Царква для лесбіянак і геяў у Бразіліі

время чтения: 4 мин

Бразільскі прэзідэнт крыўдзіць гомасэксуалаў і пажынае трыюмф з боку евангельскіх хрысціян. Аднак ёсць і іншыя. Наведаем царкву для геяў і лесбіянак.

Падаецца, што трапляеш у нейкі кіслотны рэйв: каля 150 чалавек перад подыюмам захоплена крычаць і ў экстазе прасцінаюць рукі дагары. На сценах красуюцца вялікія ярка жоўтыя смайлікі. “Усміхайся! – напісана пад імі. – Хтыстос прымае цябе”. Ага, тут гаворка ідзе не пра рэйв, тут гаворка ідзе пра рэлігію!

І пра тое, што ніхто не мусіць хавацца толькі таму, што ён адрозніваецца ад большасці. Сардэчна запрашаем у адну з першых евангелічных цэркваў для геяў і лесбіянак у Бразіліі, якая адкрытая таксама і для ўсіх іншых. З прагматычных мэтаў яна называецца Сучасная Хрысціянская Царква, альбо Igreja Cristã Contemporânea (па-партугальску).

Выступае Маркас Глэдстоўн. Ён апрануты ў чорныя штаны, белую кашулю і швэдар паверх яе. Ён насвежа паголены і акуратна прычасаны. За ім ззаду гурт з чатырох жанчын і двух бэк-вакалістаў выконвае апошнія такты адной з песень Евангелля.

Пасля гэтага 39-гадовы мужчына бярэ мікрафон і крычыць у залу: “Калі хтосьці цябе не любіць такім, які ты ёсць, тады ў яго ёсць праблемы з тваім Творцам. Бо Гасподзь стварыў цябе такім, які ты ёсць”.

Глэдстоўн заснаваў Сучасную царкву ў 2006-м годзе разам з купкаю вернікаў на трэцім паверсе аднаго з дамоў у забаўляльным квартале Лапа ў Рыа дэ Жанэйра. Ягонай мараю было прапаведваць Евангелле як пасланне любові і прыняцця ўсіх, распавядае Глэдстоўн пасля набажэнства.

Сёння ягоная царква мае дзясятак філіяў у пяці бразільскіх гарадах. Адна з іх створаная тут, у старым кінатэатры ў бедным раёне на поўнач ад Рыа дэ Жынэйра. Сёння дажджлівая нядзеля, аднак вернікі актывізуюцца. Прыйшлі многія гееўскія і лесбійскія пары, транссэксуалы, але таксама і проста сябры, сем’і, сімпатызанты. На перадзе сцэны Глэдстоўн агалошвае радасную вестку: “Хто звяртаецца да Ісуса, таму ён адказвае”.

Як вынікае з ягонага выступу, Глэдстоўн мог бы быць адным з тых  сотняў тысяч евангелічных прапаведнікаў, якія сёння ёсць у Бразіліі і большасць якіх прытрымліваюцца ультра-кансерватыўных пазіцый. Ва ўсялякім выпадку, існуе вырашальнае адрозненне: у Глэндстана ёсць муж. Ён зараз выходзіць на сцэну і вядзе з сабою дзяўчынку, гэта адно дзіця з двух, якіх удачарыла пара. Фабіа Інацыа таксама прапаведнік. Ён падыходзіць да мікрафона і спявае наступную евангелічную песню.

ЛГБТ-абшчына ў Бразіліі знаходзіцца пад пагрозаю

Уласна, можна было б падумаць, што царква для геяў і лесбіянак у 2020-м годзе больш не з’яўляецца чымсьці незвычайным. Але ў Бразіліі гэта менавіта так. Сэксуальная адрознасць, як і раней, у самай вялікай краіне Лацінскай Амерыкі застаецца стыгмаю, і сябры ЛГБТ-абшчыны жывуць у небяспецы. У 2018-м годзе, паводле Gruppe Gay da Bahia, у Бразіліі былі забітыя 320 ЛГБТ-людзей. У мінулым годзе гэтая лічба можа быць яшчэ большай, пра што сведчаць дадзеныя за першае паўгоддзе. Яны паказалі рост колькасці забойстваў на 14 адсоткаў параўнальна з 2018-м годам.

Царква для лесбіянак і геяў у Бразіліі

Пастар Маркас Гладстон (злева) са сваім мужам Фабіа Інасіу, які таксама з’яўляецца пастарам

Гэта можа быць звязана з тым, што Бразілія перажыла прававы спад, які дасягнуў свайго піку з абраннем Жаіра Балсанары прэзідэнтам. Балсанара з’яўляецца аўтарытарным тыпам, які амаль штодня крыўдзіць іншых людзей, у тым ліку і геяў. Незадоўга да Калядаў ён сказаў аднаму з рэпарцёраў, што ў таго “жахлівы гееўскі твар”.

Евангелісты нясуць адказнасць за ўздым Балсанары

У вялікай ступені адказнасць за ўздым Балсанары нясуць бразільскія евангелічныя цэрквы. Колькасць бразільцаў, якія вызнаюць сябе евангелістамі, павялічваецца вельмі вялікімі тэмпамі. Праз 15 гадоў, паводле дзяржаўнага статыстычнага інстытута IBGE, евангелісты стануць большасцю ў першапачаткова найвялікшай каталіцкай краіне ў свеце.

Падаецца, што гэтую дынаміку не стрымаць. Толькі ў прамежак часу ад 2010-га да 2017-га году былі заснаваныя 70 тысяч новых евангелічных цэркваў. Галоўным чынам гаворка ідзе пра мікра-цэрквы з двумя дзясяткамі прыхаджанаў. Гэтыя цэрквы называюць яшчэ “святымі гаражамі”, бо месцам для правядзення набажэнстваў служаць самыя прымітыўныя памяшканні.

З іншага боку, ёсць таксама і перапоўненыя мега-цэрквы, якія валодаюць храмамі ўмяшчальніцтвам да 25 тысяч чалавек. Яны валодаюць радыёстанцыямі, выдавецтвамі і тэлеканаламі. Іх заснавальнікі з’яўляюцца самымі заможнымі людзьмі ў Бразіліі, што, магчыма, звязана з тым, што цэрквы вызваленыя ад падаткаў.

І яшчэ: Яны спавядаюць звышкансерватыўны палітычны парадак дня. Так, іх пастары заклікалі абраць Жаіра Балсанару. Пунктамі збліжэння з’яўляюцца агульнае адмаўленне камунізму, абортаў і гомасэксуальнасці. Апошняя большасцю евангелістаў расцэньваецца як д’ябальшчына, і многія цэрквы нават прапануюць курсы “гома-выздараўлення”. Пасля абрання Балсанары ў іхніх храмах яны дзякавалі Богу за перамогу гэтага прававернага.

“Тлумачэнне Бібліі праз ультракансерватыўнасць з’яўляецца вычварэннем”

“У гэтых ультракансерватыўных евангелістаў “для нас” няма месца, — кажа Маркас Глэдстоўн. — Ваша тлумачэнне Бібліі з’яўляецца вычварэннем, Білія не праклінае гомасэксульнасць”. Глэдстоўн адчуў божае пакліканне прапаведаваць Біблію яшчэ ў 17-гадовым узросце. “Калі я ў 1999-м годзе маліўся на ўзгорку, Святы Дух адкрыў мне, што я не мушу цурацца сваёй гомасэксуальнасці”, — кажа Глэдстоўн. Калі ў 20 гадоў ён зрабіў камінгаўт, у ягонай сям’і, якая належыць да традыцыйнай царквы пяцідзясятнікаў, распаліўся вялікі скандал.

Глэдстоўн зрабіў пэўныя высновы, паехаў вучыцца ў ЗША і пасля шматкроць спрабаваў заснаваць у Бразіліі цэрквы – адгалінаванні ад прагрэсіўных цэркваў ЗША. “Маё першае набажэнства ў якасці прапаведніка я правёў з двумя чалавекамі на пляжы Іпанэма”, — узгадвае ён.

Аднак усе спробы правальваліся, пакуль Глэдстоўн нарэшце не адчыніў сваю царкву. У Бразіліі гэта не праблема. Кожны можа назваць сябе пастарам ці нават біскупам і паспрабаваць аб’яднаць вакол сябе прыхільнікаў. Цэрквы фінансуюцца за кошт дзесяцінаў, аб якіх больш ці менш сціпла пастары просяць вернікаў. Тое самае адбываецца і ў Сучаснай Царкве. На выхадзе прыхаджане могуць зрабіць ахвяраванні, у тым ліку і з дапамогаю банкаўскай карты.

Лесбійская пара ў Сучаснай Хрысціянскай Царкве

Дзве жанчыны, якія становяцца ў чаргу, гэта Агнэс Эстэфанія і Луана Чагас. Абедзве 32-гадовыя кабеты з’яўляюцца параю і спрабуюць хадзіць у царкву як мага часцей. “Мы — гэта ўсё, што Балсанара і ягоныя людзі ненавідзяць: чорныя, феміністкі, лесбіянкі, — кажа Агнэс Эстэфанія. – Але Бог суправаджае нас праз усе цяжкасці”.

Эстэфанія працуе псіхолагам у адной з клінік. Там яна пазнаёмілася з Луанай, якая мела праблемы з алкаголем. Яна ўзяла Луану з сабою на набажэнства. “Гэта змяніла маё жыццё, — кажа Чагас. – З таго часу я цвярозая і шчаслівая як ніколі раней”. Абедзве жанчыны выпраменьваюць спакой і задавальненне. “Самае цудоўнае адкрыццё, якое можа зведаць гомасэксуальны чалавек, гэта адчуць любоў Бога, — кажа Луана Чагас. – Адчуць, што цябе прымаюць: Бог не мае забабонаў!”.

 

           Філіп Ліхтэрбэк

Паводле: https://www.tagesspiegel.de/gesellschaft/queerspiegel/gott-hat-keine-vorurteile-eine-kirche-fuer-lesben-und-schwule-in-brasilien/25388318.html