Гамафобны напад на станцыі метро ў Мюнхене

время чтения: < 1 мин

У выходныя ў Мюнхене тры маладыя мужчыны былі атакаваныя кампаніяй з сямі чалавек і атрымалі цялесныя пашкоджанні. Паліцыі пакуль атрымалася затрымаць двух 19-гадовых падазраваных у здзяйсненні правапарушэння.

У ноч з пятніцы на суботу, паводле паведамленняў мюнхенскай паліцыі, на станцыі метро Штахус, якая знаходзіцца ў цэнтры гораду, адбыўся напад, як мяркуецца, матываваны нянавісцю да гомасэксуалаў. У выніку пацярпелі маладыя людзі ў веку 21, 22 і 25 гадоў, якія паходзяць з Мюнхена і з суседняй мясцовасці. Яны ехалі на эскалатары.

Група з сямі чалавек рухалася з іншага боку эскалатара. Хутка, паводле паліцыі, справа дайшла абразаў гамафобнага зместу. Адзін падазраваны, 19-гадовы мюнхенец, пацягнуў за рычаг экстраннага тармажэння эскалатара. Пасля гэтага трое пацярпелых былі атакаваныя гэтай групай, ім нанеслі ўдары рукамі і нагамі. У выніку пацярпелыя атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Пасля гэтага нападаўцы збеглі з месца правапарушэння. Паліцыі атрымалася затрымаць непадалёк двух падазраваных – 19-гадовага юнака, які пацягнуў за рычаг аварыйнага тормазу эскалатара, а таксама яшчэ аднаго 19-гадовага мюнхенца. Астатнім пяці невядомым падазраваным удалося збегчы.

Абодва затрыманыя падазраваныя пасля правядзення паліцыяй неабходных мерапрыемстваў былі адпушчаныя. Пра іх асабістыя дадзеныя паліцыя не паведаміла. Таксама чыноўнікі не ўдакладняюць, ці насамрэч трое пацярпелых мужчын былі геямі.

На падставе правапарушэння, якое мае гамафобскую матывацыю, камісарыят № 44 узяў на сябе далейшае расследаванне, гэты камісарыят займаецца расследваннямі палітычна матываваных злачынстваў з боку правых арганізацыяў. Апроч іншага, падазраваным паліцыя закідае нанясенне небяспечных цялесных пашкоджанняў, абразы ды неапраўданае выкарыстанне аварыйнага тормазу.

Пры канцы верасня ўжо з’яўляліся паведамленні пра гамафобна матываваны напад на Мюнхенскім Октобэрфэсце. Ахвярамі сталі два гетэрасэксуальныя мужчыны, якія рука аб руку прагульваліся праз лужайку Wiesn-Gelände.

 

Крыніца