Пасля катаванняў: Егіпецкая ЛГБТІ-актывістка пазбавіла сябе жыцця
Адкрыта лесбійская актывістка Сара Хегазі ў сябе на радзіме з-за сваёй сексуальнай арыентацыі падвяргалася катаванням. У канадскай эміграцыі яна здзейсніла суіцыд.
Смерць егіпецкай ЛГБТІ-актывісткі Сары Хегазі выклікала занекпакоенасць ва ўсім свеце. 30-гадовая жанчына, па словах яе паплечнікаў, забіла сябе на мінулых выходных у канадскай эміграцыі. У размешчаным у сацыяльных сетках развітальным лісце напісана: “Маім братам і сёстрам: Я спрабавала знайсці выйсце і прайграла. Прабачце мяне. Маім сябрам: Паездка была жахлівай і я аказалася вельмі слабою, каб супрацьстаяць. Прабачце мяне. Свету: Ты быў жахлівым, але я прабачаю цябе”.
Хегазі была адной з сямі асоб, якія пасля канцэрту ліванскага рок-гурта Mashrou’ Leila ў Каіры былі затрыманы. Яе “правіна”: яна размахвала вясёлкавым сцягам і такім чынам, з пункту гледжання ўладаў, парушыла закон, які забараняе “маральную сапсаванасць”.
Адкрыта лесбійская актывістка правяла ў няволі тры месяцы і там, па яе прызнаннях, рэгулярна падвяргалася катаванням. Так, яе білі электрашокерам, а таксама падвяргалі псіхалагічным катаванням. Пасля вызвалення яна змагла ўцячы ў Канаду. Там яна атрымала прытулак і пачала лячэнне: пасля перажытага ў яе дыягнаставалі ў тым ліку посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне, якое прывяло да такіх трагічных падзей. Названая сяброўкамі вельмі жыццярадаснай жанчына пасля уцёкаў скардзілася на панічныя атакі, праблемы з памяццю і пастаянны страх пакідаць уласную кватэру.
“Егіпет пакінуў Сару і ўсю ЛГБТІ-супольнасць у бядзе”, заявіла Раша Юнэс з праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch. Яна адзначыла, што сітуацыя пры прэзідэнце Абдэлю Фатаху аль Сісі яшчэ больш пагоршылася. Так, мясцовая грамадзянская праваабарончая група толькі ў 2019-м годзе зарэгістравала 92 затрыманні на падставе сексуальнай арыентацыі або гендарнай ідэнтычнасці – аднак, скрытыя лічбы яшчэ большыя.
Гамафобія егіпецкага прэзідэнта на пачатку 2020-га году стала тэмаю таксама і ў Германіі. Аб’яднанне Дрэздэнскі оперны бал узнагародзіў аўтакрата ордэнам святога Георгія. Пасля пратэстаў аб’яднанне было вымушана адклікаць узнагароду.
Махамед эль-Барадэі ўстрывожаны
Сваю ўстрывожанасць смерцю актывісткі выказаў і егіпецкі палітык і дыпламат Махамед эль-Барадэі. Эль-Барадэі, які з 1997-га да 2009-га году быў генеральным дырэктарам Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ) і актыўна выступаў за раззбраенне, за што быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру, напісаў у твітары па-арабску: “Можна не пагаджацца з думкамі і ладам жыцця Хегазі. Але ці можна яе прыніжаць і адымаць у яе права на жыццё толькі за тое, што не пагаджаешся з яе меркаваннямі? 77-гадовы палітык потым выказаў спадзяванне, што яго краіна калісьці зразумее, што трэба “паважаць разнастайнасць”. “Калісьці мы зразумеем значэнне талерантнасці, калісьці мы дарасцём да гэтага”, адзначыў эль-Барадэі.
У Егіпце не існуе прамой забароны на гомасексуальнасць, як у іншых краінах рэгіёна. Аднак, гомасексуалаў пераследуюць з дапамогай гнуткага “закона аб маралі”, які прадугледжвае шматгадовае пазбаўленне волі. Летась адзін журналіст быў прыгавораны за “рэкламу” гомасексуальнасці да аднаго году турмы. Яго “правіна”: ён узяў інтэрв’ю ў гомасексуальнага мужчыны.