У Тунісе нібыта прызнаны аднаполы шлюб
Упершыню ў Тунісе чыноўнікі нібыта афіцыйна прызналі шлюб паміж двумя мужчынамі – гэта нешта новае для арабскай краіны. Аднак адзін з міністраў называе гэтую інфармацыю фальшывай.
Туніская ЛГБТІ-арганізацыя “Шамс” у мінулую пятніцу паведаміла, што нібыта ў Тунісе прызнаны шлюб аднаполай пары. Маўляў, заключэнне шлюбу было ўнесенае ў адпаведнае персанальнае пасведчанне не названага тунісца, які пабраўся шлюбам з французам у Францыі. У Тунісе такое ўнясенне ў пасведчанне з’яўляецца пацвярджэннем заключэння шлюбу.
Такое прызнанне сталася б вельмі вялікай нечаканасцю: у рэшце рэшт, за гомасексуальныя стасункі ў гэтай паўночна-афрыканскай краіне прадугледжанае пакаранне да трох год пазбаўлення волі. Пры канцы 2018-га году да таго ж з’явіліся паведамленні, паводле якіх у Тунісе меркаваныя гомасексуалы падвяргаюцца анальным даглядам.
“Новае дасягненне для гомасексуальных тунісцаў”
Згодна паведамлення ў фэйс-буку ад Шамс, у выпадку прызнання гаворка вядзецца пра “новае дасягненне для туніскіх гомасексуалаў”. Упершыню “у гісторыі арабскага свету” аднаполы шлюб нібыта быў афіцыйна прызнаны. Пад паведамленнем з’явіліся шматлікія негатыўныя каментарыі, у якіх казалася пра “маральны калапс” або аўтараў называлі хлусамі.
Падобнае паведамленне аб прызнанні аднаполага шлюбу з’яўлялася ў 2018-м годзе і ў адной з іншых гамафобных краін: нібыта адзін з расійскіх ЗАГСаў зарэгістраваў шлюб двух мужчын, якія раней ажаніліся ў Даніі. Хутка пасля гэтага расійскі ўрад прызнаў шлюб несапраўдным – у выніку мужчыны мусілі ўцякаць са сваёй краіны.
Рэгіянальны міністр абвяргае
Туніскі рэгіянальны міністр Лотфі Зітоўн у аўторак абверг паведамленне пра прызнанне аднаполага шлюбу – у Тунісе шлюбы такога кшталту па законе не могуць быць прызнаны. Тут гаворка ідзе толькі пра сцвярджэнні ЛГБТІ-арганізацыі, якія з’яўляюцца ілжывымі. Міністр лічыць магчымым, што лакальныя чыноўнікі маглі прыняць памылковае рашэнне па прычыне недакладнасцей у перакладзе – гэта патрабуе праверкі і выпраўлення памылкі.
Заснавальнік Шамса Маўнір Баатур летась узняў у Тунісе хвалю праз сваю заяву, што збіраецца балатавацца ў прэзідэнты як першы гомасексуальны кандыдат. Аднак яго кандыдатура была адхілена па розных сумнеўных прычынах – напрыклад, што ён, маўляў сабраў занадта мала подпісаў.