Крузэйра, а таксама Віторыа. Як прафесіянал Махада гуляў у ніжэйшых лігах Бразіліі і Аргенціны. Са сваёй гомасэксуальнасцю ён вызначыўся пасля завяршэння сваёй прафесійнай кар’еры. Цяперашнім часам Махада гуляе ў Барбіхас, адну з камандаў ЛіГай. Махада разам са сваёй камандай удзельнічаў у турніры чэмпіёнаў “Чэмпіёны ЛіГай”, які прайшоў у лістападзе ў Бела Харызонтэ.

Гомасэксуальнасць у Бразіліі з’яўляецца палярызуючай тэмай. Заканадаўства краіны прынамсі лічыцца ліберальным, а з іншага боку, справы ўсё яшчэ даходзяць да выпадаў супраць гомасэксуалаў. Згодна інфармацыі бразільскай арганізацыі “Grupo Gay da Bahia”, толькі за мінулы год у Бразіліі былі забітыя 420 людзей з ЛГБТ-супольнасці. Таксама і бразільскі прэзідэнт Жаір Балсанару адзначыўся гамафобнымі выказванні. У адным з інтэрв’ю Playboy ён заявіў: “Я б не мог любіць сына-гея. Я б лепш пажадаў, каб ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе”.

На бразільскіх стадыёнах дагэтуль пастаянна маюць месца гамафобныя выпады ды спевы. Футбольны саюз у чэрвені быў прысуджаны да 15. 000 долараў штрафу, таму што гледачы падчас гульні адкрыцця Кубку Амерыкі спявалі гамафобныя песні.

SPIEGEL: Спадар Махада, які досвед вы атрымалі на бразільскіх футбольных стадыёнах?

Махада: Я раней з вялікім задавальненнем хадзіў на футбольныя гульні, але з прычыны гамафобных крычалак я перастаў туды хадзіць. Так, абразу “Bicha” зведаў варатар, калі адбіў удар, а футбаліста, які не трапіў у вароты, назвалі “Viado” (абодва словы ўжываюцца як абразлівыя паняцці для гомасэксуалаў). Падчас адной гульні Пальмэйрас фанаты выкінулі са стадыёну ды абразілі гомасэксуальную пару. На вялікі жаль, падобнае адбываецца на ўсіх бразільскіх стадыёнах, таму многія ЛГБТ-людзі іх проста пазбягаюць.

SPIEGEL: Адзін з тых, хто паспрабаваў спыніць падобныя паводзіны, быў рэферы Андэрсан Даронка. У жніўні ён спыніў гульню паміж камандамі “Васка да Гама” і “Сан Паола” з тае прычыны, што заўзятары выкрыквалі гамафобныя спявалкі.

Махада: Тое было асабістае рашэнне суддзі. Але ёсць шмат іншых выпадкаў, калі падобнае не адбывалася. Існуюць правілы супраць дыскрымінацыі, аднак іх прытрымліваюцца вельмі рэдка. Тым не менш, гэта быў вельмі добры знак для нас як для гульцоў-геяў. Гэта сведчыць пра тое, што ёсць людзі, якім гэтая праблема не абыякавая.

SPIEGEL: Ад футбольнага саюза ды іншых клубаў падтрымкі няма?

Махада: Саюз робіць вельмі мала. Тое самае тычыцца і клубаў. Праўда, некаторыя каманды з пэўных асаблівых нагодаў посцяць вясёлкавыя сцягі ў сацыяльных сетках, але я расцэньваю гэта як мала дзейсныя захады.

SPIEGEL: А якія захады самі вы лічыце эфектыўнымі для пераадолення гамафобных праяваў на стадыёнах?

Махада: Самым эфектыўным было б зняццё пунктаў ці нават прымусовае зняццё з чэмпіянату ў выпадку, калі падобныя праявы становяцца сістэматычнымі. Было б правільна ідэнтыфікаваць падобных заўзятараў і перадаваць пад суд. Вярхоўны суд толькі сёлета ўпершыню прызнаў гамафобію як учынак, што падпадае пад пакаранне. Я не думаю, што пакаранні грашовымі штрафамі былі б эфектыўнымі, таму што бальшыня камандаў маюць шматмільённыя спонсарскія паступленні.

Я думаю, што сваё стаўленне людзі маглі б змяніць праз асвету. Посты ў сацыяльных сетках, выказванне меркаванняў да гамафобных паводзінаў ці дэманстрацыя вясёлкавых сцягоў мусяць мець месца пастаянна. У тым ліку і ў трэніровачных цэнтрах ці на стадыёнах.

SPIEGEL: Які ваш асабісты досвед у плане гамафобіі?

Махада: Калі я быў прафесіянальным гульцом, то непасрэдна не зведваў прамой дыскрымінацыі, аднак я чакаў нейкага пэўнага стаўлення да сябе ў гэтым сэнсе. Кожны агент раіў ажаніцца і завесці дзяцей. Яны ўскосна настойвалі на нашых гетэрасэксуальных адносінах. Але гэта не кажуць табе наўпрост у твар. Дуглас Брага быў прафесіяналам у Батафога, а зараз ён мой калега ў ЛіГай. Ён перастаў быць прафесіянальным гульцом, бо больш не мог трываць гамафобію і мачызм у спартовым асяродку.

SPIEGEL: Чаму вы вырашылі гуляць у ЛіГай?

Махада: Я люблю футбол, а праз лігу я хачу паспрабаваць зрабіць свет крыху лепшым. Тут я магу зведаць спорт ва ўсёй сваёй шматграннасці. У ЛГБТ-камандзе я нікому не мушу хлусіць. Я не мушу нічога рабіць таго, як быццам бы я быў некім тым, кім я не з’яўляюся. Калі я быў прафесіяналам, я трымаў сваю сэксуальнасць у самім сабе, таму што я разглядаў свет футболу як вельмі перадузяты, як месца для “мужчынскіх мужчын”.

SPIEGEL: Як вы ацэньваеце актуальнае становішча для гомасэксуальных людзей у Бразіліі?

Махада: Бразілія з’ўляецца краінай, у якой ёсць свабоды, але таксама і дыскрымінацыя ды перадузятасці. Можна ўбачыць мужчын і жанчын, якія цалуюцца на вуліцах, аднак таксама ёсць і людзі, якія з-за сваёй сэксуальнай арыентацыі падвяргаюцца атакам, ці іх нават забіваюць. Наш прэзідэнт Жаір Балсанара абараняе каштоўнасці традыцыйнае сям’і. Ягоная “Прамова нянавісці” спрыяе таму, што такія злачынствы ўсё яшчэ маюць месца. Сам Балсанара не бярэ ў рукі зброю, яле такім чынам ён пахлопвае злачынцаў па плячах.

SPIEGEL: Чаго вы жадаеце ў такія часы дабіцца ў Лізе?  

Махада: Ліга мусіць зрабіць магчымым футбол без дыскрымінацыі. Гэтую ідэю мы жадаем распаўсюджваць і далей ды пракласці шлях для наступных пакаленняў. Мы ствараем прастору бяспекі для людзей, якія пакутуюць ад перадузятага стаўлення да іх. Для ўдзелу ў “Гульнях геяў” у Ганконгу ў 2022 годзе мы жадаем стварыць нацыянальную каманду. У мінулым годзе другой была каманда з Рыа дэ Жанэйра, але ў 2022 годзе мы разлічваем на гульцоў з усёй Бразіліі.

SPIEGEL: Наколькі вялікай сёння з’яўляецца ліга?

Махада: Лічбы пастаянна растуць. На першым турніры нас было восем каманд, у Бела Харыцонтэ удзельнічалі 25 ЛГБТ-каманд і 3 жаночыя каманды. Мы хочам расці, але гэта вельмі няпроста. Цяперашнім часам стартавай пляцоўкі чакаюць 15 клубаў. ЛГБТ-спорт у Бразіліі мае вялікі патэнцыял. З моманту з’яўлення ЛіГай ў лістападзе 2017 году да сёння ўзніклі ўжо 50 камандаў. З павелічэннем колькасці каманд расце і колькасць публікі. На спаборніцтвах у нас у сярэднім прысутнічаюць 1500 чалавек. На нашым турніры ў Бела Харыцонтэ штодня прысутнічалі прыблізна па дзве тысячы чалавек, а таксама 560 гульцоў.

SPIEGEL: Вы верыце, што вага ліга можа нешта змяніць?

Махада: Я думаю, так. Напачатку на нашы гульні прыходзілі толькі сябры і некалькі сваякоў. Сёння мы бачым сем’і з дзецьмі, якія не маюць ніякага дачынення да гульцоў. Для нас гэта шанс і надалей разбураць перадузятасць. Гэта магчыма, таму што кожны ў Бразіліі любіць футбол, у тым ліку і геі.   

 

 

Інтэрв’ю Ёнаса Хюстара

Крыніца