Балсанара: Сусветная арганізацыя аховы здароўя прасоўвае гомасексуальнасць у дзяцей
Сваім абсурдным выпадам бразільскі праварадыкальны галава дзяржавы спрабуе дыскрэдытаваць Сусветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ). Відаць, ён прыняў за чыстую манету фейкавую навіну пра сумесную канцэпцыю з Федэральным цэнтрам сексуальнай асветы (ФЦСА).
Бразільскі прэзідэнт Жаір Балсанара сваімі абсурднымі выказваннямі паставіў пад пытанне кампетэнцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. СААЗ, маўляў, матывуе малых дзяцей да гомасексуальнасці і да мастурбацыі, сцвярджаў Балсанара ў посце на фэйсбуку, які пазней быў выдалены. “І гэта Сусветная арганізацыя аховы здароўя, прапановам якой па каронавірусе я вымушаны следаваць з пункту гледжання ўласных людзей”, напісаў Балсанара.
Не назваўшы крыніцы, якія сталі падставай для яго заяў, Балсанара напісаў, што СААЗ рэкамендуе “мастурбацыю для ранняга дзяцінства” як і “аднаполыя стасункі”. Да таго ж, СААЗ нібыта раіць прыцягваць дзевяці-дванаццацігадовых да “першага сексуальнага досведу”.
Падставай магла стаць фейк-навіна пра канцэпт ФЦСА
Раней дарадца Балсанары Артур Вайнтраўб напісаў у твітары, што ў рэкамендацыях СААЗ казалася, што “дзеці паміж 0 і 4 гадамі павінны быць навучаны “мастурбацыі”, “самазадавальненню і добраму настрою” праз “крананні ўласных палавых органаў” і “гендарнай ідэалогіі”. “Ці гэта правільна?” – рытарычна пытаецца Вайнтраўб.
Падставаю для сцвярджэнняў Вайнтраўба і Балсанары відавочна паслужыла апублікаваная сумесная рамачная канцэпцыя рэгіянальнага бюро СААЗ і ФЦСА “Стандарты па сексуальнай асвеце ў Еўропе”, якая робіць прапановы экспертам, дзеячам, што прымаюць палітычныя рашэнні, а таксама структурам, якія займаюцца адукацыйнымі накірункамі для дзяцей і падлеткаў. У стандартах утрымліваюцца спасылкі на тое, што сексуальная цікавасць з’яўляецца нармальнай таксама і ў дзяцей. Але тых прапановаў, пра якія кажуць Вайнтраўб і Балсанара, у канцэпце ўсё ж няма. У Германіі гэтая навіна з 2018-га году распаўсюджвалася ў тым ліку і праваэкстрэмісцкай газетай “Junge Freiheit”, якую, у сваю чаргу, распаўсюджваюць праварадыкальныя “Маніфест для ўсіх” і палітыкі ад “Альтэрнатывы для Германіі” (АдГ).
Балсанара прыніжае небяспеку каронавіруса
Атакі Балсанары на СААЗ могуць быць непасрэдна звязаны з яго вельмі спрэчным стаўленнем да абыходжання з каронавіруснай пандэміяй. Бразільскі праваэкстрэмісцкі дзяржаўны галава, як і раней, прыніжае звязаныя з каронавірусам небяспекі і выступае супраць абмежаванняў на перасоўванне, якія ўвялі губернатары бразільскіх федэральных штатаў. Ён таксама адхіляе прапанаваныя СААЗ патрабаванні па сацыяльным дастанцыянаванні.
Насуперак пажаданням Балсанары аб найхутчэйшым завяршэнні гаспадарчага перапынку, губернатар федэральнага штата Рыа дэ Жанэйра Вільсан Вітцэль працягнуў уведзеныя па прычыне каронавіруса абмежаванні да 11-га траўня. Такім чынам, зачыненымі застануцца таксама і школы, універсітэты і культурныя цэнтры.
Бразілія з’яўляецца адной з самых пацярпелых ад каронавіруса краін Паўднёвай Амерыкі. Паводле афіцыйных дадзеных, ужо памерлі ад гэтай хваробы больш за 5 тысяч чалавек, колькасць інфіцыраваных перавысіла 70 тысяч. Па прычыне недастатковай колькасці тэстаў эксперты настойваюць на значна большай колькасці захварэлых і памерлых.
Адзін з самых гамафобных кіраўнікоў дзяржаў свету
Абранне Жаіра Балсанары ў кастрычніку 2018-га году выклікала хвалю шоку ў бразільскай ЛГБТІ-супольнасці. Былы паветраны дэсантнік у 2017-м годзе прадстаў перад судом і быў асуджаны па прычыне распальвання нянавісці – падставаю стала інтэрв’ю ў 2011-м годзе, у якім ён сцвярджаў, што яго дзеці ніколі не народзяць сына-гея, таму што яны “атрымалі прыстойнае выхаванне”. У тым жа інтэрв’ю ён дадаў, што ён ніколі не змог бы палюбіць сына-гея: “Мне было б больш даспадобы, каб ён загінуў у якімсьці няшчасным здарэнні”.
Галоўнае рашэнне Вярхоўнага Суда ў чэрвені 2019-га году, што гома- і трансофобія павінны карацца гэтаксама як і расізм, Балсанара абазваў “поўным бяспраўем”. Хутка пасля таго ён загадаў забараніць прасоўванне фільмаў з квір-зместам, аднак гэта таксама было адхілена судом. Пасля ўступлення на пасаду ён заявіў, што Бразілія “ніколі не стане курортам для геяў”.