Бутан: Абедзве палаты парламента выступілі за адмену забароны на гомасэксуальнасць
Будысцкае каралеўства робіць вялікі крок да адмены забароны на гомасэксуальнасць з часоў брытанскай каланізацыі.
Абедзве палаты парламента невялікай паўднёва-азіяцкай дзяржавы Бутан у сталіцы Цхімпху прагаласавалі за адмену забароны на гомасэксуальнасць. 63 з 69 дэпутатаў, згодна паведамлення Ройтэрс, аддалі свае галасы за адмену абодвух артыкулаў Крымінальнага кодэксу 213 і 214, якія прызнаюць “ненатуральны сэкс”, у тым ліку “блуд” і “аднаполыя палавыя стасункі” супярэчлівымі прыродзе і прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін да аднаго году.
Амаль паўтары гады таму адна з дзвюх палат парламента, Нацыянальны сход, прыняла адпаведную пастанову. Пасля гэтага дзве палаты не маглі прыйсці да еднасці датычна дэталяў рэформы, у выніку чаго прыняцце канчатковага рашэння зацягнулася. Пасля ухвалення абедзвюма палатамі зацвердзіць набыццё заканадаўчай рэформай сілы сваім подпісам цяпер мусіць толькі кароль Джыгме Кхесар Намг’ел Вангчук.
Пра факты пераследу за гомасэксуальныя дзеянні ў гэтым каралеўстве дагэтуль нічога не вядома. Тым не менш, невялічкая ЛГБТІ-супольнасць скардзіцца, што гэтыя два крымінальныя артыкулы перашкаджаюць паляпшэнню сітуацыі з прызнаннем сексуальных меншасцей. Гэтыя законы паходзяць яшчэ з часоў брытанскай каланізацыі.
Міністр фінансаў: Забарона на гомасэксуальнасць шкодзіць рэпутацыі краіны
Адмену варожых у дачыненні да гомасэксуальнасці законаў падтрымлівае і ўрад. Міністр фінансаў Ліонпа Намгай Тсхерынг яшчэ летась заяўляў, што забарона з’яўляецца “празмернай” і шкодзіць міжнароднай рэпутацыі краіны.
ЛГБТІ-супольнасць у Бутане яшчэ вельмі маладая. Тасхі Тсерынг, актывіст групы “Вясёлкавы Бутан”, паведаміў у інтэрв’ю “Vice”, што гэтая супольнасць узнікла толькі ў 2010-м годзе.
Бутан знаходзіцца паміж Індыяй і Кітаем і па памеры прыкладна такі ж, як Швейцарыя. Там пражываюць каля 750 000 чалавек. ЛГБТІ дагэтуль ніяк не ахоплены заканадаўча – няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, няма шлюбаў для аднаполых пар і няма магчымасці для ўсынаўлення імі дзяцей. Да таго ж, транс-людзі не маюць права на прававое прызнанне абранага імі полу.