Страсбург: Дзяржавы павінны сур’ёзна ўспрымаць і пераследаваць гома-варажнечае онлайн-цкаванне
Еўрапейскі суд па правах чалавека прызнаў правату літоўскай гомасэксуальнай пары, якая атрымлівала смяротныя пагрозы па прычыне публікацыі фотаздымка з пацалункам. Улады не ўбачылі падставаў для расследавання і абвінавачвалі пару ў правакацыі.
Недастатковы судовы пераслед гома-варажнечага цкавання можа прывесці да сур’ёзных парушэнняў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека. Такую выснову агучыў Еўрапейскі суд па правах чалавека, калі прымаў рашэнне па скарзе адной літоўскай пары, якая пасля публікацыі фотаздымка з пацалункам сталася мішэнню для онлайн-цкавання.
У пастанове судовай палаты (41288/15, PDF, PM), якая яшчэ можа быць аспрэчаная, сем суддзяў з Ісландыі, Славеніі, Літвы, Чарнагорыі, Нарвегіі, Албаніі і Турцыі адзінагалосна пастанавілі, што разгляд абвінавачванняў пары літоўскімі ўладамі і судамі з’яўляўся неадэкватным і дыскрымінацыйным. Беручы да ўвагі парушэнні артыкула 14 (Забарона на дыскрымінацыю) і артыкула 13 (Права на эфектыўную скаргу) Канвенцыі Еўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў выплаціць мужчынам па 5.000 еўра кампенсацыі маральнага ўрону і 5.000 еўра выдаткаў за судовы працэс кожнаму.
Аўтары скаргі Піюс Бейзарас і Мінгірдас Лявіцкас у снежні 2014-га году размясцілі ў Фэйсбуку фотаздымак, на якім народжаныя ў 1995-м і 1996-м гадах актывісты ЛГБТІ-арганізацыі LGL цалуюцца – гэта як выражэнне маладога кахання і як грамадскі знак. Здымак вельмі хутка разышоўся ў сетцы і цягам усяго адной гадзіны набраў больш за 800 каментароў, па словах пары, пераважна негатыўных: многія каментары былі скіраваны галоўным чынам супраць ЛГБТІ і іх правоў, некаторыя каментатары наўпрост атакавалі пару.
У выніковым заключэнні суд цытуе, апроч іншых, такія каментары: “Гамасэкі мусяць быць забітыя”, Вы павінны кінуць абодвух у газавую камеру”, “Вы пратраханыя гамасэкі – вас трэба знішчыць”, “Вы, гамасэкі, не павінны посціць падобныя фота, такіх гамасэкаў трэба растаптаць” ці коратка: “Забіце іх!”
Суд абвінаваціў “эксцэнтрычныя паводзіны” пары
Пара звярнулася ў Літоўскую лігу геяў (LGL), каб абараніцца ад падобных каментараў. Арганізацыя падала ў суд на 31 каментар ад 27 асобаў па двух параграфах за цкаванне людзей, якое ўключае ў сябе таксама і “сэксуальную арыентацыю” як маркер для атакаванай групы асоб.
Мясцовы пракурор у Клайпедзе, аднак, адмовіўся праводзіць расследаванне: маўляў, для абвінавачання ў чалавечым цкаванні бракавала намеру ў злачынных дзеяннях і сістэматычнасці такіх дзеянняў ад пэўных асоб. Ён спаслаўся на рашэнне Канстытуцыйнага суда, што адзін каментар пра тое, што геі з’яўляюцца “вычварэнцамі”, якіх трэба аддаць псіхіятрыі, не з’яўляецца цкаваннем чалавека. На скаргу аб парушэнні правоў LGL адрэагаваў таксама і мясцовы суд: маўляў, каментары ўтрымліваюць “неналежны падбор словаў”, а “ненарматыўнай лексікі” недастаткова для наяўнасці прыкметаў цкавання чалавека.
Суд нават пайшоў яшчэ далей і падкрэсліў, што малады гей, які выставіў фота ў анлайн, мусіў разлічваць на тое, што праз неабмежаванне толькі сябрамі ягонае фота магло патрапіць і да зусім не знаёмых яму людзей, і такія “эксцэнтрычныя паводзіны” не спрыяюць грамадскай салідарнасці і прасоўванню талерантнасці.
Той, хто належным чынам выкарыстоўвае сваё права на свабоду думкі, павінен таксама браць да ўвагі, што гэтае права прадугледжвае і абвязак улічваць меркаванні і традыцыі іншых, адзначаў далей суд. Так, большасць насельніцтва ўхваляе “важныя каштоўнасці традыцыйнай сям’і”, як яны адлюстраваныя ў Канстытуцыі, каторая разглядае сям’ю як базіс грамадства і дзяржавы ды вызначае шлюб як саюз мужчыны і жанчыны.
На паўторную скаргу ў апошняй інстанцыі рэгіянальны суд стаў на бок суда папярэдняй інстанцыі і таксама падкрэсліў, што фотаздымак з “эксцэнтрычнымі паводзінамі” варта расцэньваць як спробу “свядома раздражніць людзей з адрознымі поглядамі або шакіраваць іх і справакаваць публікацыю негатыўных каментароў”.
“Клімат беспакаранасці”
“Абразлівыя і пагрозлівыя каментары пра ЛГБТІ-асоб сталі паўсядзённай нормай”, — сказаў адвакат Томас Вітаўтас Раскевічус, які прадстаўляе пару ў Страсбургу, абгрунтоўваючы скаргу. Паводле Раскевічуса, “літоўскія ўлады цягам многіх гадоў свядома не пераследавалі нянавісць ў дачыненні сяброў нашай супольнасці, тым самым стварылі клімат беспакаранасці і зрабілі свой унёсак у гамафобію ў Літве. Застаецца спадзявацца, што рашэнне Стасбургскага суда прывядзе да перагляду пазіцыі.
Суд узважыў усе абставіны справы. Хаця, у прынцыпе, не ўсялякае цкаванне вымагае жорсткага крымінальнага пераследу як Ultima Ratio (апошні довад), а літоўскае крымінальнае права не выключае пераслед таксама і гамафобных цкаванняў людзей. Аднак на практыцы гэта не дайшло да эфектыўнага прававога пераследу.
Такім чынам, насуперак прапанаваным ацэнкам з боку Літвы, таксама і каментары ў анлайн-сетках могуць уяўляць небяспеку. Да таго ж, паводле суда, падобныя каментары не абавязкова мусяць утрымліваць канкрэтныя пагрозы гвалту або злачынства, каб аказаць шкадлівае ўздзеянне на грамадства або закранутыя імі меншасці. У дадзеным выпадку, з меркавання суда, мелі месца “непрыхаваныя заклікі да гвалту” ў дачыненні да пары пазоўнікаў і гомасэксуальнай супольнасці ў цэлым, і гэта нанесла шкоду іх гонару і здароўю.
Улады прадэманстравалі сваё ўпартае і дыскрымінацыйнае стаўленне да гомасэксуалаў, калі давалі ацэнку публікацыі фотаздымка і ацэньвалі гэта як правакацыю і непрыстойнасць. Пазоўнікі праз гэта зведалі дыскрымінацыю за сваю сэксуальную арыентацыю. Суд таксама адпрэчыў аргументацыю, што пара нібыта “правакавала”: Згодна дзейнай еўрапейскай судовай практыкі, дзяржавы павінны прызнаваць права ЛГБТІ вызнаваць сябе такімі і публічна абараняць іх правы і свабоды. Пры гэтым аднаполыя пары не супярэчаць сямейным каштоўнасцям, але самі прадстаўляюць такія каштоўнасці.
Паводле: https://www.queer.de/detail.php?article_id=35281