Бундэстаг зноў не ўшанаваў памяць гомасэксуалаў-ахвяр нацызму
Таксама і 75-годдзе вызвалення Асвенцыма ў Бундэстагу па прычыне блакіроўкі з боку Вольфганга Шойбле прайшо без выразнага згадвання пераследу гомасэксуалаў. Інакш справа выглядала ў федэральных землях.
У Бундэстагу, гэтаксама як і ў ландтагах, у панядзелак згадвалі вызваленне лагера смерці Аўшвіц (Асвенцым) савецкімі войскамі. ЛГБТІ-актывісты абурыліся, што ў бундэстагу зноў не адбылося паўнавартаснага згадвання пра пераслед гомасэксуалаў.
Адпаведную петыцыю з заклікам “узгадаць у “высокім доме” гомасэксуальных ахвяр нацыянал-сацыялізму” яшчэ два гады таму пачаў распаўсюджваць Луц ван Дыйк. Ён хацеў дабіцца таго, каб больш напамінаць пра гэтую групу ахвяр і каб на штогадовым мерапрыемстве выступіў адзін з яе прадстаўнікоў. Прэзідэнт Бундэстагу Вольфганг Шойбле летась адхіліў прапанову, аргументуючыся тым, што “менавіта гэту групу гомасэксуальных ахвяр згадвалі падчас гадзін памяці ў Бундэстагу на самым пачатку” і што спасылкі на гэту групу рабіліся і раней. Сёлета з прамовамі памяці выступілі федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер і прэзідэнт Ізраіля Ройвэн Рыўлін.
У артыкуле ў выданні “Tagesspiegel” ван Дыйк абгрунтаваў сваё імкненне дабіцца, каб гомасэксуалы не толькі проста трапілі ў пералік ахвяр, апроч іншага, тым, што ў Польшчы набірае сілу гомасэксуальная варажнеча. Так, там ёсць толькі “ЛГБТ-свабодныя зоны”, апроч таго, у мемарыяле Аўшвіц не адбываецца “відавочнае для наведвальнікаў згадванне гомасэксуальнай групы ахвяр”.
Петыцыю ван Дыйка падпісалі 170 вядомых асоб, у тым ліку ЛГБТІ-актывісты, навукоўцы і людзі, што перажылі Халакост. Нарэшце, разам з гарадскім дэканам Франкфурта Ёханам цу Элітцам і царкоўным прэзідэнтам Фолькерам Юнгам петыцыю падпісалі таксама прадстаўнікі каталіцкай і евангелічнай цэркваў.
Саюз лесбіянак і геяў (СЛГ) ды СДП-квіры за памяць у Бундэстагу
Нягледзячы на блакіроўку з боку іх калегі па партыі Шойбле, у паведамленні для прэсы СЛГ выступіў за “адмысловае згадванне ў Бундэстагу найпазней у 2021-м годзе – спакойна і без наўпроставай крытыкі Шойбле.
Таксама і СДП-квіры запатрабавалі змены стаўлення: “Доўгі час лёсы гэтых людзей замоўчваліся. Тое тычыцца і Бундэстага: больш як два дзесяцігоддзі ён згадвае ахвяр нацыянал-сацыялізму, але ніколі асобна не згадвалася пра пераследаваных гомасэксуалаў. Як сацыял-дэмакраты мы жадаем паспрыяць таму, што больш не будзе новага замоўчвання”, — заяўляюць Карола Эбхард і Элія Сварамуза, дэпутаты-чальцы працоўнай групы СДП па пытаннях прыняцця і роўнасці.
Ландтагі Райнланд-Пфальца і Хесэна згадваюць пра гомасэксуальных ахвяр
Тое, што можа быць інакш, дэманструюць ініцыятывы федэральных земляў: у Райнланд-Пфальцы ў панядзелак адбылося пленарнае пасяджэнне ў мемарыяле “Канцлагер Остхофэн” – галоўнай тэмаю пры гэтым быў пераслед гомасэксуалаў. Прафесар Міхаэль Шварц з “Інстытута гісторыі часу Мюнхен-Берлін” нагадаў у сваёй прамове пра ахвяр, гэтаксама як і прэзідэнт ландтагу Хендрык Херынг і прэм’ер-міністр Малу Дрэер (абодва СДП). Прамоўцы выказалі шкадаванне, што пасляваенная Германія павольна пазбаўляецца ад пераследу сэксуальных меншасцей з часоў нацыянал-сацыялізму.
Шварц абурыўся “шырокім падабенствам” паміж правам часоў нацыянал-сацыялізму і федэральным правам ФРГ па тэме гомасэксуальнасці – і спаслаўся на тое, што ў ФРГ справы вырашалі шмат юрыстаў і паліцыянтаў, якія зрабілі кар’еру пры нацыстах. “Гомасэксуальныя ахвяры нацыянал-сацыялістычнай дыктатуры доўгі час не мелі права голасу”, — шкадуе таксама і прэзідэнт ландтагу Херынг. Накіраваны супраць гомасэксуалаў закон у нацысцкай фармулёўцы дзейнічаў у Заходняй Германіі да 1969-га году і быў адменены толькі ў 1994-м годзе. “Як можа быць такое, што пасля брыдоты часоў нацыянал-сацыялізму цэлыя групы людзей і надалей зведваюць абмежаванні?” – задаецца пытаннем Херынг.
Прэм’ер-міністр Дрэер перасцерагае ад “Альтэрнатывы для Германіі”
Прэм’ер-міністр Дрэер у выніку папрасіла прабачэння за крымінальны пераслед пасля 1945-га году і скрытыкавала новых “правых”. “Далейшая крыміналізацыя і пераслед гомасэксуальных мужчын таксама і ў Райнланд-Пфальцы з’яўляліся абуральным беспраўем”, — адзначыла Дрэер. “Цяпер мы бачым, як правыя колы спрабуюць прымяншаць і ледзь не апраўдваць нацысцкія часы. Гэтаму можа не быць і канца”, — падкрэсліла прэм’ер-міністр. “На вялікі жаль, у нас маюцца ўсе падставы для пільнасці. Мяжа паміж правымі папулістамі і правым экстрэмізмам вельмі тонкая. Калі прадстаўнікі новых правых ўголас асуджаюць тут унутры зямлі страту мужчынскасці, а цюрынгскі шэф АдГ Б’ёрн Хёкэ зусім адкрыта трызніць пра “вялікую гомасэксуалізацыю” нямецкіх мужчын, гэта сведчыць, “якога духу дзеці гэтыя людзі ёсць”, — засцерагае Дрэер.
Райнланд-Пфальц далей развівае тэму праз выставу ў ландтагу і імпрэзы па ўсёй федэральнай зямлі. У хесэнскім ландтагу ў панядзелак тэмаю быў пераслед на падставе гомасэксуальнасці. Прамову на гэтую тэму трымала Сыбіль Штайнбахер, дырэктар Інстытута Фрыца Баўэра. У імпрэзе ўзялі ўдзел таксама прэм’ер-міністр Фолькер Буф’ер і прэзідэнт ландтагу Борыс Райн (абодва ХДС).
Апроч іншага, у панядзелак мерапрыемствы па ўшанаванні памяці прайшлі на мемарыялах пераследаваных у часы нацыянал-сацыялізму гомасэксуальных ахвяр у Берліне і Кёльне.