Швейцарскія біскупы: Забарона шлюбаў — гэта добра для лесбіянак і геяў
У сераду Нацыянальная рада Швейцарыі канчаткова прагаласуе за адкрыццё шлюбаў для аднаполых пар. Супрацьстаянне гэтаму сыходзіць ад каталіцкай царквы – з даволі абсурдным абгрунтаваннем.
У сваёй заяве ў мінулую пятніцу Швейцарская Канферэнцыя біскупаў (ШКБ) выказалася супраць гэтакіх шлюбаў. Свой пратэст супраць прававога раўнапраўя для геяў і лесбіянак вярхоўныя каталікі і іх канфедэрацыя абгрунтавалі даволі дзіўным аргументам: адкрыццё грамадзянскіх шлюбаў зусім не ў інтарэсах гомасексуалаў, заяўляюць 14 чальцоў ШКБ.
Дарэчы, увогуле біскупы прыклалі шмат намаганняў, каб сваю адмову роўных правоў сфармуляваць больш-менш дружалюбным чынам. Адразу ў першым сказе ШКБ заявіла, што “неабходнасць пераадолення дыскрымінацыі любых відаў асабліва ляжыць у сэрцах”. Ва ўсялякім выпадку, ёсць “адрозненне паміж дыскрымінацыяй і дыферэнцыяцыяй, прычым апошняя дагэтуль з’яўляецца найлепшым крытэрыем адрознення для надання большай вагі інтарэсам меншасцей”.
Біскупы хочуць узняць зарэгістраваныя партнёрскія стасункі
ШКБ мякруе, што “для аднаполых пар было б больш мэтазгодным, калі дзейнае заканадаўства было б скарэктавана сыходзячы з гледзішча зарэгістраваных партнёрстваў замест увядзення шлюбу для ўсіх”, гаворыцца далей у памянёнай заяве. Адкрыццё шлюбаў “у рэшце рэшт прывяло б да ўніфікацыі розных жыццёвых ладаў і праектаў”, засцерагаюць высокапастаўленыя каталікі.
Ад 2007-га году геі і лесбіянкі ў Швейцарыі могуць ствараць пары, аднак з абмежаванымі правамі. Праз шлюбы для ўсіх зарэгістраванае партнёрства ў будучыні было б скасаванае; як у Германіі, існуючыя партнёрствы маглі б ператварыцца ў шлюбы або і далей існаваць з ранейшымі правамі і абавязкамі.
“ШКБ заклікае да пошуку вырашэння, якое б улічвала справядлівыя запыты ЛГБТІ-людзей дзеля прызнання іх роўнасці ў плане грамадзянскіх правоў і сацыяльных выгодаў”, адзначаецца ў пазіцыі біскупаў. “Такое рашэнне магло б адначасова паспрыяць станоўчай дыферэнцыяцыі ўсіх людзей і павазе іх разнастайнасці ды абароне правоў дзяцей”.
У сераду Нацыянальная рада прагаласуе
Праз шэсць месяцаў пасля Нацыянальнай рады, швейцарскага парламента, 1-га снежня за шлюбы для ўсіх выказалася і Рада кантонаў. Аднак на расчараванне ЛГБТІ-аб’яднанняў яна адхіліла прапанову, каб дзве пабраныя шлюбам жанчыны, якія прыватна здавалі семянны матэрыял, аўтаматычна абедзве лічыліся маці. Акурат у наступную сераду Нацыянальная рада канчаткова прагаласуе па версіі Рады кантонаў. Большасць ужо падаецца відавочнай.
Пасля канчатковага галасавання праціўнікі адкрыцця шлюбаў яшчэ могуць сваімі высілкамі ініцыяваць рэферэндум па гэтым пытанні, калі цягам ста дзён у іх атрымаецца сабраць мінімум 50 000 подпісаў. Маленькая евангелічная партыя EDU, якая ў парламенце мае адно месца з двухсот, прынамсі ўжо заявіла пра такі свой намер.