Шлюбы для ўсіх хутка і ў Андоры
Ад 2014-га году геі і лесбіянкі ў Андоры могуць станавіцца парамі – і вось нарэшце ўрад карлікавай дзяржавы на Пірэнеях мяркуе адкрыць законныя шляхі для заключэння шлюбаў сярод аднаполых пар.
Яшчэ адна еўрапейская краіна робіць магчымымі шлюбы для аднаполых пар. Урадавая кааліцыя карлікавай дзяржавы Андора, паводле паведамленняў СМІ, разгледзіць адпаведны законапраект. Дагэтуль лесбійскія і гееўскія пары маглі жыць толькі ў грамадзянскім шлюбе.
“З набыццём сілы гэтага закона прававая сістэма Андоры прызнае дзве формы шлюбаў: афіцыйнае заключэнне шлюбаў як гомасексуальных, гэтак і гетэрасексуальных пар, а таксама кананічныя шлюбы”, адзначаецца ў законапраекце, які, як мяркуецца, будзе прыняты ў траўні і набудзе сілу ўлетку. Паводле апытанняў, каля 70% грамадзян Андоры падтрымліваюць шлюбы для ўсіх. Уведзеныя ў 2014-м годзе грамадзянскія шлюбы ужо амаль былі заканадаўча прыроўнены да гетэрасэксуальных шлюбаў.
І пасля дазволу шлюбаў застанецца шмат працы
У карлікавай дзяржаве, якая знаходзіцца на ўсходніх Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй, пражываюць толькі каля 78 000 жыхароў на тэрыторыі ў 468 квадратных кіламетраў. Княства з’яўляецца адзінай краінай у свеце, дзе функцыю кіраўніка дзяржавы адначасова выконваюць дзве службовыя асобы. Біскуп Ургельскі і прэзідэнт Францыі сімвалічна дзеляць праўленне краінай, да таго ж абіраецца і прэм’ер-міністр Андоры.
У штогадовым рэйтынгу “Rainbow Europe” ЛГБТІ-арганізацыі ILGA Europe Андора летась апынулася толькі на 29-м з 49-ці месцаў. У плане квір-палітыкі і пасля адкрыцця шлюбаў застаецца яшчэ багата працы: дагэтуль няма ні законаў, якія абаранялі б ЛГБТІ ад дыскрымінацыі, ні права на нескладаную карэкцыю полу. Андора з’яўляецца членам Еўрапейскага валютнага саюза, аднак не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз.