Францыя таксама паведамляе пра звязаныя з ЛГБТІ-варожасцю злачынствы
Крымінал на глебе нянавісці з’яўляецца праблемай таксама і ў Францыі: міністэрства ўнутраных спраў за апошні год зарэгістравала амаль 2000 выпадкаў.
Злачынствы, якія ажыццяўляюцца па прычыне нянавісці да сексуальных ці гендарных меншасцей, набіраюць сілу і ў Францыі. Згодна апублікаваных у мінулую суботу лічбаў міністэрства ўнутраных спраў, колькасць нападаў у 2019-м годзе вырасла на амаль 36 адсоткаў.
Так, паліцыя ў мінулым годзе ідэнтыфікавала агулам 1870 нападаў на глебе гома-ці трансфобіі. Годам раней іх колькасць яшчэ складала 1380 выпадкаў. “Гэтыя лічбы дэманструюць, што гома- і трансфобія ў грамадстве ўзмацняюцца”, адзначае МУС. Гэтыя вынікі карэлююцца з агульным ростам злачынстваў на глебе нянавісці.
Тры чвэрці ахвяр, згодна лічбаў, складаюць мужчыны – дзве траціны з іх ва ўзросце 35 год ці маладзей. Большасць злачынстваў складалі абразы (33 адсоткі) і цялесныя пашкоджанні ці сексуальны гвалт (28 адсоткаў). 36 адсоткаў паведамленняў паходзяць з буйных гарадоў, астатнія – з вёсак.
Прыняты новы закон супраць онлайн-нянавісці
Толькі на мінулым тыдні Нацыянальны сход у Парыжы прыняў новы закон, які ўводзіць вялікія штрафы за ненавісніцкія каментарыі ў інтэрнэце. У апошнія гады мелі месца дэманстрацыі супраць гомасексуалаў — у студзені гома-ненавіснікі выйшлі на вуліцы, каб пратэставаць супраць надання права на штучнае апладатварэнне адзінокім жанчынам і лесбіянкам.
У Германіі толькі часткова ёсць дакладныя дадзеныя па ЛГБТІ-варожым крымінале, бо федэральныя землі па-рознаму разглядаюць здзейсненыя на глебе гома- ці трансфобіі злачынствы – у некаторых землях, як то Берлін, паведамляецца нават пра самыя нязначныя правапарушэнні, у некаторых іншых землях амаль не рэгіструюцца злачынствы з гома- ці трансфобнай матывацыяй.
Як вынікае з запыту фракцыі Левых, федэральны ўрад летась паведаміў пра 245 злачынстваў “палітычна матываванага гвалту” з падтэмай сексуальнай арыентацыі за першыя тры кварталы – гэта на 46 адсоткаў больш параўнальна з адпаведным перыядам годам раней. Днямі Берлінскі антыгвалтоўны праект Maneo таксама паведаміў пра рост ЛГБТІ-варожых злачынстваў у федэральнай сталіцы таксама акурат на 46 адсоткаў.
У Францыі, як і ў Германіі, актывісты зыходзяць з больш высокіх ценявых лічбаў. Апроч таго, рост не сведчыць наўпрост пра тое, ці павялічылася колькасць злачынстваў, або ахвяры часцей заяўляюць пра ГЛБТІ-варожыя злачынствы.