Бяспека перадусім: важныя парады ЛГБТ-падарожнікам перад вандроўкай

Бяспека перадусім: важныя парады ЛГБТ-падарожнікам перад вандроўкай

время чтения: 10 мин

ЛГБТ-падарожнікі зазнаюць дадатковыя небяспекі падчас замежных вандровак. Аднак некалькі практычных захадаў нададуць вам больш свабоды і ўпэўненасці ў любой паездцы.

Хто з ЛГБТ-людзей не любіць падарожнічаць? Аднак шмат хто з нас не ведае, як засцерагчыся ад непрыемнасцяў і пазбегнуць непатрэбных праблемаў. 

Прапануем вам шэраг парадаў па бяспецы, якія спатрэбяцца вам падчас паездак па свеце. Сярод іншага, яны будуць карысныя лесбійкам, геям і бісэксуалам, трансгендарным людзям, інтэрсэксуалам і небінарным асобам як падчас падарожжаў на самоце, так і парамі, ЛГБТ-семямі. 

Краіны з крыміналізаваным аднаполым сэксам

На сённяшні дзень гомасэксуальнасць пераследуецца ў крымінальным парадку ў 70 краінах свету. Аднак формы пераследу значна адрозніваюцца ў паасобных выпадках. Каля адной траціны з гэтых дзяржаў абмяжоўваюцца фармальнай крыміналізацыяй сэксуальных стасункаў паміж мужчынамі. У астатніх жа  любыя гомасэксуальныя акты караюцца паводле закону. 

Улады некаторых з гэтых краінаў актыўна застасоўваюць гэты закон, іншыя ж яго ігнаруюць. Асноўны від пакарання – турэмнае зняволенне. Аднак у невялікай колькасці дзяржаў за праяву гомасэксуальнасці пагражае збіццё пугай або смяротнае пакаранне. 

Варта адзначыць, што літара закона часта апынаецца менш важнай за стаўленне паліцыі і грамадства. Напрыклад, лесбійскія пары могуць сутыкнуцца з праявамі гвалту нават там, дзе сэксуальныя стасункі паміж лесбійкамі тэхнічна легалізаваныя. 

Найбуйнейшыя рэгіёны з існуючым крымінальным пераследам гомасэксуалаў – Афрыка, краіны Карыбскага басейну, Блізкі Усход і Паўднёва-Усходняя Азія. Ніколі не пакладайцеся на ўласнае адчуванне перад паездкай. Заўсёды пераправярайце прававы статус ЛГБТ+ у той ці іншай краіне перад адездам. Карысным параднікам у гэтай справе будзе мапа ІLGA.

Вядома ж, часцяком уладам будзе складана ўжыць супраць вас нормы крымінальнага права. Тое, што адбываецца ў вас у спальні ў гатэльным нумары можа прайсці незаўважным. Найчасцей госці краіны сутыкаюцца з праблемамі толькі ў выпадку стасункаў з мясцовымі або праз заняцце сэксам ці выказванне пачуццяў у грамадскім або недастаткова інтымным месцы. 

Варта падкрэсліць, што нават цнатлівыя або нязначныя жэсты могуць спрычыніць пераслед. Гэтак адзін шатландзец ледзь не патрапіў на тры месяцы ў турму ў Дубаі ўсяго толькі за тое, што дакрануўся да сцягна іншага мужчыны ў прыстойнай манеры, праходзячыся па бары. Ад вязніцы яго ўратавала прамое ўмяшальніцтва кіраўніка Абяднаных Арабскіх Эміратаў. 

Таму варта абараняцца. Таксама варта не забывацца пра мясцовых ЛГБТ-грамадзянаў. У адрозненне ад вас, яны не могуць проста зехаць з краіны пасля вакацыяў або камандзіроўкі. І ў іх няма дыпламатычнай падтрымкі або рэсурсаў у выпадку ўзнікнення праблемаў, якімі вы, хутчэй за ўсё, валодаеце.

Больш за тое, менавіта яны з большай ступенню верагоднасці будуць цярпець ад прававых і сацыяльных наступстваў любой праблемы, у якую вы патрапляеце разам. 

Краіны без крыміналізаванай гомасэксуальнасці 

Не думайце, што ў краіне, дзе аднаполы сэкс легальны, вы будзеце заўсёды ў большай бяспецы. Напрыклад, у Сінгапуры, дзе ён нелегальны, абектыўна падарожнікі з ЛГБТ+ супольнасці будуць сябе адчуваць больш бяспечна ў параўнанні з Расіяй, дзе ён не пераследуецца паводле закону. 

Чаму? Таму што ў Расіі выкарыстоўваюцца іншыя законы, якія, сярод іншага, забараняюць «прапаганду гомасэксуалізму» сярод дзяцей, што ўскосна скіравана супраць ЛГБТ-супольнасці. У той жа самы час, нягледзячы на пэўныя праявы цэнзуры, у Сінгапуры існуе бачная камюніці ЛГБТ+.

ЛГБТ

Фота: Прававы стан ЛГБТ+ значна адрозніваецца па ўсім свеце. Крыніца: Rita E, Pixabay

Фармальная адсутнасць законаў, якія забараняюць аднаполы сэкс не азначае, што ён прымальны сярод мясцовых жыхароў, а таксама тое, што вы не зазнаеце праз яго гвалт з боку паліцыі. Нават у такіх краінах, дзе фармальна абараняецца раўнапраўе ЛГБТ+, напрыклад, у ПАР, мясцовыя могуць быць у сваёй большасці агрэсіўнымі гамафобамі і трансфобамі. 

Вядома, у вас мае быць права на самавыражэнне, у тым ліку ў стылі вопраткі і спосабах дзеянняў. Аднак часцяком лепш прыхавацца і пазбягаць публічнага паказу пачуццяў, такіх як трыманне за руку і пацалункі ў грамадскіх месцах. 

Трансгендарныя і небінарныя людзі не павінны забывацца пра тое, што не ва ўсіх краінах будзе прызнавацца іх ідэнтычнасць. І ў выпадку падарожжа з вашым партнёрам і дзецьмі ўлады некаторых краінаў могуць адмовіць вам у прызнанні вашых сямейных повязяў. 

Страхоўка для вас і вашай сям’і

Страхоўка для падарожжаў звычайна вельмі даступная па кошце. Аднак, калі вы падарожнічаеце рэгулярна, можна заашчадзіць трохі грошай, калі набудзеце яе на ўвесь год.

Упэўніцеся, што ваша страхоўка пакрывае ўсе магчымыя выдаткі. Большасць людзей задумваецца болей пра абарону свайго багажу. Але больш важна, каб страхоўка пакрывала ў дастатковай ступені кошты медыцынскага абслугоўвання і выдаткі на рэпартыяцыю цела ў выпадку смерці. 

Праверце, ці пакрывае страхоўка лячэнне па існуючых медыцынскіх дыягназах і хранічных хваробах, уключна з ВІЧ? У цяперашні час некаторыя страхавыя полісы пакрываюць лячэнне людзей ВІЧ+ і не патрабуюць ад вас дэклараваць ваш ВІЧ-пазітыўны статус. 

Трансгендарныя людзі мусяць спраўдзіць, ці не трэба ім падчас афармлення страхоўкі дэклараваць свой гендарны пераход як «раней дыягнаставаны медычны стан». Гэта можа падацца цемрашальствам, але страхавыя кампаніі часам могуць задацца пытаннем, ці ваш гендарны пераход не паддасць вас большай рызыцы захварэць падчас падарожжа. 

Спраўдзіце таксама, ці пакрывае страхоўка вашага партнёра і дзяцей. Некаторыя полісы не пакрываюць дзяцей ад сурагатных маці, прыёмных ці апекаваных дзяцей. Калі ёсць сумнівы, запытайцеся агента перад афармленнем страхоўкі. 

Дакументы для трансгендарных і небінарных людзей ды іх сем’яў

Нават у дзяржавах, дзе правы трансгендарных і небінарных людзей вызнаюцца, яны могуць зазнаць клопат з атрыманнем дакументаў, якія засведчаць іх сапраўдны пол. Таму, калі маеце магчымасць, займіцеся афармленнем дакументаў загадзя. 

Калі ж вы выправіцеся ў падарожжа з пашпартам або іншымі дакументамі, у якіх указаны пол не супадае з рэальным, вы можаце сутыкнуцца з праблемамі на мяжы. 

Падрыхтуйце як мага больш пацвярджальных папераў. Пасведчанні аб прызнанні полу ці нават тлумачальны ліст ад лекара могуць некалькі зменшыць праблемы. Аднак будзьце падрыхтаваныя да дакучлівых пытанняў. Будзьце асабліва напагатове ў выпадку ўезду ў краіну з дрэнным станам абароны правоў трансгендарных людзей. 

Часам прасцей змяніць пазнаку полу на кіроўчых правах. Спраўдзіце гэта, калі плануеце падарожнічаць за мяжой на машыне. 

У некалькіх краінах выдаюць пашпарты з пазнакай «X” гендару, для людзей, якія не атаясамліваюць сябе ані з мужчынамі, ані з жанчынамі. Аднак у большасці дзяржаваў свету такія асабістыя дакументы не выдаюцца. На жаль, існуе няшмат сведчанняў аб тым, як ставяцца та падобнага кшталту дакументаў памежныя ўлады. 

Ваша становішча будзе яшчэ больш складанае, калі вы робіце аперацыю па карэкцыі полу за мяжой. Неабходна ўпэўніцца, што ў вас ёсць усе неабходныя пацвярджальныя дакументы для вяртання дадому. 

Калі вы падарожнічаеце з дзецьмі, вазьміце з сабою дакументы, якія пацвярджаюць ваш бацькоўскі або апякунскі статус. Гэта асабліва важна ў выпадку, калі дзеці не маюць ваша прозвішча. 

Калі ўсе дакументы будуць падрыхтаваныя, зрабіце іх копіі. Добрая ідэя пакінуць ксеракопію дакументаў сябру ці сямейніку, з кім выпраўляецеся ў вандроўку, а другую копію пакінуць у сябе на выпадак згубы або выкрадання арыгіналаў. Таксама варта адсканаваць гэтыя дакументы і загрузіць іх у бяспечны воблачны архіў. 

ЛГБТ

Фота: Трымайце вашы асабістыя дакументы ў парадку і задумайцеся, ці не выклічуць яны праблемаў падчас перасячэння мяжы. Крыніца: Pam Patterson, Pixabay

Больш бяспечны сэкс і здароўе

Сонца, пясок і сэкс, вядома ж, ідуць у адным пакеце. А разам з імі і алкагольныя напоі. Таму не дзіва, што шмат якія людзі вяртаюцца з вакацыяў з інфекцыямі, якія перадаюцца полавым шляхам, у якасці сувеніра. 

Прайды і вечарынкі, падчас якіх збіраюцца разам натоўпы прадстаўнікоў ЛГБТ+ супольнасці, безумоўна ствараюць асабліва спрыяльныя ўмовы для атрымання ІППШ. 

Калі ёсць магчымасць, зрабіце прышчэпку супраць гепатыту В і ВПЧ – віруса, які выклікае генітальныя бародаўкі. У залежнасці ад кірунку абранага падарожжа, магчыма, вам давядзецца зрабіць і іншыя прышчэпкі, каб захаваць здароўе ў добрым стане. 

Звярніце ўвагу на тое, што прэзерватывы і змазкі не заўсёды могуць быць лёгка даступнымі, а мясцовыя брэнды могуць апынуцца не надта якаснымі. Таму мае сэнс захапіць свае ў дарогу. 

У выпадку, калі вы выкарыстоўваеце ПРЭПы, варта перавозіць іх у арыгінальнай упакоўцы. Тое ж самае датычыць прэпаратаў гарманальнай тэрапіі, якую могуць атрымоўваць трансгендарныя людзі, і любых іншых лекаў. 

Мытнікі могуць запатрабаваць ад вас рэцэпты або лісты ад лекараў ці папрасіць патлумачыць мэту перавозкі медыкаментаў. 

Жанчынам варта загадзя падбаць аб набыцці тампонаў і гігіенічных ручнікоў. Яны могуць быць у дэфіцыце ў пэўных частках Афрыкі, Азіі, Паўднёвай Амерыкі і Усходняй Еўропы. 

Падарожжы людзей з ВІЧ 

Падарожнікі з ВІЧ могуць сутыкнуцца з дадатковымі барерамі. Некалькі краінаў маюць забарону на ўезд ВІЧ-пазітыўных людзей, а шмат якія іншыя абмяжоўваюць для такіх людзей тэрмін знаходжання на сваёй тэрыторыі.

Для большасці кароткачасовых вакацыйных вандровак гэта не складзе вялікай праблемай, але варта спраўдзіць загадзя абмежаванні, якія існуюць у канкрэтнай краіне, куды вы накіроўваецеся. 

Падчас вакцынацыі перад вандроўкай нагадайце лекару пра ваш ВІЧ-пазітыўны статус. Вам можа спатрэбіцца іншая доза вакцыны або нейкія альтэрнатыўныя прышчэпкі, бо пэўныя вакцыны могуць быць небяспечнымі для Вас. 

Пераканайцеся, што ў вас дастаткова лекаў на ўвесь час падарожжа. І перавозьце іх у арыгінальных пакунках. 

Дзеля пазбягання праблемаў на мяжы папрасіце вашага лекара скласці і падпісаць вам тлумачальны ліст, у якім выкладаецца прычына, па якой вам неабходна мець лекі ў паездцы. Калі Вы не хацелі б публічна выказвацца пра ваш ВІЧ-пазітыўны статус, папрасіце лекара напісаць у лісце, што лекі, якія вы перавозіце, патрэбныя вам для лячэння «хранічнай хваробы». Пры гэтым узгадваць ВІЧ неабавязкова. 

Дзе спыніцца і з кім падарожнічаць?

Адна з найбольш распаўсюджаных праблемаў, з якой сутыкаюцца аднаполыя пары, — гэта адмова размяшчэння ў гатэльным нумары з двухспальным ложкам. Вядома, існуе шмат гатэляў, гасцявых дамоў і апартаментаў, якімі валодаюць прадстаўнікі ЛГБТ+ супольнасці, і якія заўсёды рады нас бачыць у сябе. 

Таксама шмат якія міжнародныя сеткі гатэляў належаць буйным карпарацыям з выразна акрэсленымі правіламі па процідзеянні дыскрымінацыі ЛГБТ-гасцей падчас засялення. Акрамя гэтага, міжнародныя гатэльныя брэнды ўразлівыя на крытыку ў СМІ і сацсетках з прычыны няроўнага стаўлення да кліентаў з ЛГБТ-супольнасці.  

У некаторых краінах, у прыватнасці ў Заходняй Еўропе, падчас куплі прадуктаў або сэрвісаў вы абараняецеся ад праяваў дыскрымінацыі паводле закона. У Вялікабрытаніі наяўнасць такога антыдыскрымінацыйнага заканадаўства дазволіла аднаполым парам паспяхова засудзіць уладальнікаў гасцявога дома за адмову ў засяленні.

Перад тым, як выбраць, дзе спыніцца, пашукайце ў Інтэрнэце ЛГБТ-фрэндлі варыянты. Існуюць разнастайныя схемы акрэдытацыі, якія выкарыстоўваюць уласнікі гатэльных бізнэсаў, каб паказаць, што яны шчыра рады нас бачыць. Аднак, калі ў вас ёсць пэўныя сумнівы, патэлефануйце або дашліце ўдакладняльны ліст у гатэль па электроннай пошце.

Таксама трапляліся шматлікія выпадкі, калі аднаполыя семі раздзяляліся на борце самалёта, каб гетэрасэксуальныя пары маглі ўсесціся разам. Ізноў-такі, шматлікія авіякампаніі маюць прапісаныя забароны ў іх Кодэксах паводзінаў. Як след, калі вы паскардзіцеся, то за падобныя дыскрымінацыйныя дзеянні зможаце атрымаць не толькі афіцыйныя выбачэнні, але і кампенсацыю за маральны ўрон.

Калі Вы замаўляеце круізы, аўтобусныя туры або групавыя вандроўкі ці экскурсіі, і не ўпэўненыя, ці іх арганізатары будуць прыязнымі да ЛГБТ+, мае сэнс спраўдзіць гэта загадзя і атрымаць запэўніванні, што Ваш адпачынак не будзе сапсаваны. 

Падумайце пра змесціва багажу 

ЛГБТ

Фота: Падумайце, што вы запакоўваеце, бо існуюць шматлікія абмежаванні. Крыніца: Tookapic, Pixabay

Ці шмат хто ведае, што сэсуальныя цацкі, парнаграфічныя выявы або запісы і нават прэзерватывы ў вашым багажы могуць выклікаць праблемы падчас перасячэння межаў пэўных краін. Вядома, найчасцей такое здараецца ў краінах, дзе ЛГБТ-людзі зазнаюць актыўны пераслед. 

У рэдкіх выпадках нават некаторыя кнігі на тэматыку ЛГБТ+ могуць спрычыніць клопат. Напрыклад, памежнікі могуць палічыць, што Вы ўязджаеце ў краіну з такой літаратурай з мэтай «прасоўвання гомасэксуалізму». 

Калі вы падарожнічаеце з партнёрам Вашага полу і хочаце не ўляпацца ў гісторыю, мае сэнс пакаваць свой багаж асобна адзін ад аднога. 

Калі вы трансгендарны чалавек і перавозіце ў ручной паклажы гелевую ўстаўку для грудзей, для вас ёсць добрая навіна. Такая гелевы пратэз не ўваходзіць у 100 мл дазволенай вадкасці, якая дапускаецца на борт самалёта, бо лічыцца неабходным у медычных мэтах. Аднак вас дакладна чакаюць з такой паклажай дадатковыя сканаванні і пытанні на авіяцыйным кантролі. Таму, калі можаце, здайце гэты гелевы пратэз у багаж. 

Межы і праверкі: ведайце свае правы

Правілы памежнага кантролю і авіяцыйнай бяспекі адрозніваюцца ў розных месцах нашмат болей, чым вы можаце чакаць. Пры гэтым большасць памежнікаў не праходзіла грунтоўнага навучання па тэме абслугоўвання прадстаўнікоў ЛГБТ+. 

Гэты факт можа быць асабліва праблематычным для небінарных людзей, інтэрсэксуалаў і трансгендараў, якія яшчэ не рабілі аперацыю па карэкцыі полу. Раім спраўдзіць правілы памежнага кантролю ў краінах, праз якія вам належыць падарожнічаць. Аднак, на жаль, у некаторых выпадках не атрымаецца пазбегнуць ўмяшальніцтва ў Ваша прыватнае жыццё, і можа дайсці да прыніжэння Вашай годнасці. 

Добры прыклад, але, вядома, не адзіны – Служба транспартнай бяспекі ЗША. Афіцэры гэтай службы павінны вызначаць выключна візуальна гендар мільёнаў пасажыраў. Пасля гэтага яны націскаюць на пімпачку, вырашаючы, ці сканер службы авіяцыйнай бяспекі павінен разглядаць дадзеную асобу як мужчыну або жанчыну. 

Сканер цела шукае «анамаліі». Таму, напрыклад, калі ў Вас ёсць выпукласць у пахвіне, пратэз ці бандаж, якія прылада не чакае там убачыць, яна можа ўключыць трывогу. 

Важна падкрэсліць, што любыя тактыльныя праверкі Вашага цела і вопраткі маюць праводзіцца афіцэрамі службы бяспекі Вашага полу. Вядома, гэтае правіла асабліва не дапаможа небінарным і інтэрсэксуальным людзям. 

У шматлікіх краінах Вы можаце папрасіць супрацоўнікаў службы бяспекі, каб яны праводзілі Ваш вобшук у асобным пакоі дзеля мінімізацыі вашага дыскамфорту. 

Дбайце пра асабістую бяспеку нават у «бяспечных» месцах

Існуе распаўсюджаны міт пра тое, што ў «гееўскіх раёнчыках» бяспечна, а на вёсцы не зусім. 

Насамрэч ЛГБТ+ кварталы могуць прывабліваць кішэнных злодзеяў, рабаўнікоў, агрэсіўных гамафобаў і гвалтаўнікоў. У шмат якіх гарадах ЛГБТ+ раёны даволі маленькія і аточаныя з усіх бакоў падазронымі наваколлямі. 

Таму сачыце за вашымі каштоўнымі рэчамі ў кавярнях, барах і клубах. Таксама не пакідайце гаманец або пашпарт у кішэні курткі або ў сумцы, якую можна лёгка вырваць з рук. 

Пакідаючы памяшканне, будзьце пільныя, бо настроі мінакоў могуць быць не такімі прыязнымі, як падаюцца. Лепш ісці па добра асветленых вуліцах з інтэнсіўным дарожнымі рухам, асабліва калі вы шпацыруеце на самоце. 

Не забывайцеся, што пасля паездкі вы можаце адчуць стому, адчуванне «джэтлэгу», калі арганізм не паспявае за зменай часавых паясоў, і хваравітасць. Як і алкагольныя напоі, падарожжы робяць вас больш уразлівымі. 

Калі нехта накідваецца на вас або робіць абразлівыя каментары пра вашу сэксуальную арыентацыю ці гендар, найлепш праігнараваць крыўдзіцеляў і перайсці ў бяспечнае месца. 

Калі вам здаецца, што за вамі цікуюць, зхавайцеся ў людным месцы. Калі ж нехта вас адкрыта рабуе, аддайце свае каштоўнасці і не супраціўляйцеся. 

На жаль, гамафобная і трансфобная паліцыя можа быць больш зацікаўленай у вашым пераследзе, як прадстаўніка ЛГБТ+ супольнасці, чым у аказанні вам дапамогі, як ахвяры злачынства. Гэта можа тычыцца нават фізічных нападаў, згвалтаванняў або рабунку. 

Таму, калі вы сталіся ахвярай злачынства, найперш шукайце падтрымкі ў надзейнага сябра або ў вашай амбасадзе перад тым як распавесці пра здарэнне камусьці іншаму. 

ЛГБТ

Фота: Будзьце пільнымі нават калі думаеце, што знаходзіцеся ў бяспецы. ЛГБТ+ кварталы і мерапрыемствы могуць прыцягваць злачынцаў. Крыніца: Pixabay

Выкарыстанне грамадскіх прыбіральняў і пераапранальняў 

У некаторых краінах трансгендарныя людзі могуць мець складанасці з выкарыстаннем грамадскіх прыбіральняў. 

Законы адрозніваюцца ад краіны да краіны. У ЗША яны адрозніваюцца ў кожным штаце. У Фларыдзе, Арызоне, Кентукі і Тэхасе існуюць мясцовыя законы супраць прыбіральняў для трансгендараў. У Каліфорніі, Вермонце, Нью-Мексіка ды Ілінойсе наадварот дзейнічаюць законы ў абарону трансгендарных людзей. 

У Сінгапуры і Тайландзе пасля аперацыі па карэкцыі полу вы можаце выкарыстоўваць толькі прыбіральню вашага сапраўднага полу. 

На практыцы ступень даступнасці да слушных распранальняў і прыбіральняў залежыць ад капрызаў асобных карпарацый, арганізацый і асобаў.

Спатканні з мясцовымі

Вандроўнікам з ЛГБТ+ супольнасці шанцуе, што часцяком ім вельмі проста знайсці новых знаёмых сярод мясцовых. Знаходжанне новых сяброў можа стаць найлепшай часткай вашага адпачынку і дапаможа зняць нудоту падчас камандзіроўкі. 

Аднак існуюць небяспекі. Гэтак некаторыя злачынцы адмыслова шукаюць людзей у ЛГБТ-барах або на тэматычных сайтах знаёмстваў з мэтай рабунку і шантажу. Таксама паліцыя можа выкарыстоўваць анлайн-прыкладанні для знаёмстваў для таго, каб завесці ЛГБТ-людзей у пастку. У некаторых ісламскіх краінах існуе рэлігійная паліцыя, якая дзейнічае як паліцыя нораваў і дбае пра выкананне законаў шарыяту. 

Асабліва небяспечнымі могуць быць плешкі, бо пра іх добра ведаюць і паліцыя, і злачынцы. 

Будзьце прыязнымі з мясцовымі, але ж праяўляйце пільнасць. Не пакідайце свае напоі без нагляду, бо ў іх могуць падкінуць наркотыкі. Таксама будзьце асцярожныя, калі незнаёмец прапануе вам выпіць. 

Калі вы выкарыстоўваеце анлайн-прыкладанні для знаёмстваў ці дамаўляецеся з кімсьці аб спатканні, не раскрывайце занадта шмат інфармацыі асабістага характару. У першы раз лепш дамовіцца на спатканне ўдзень у грамадскім месцы. Ідэальна, калі побач будзе ваш сябра або калі вы распавядзеце вашаму сябру, куды збіраецеся ісці. Сплануйце як будзеце дабірацца да месца спаткання і назад самастойна. Не пагаджайцеся, каб вас падвозіў незнаёмец. 

Падчас першага спаткання будзе нашмат болей шанцаў трымаць сітуацыю пад кантролем, калі вы будзеце цвярозымі. 

Выказванне павагі і наданне дапамогі ЛГБТ-людзям

Нягледзячы на пераслед і бяспраўе, мясцовыя ЛГБТ+ актывісты і каардынатары праваабарончых кампаніяў звычайна не заклікаюць байкатаваць свае краіны. Яны спадзяюцца, што турызм і замежныя грошы змогуць палепшыць становішча ў іх на радзіме. 

Таму, калі вам спадабалася замежная вандроўка і мясцовыя людзі, з якімі вы пазнаёміліся падчас яе, паспрабуйце ім дапамагчы. 

Найбольш эфектыўны шлях палепшыць жыццё мясцовых людзей з ЛГБТ-супольнасці – падтрымаць непасрэдна арганізацыі ЛГБТК+, якія існуюць у гэтых замежных краінах з неспрыяльнай прававой сітуацыяй для ЛГБТК+. Але гэта не заўсёды проста. Таму добрай ідэяй будзе зрабіць ахвяраванне міжнародным ЛГБТ-арганізацыям, далучыцца да кампаніяў або падпісаць петыцыі. 

Супольнымі намаганнямі мы ў стане зрабіць нашу глабальную тэматычную супольнасць больш бяспечнай і шчаслівай. 

Крыніца: https://www.gaystarnews.com/article/the-safety-tips-every-lgbt-person-should-act-on-before-they-travel/

Читайте также: Восемь лучших стран мира для ЛГБТ людей