Албанскія сябры. “Трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе…”

время чтения: 4 мин

Фотажурналістка-фрылансерка з Тыраны Ларэта Цука – аўтарка першай фотавыставы, прысвечанай ЛГБТК-людзям Албаніі. Гэта балканская краіна яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму была наглуха закрытым ад усяго свету бастыёнам сталінізму. А цяпер кандыдат на ўступленне ў Еўразвяз спрабуе павярнуцца тварам да чалавека.

— Ларэта, распавядзіце, калі ласка, крыху пра сябе і пра сваю матывацыю да праваабарончай дзейнасці ў журналістыцы.

— Я жыву ў Тыране. Мне 28 год. З 2016 года я практычна кожны дзень займаюся сацыяльнай фотажурналістыкай. Раблю фотарэпартажы. Асвятляла першы албанскі ЛГБТ-парад у 2019 годзе. Мне цікава наведваць іншыя гарады і дапамагаць ЛГБТ-людзям рабіць камінаўт у масмедыя, калі яны маюць на тое жаданне.

Як журналістка, я супрацоўнічаю з разнастайнымі СМІ, але мая асноўная тэма – ЛГБТ.

 Албанскія сябры. “Трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе…”— Чаму?

— Мне самой было вельмі цяжка зрабіць камінаўт перад маёй сям’ёй, маімі сябрамі. Таму хочацца падтрымаць іншых.

Для сябе я зрабіла выснову, што, робячы камінаўт, трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе. Калі навакольныя бачаць, што вы поўныя любові да іх, ім прасцей вас прыняць такімі, якімі вы ёсць. І людзі ў такім выпадку задумваюцца над тым, што геі – добрыя людзі.

Два гады таму я пачала фотадакументаваць жыццё мясцовай ЛГБ і, асабліва, трансгендарнай супольнасці. Занялася стварэннем фотагісторыяў, абразкоў з рэальнымі тварамі рэальных людзей. Вынікам гэтай дзейнасці сталася першая ў гісторыі Албаніі фотавыстава пра жыццё прадстаўнікоў мясцовай ЛГБТК-кам’юніці. Людзі, якія пагадзіліся ўзяць удзел у фотапраекце, распавядалі, што стаміліся ад патрэбы хавацца, змагацца за свае правы. Ім проста хацелася выйсці з ценю і паказаць, што яны ганарацца сабой.

Зараз я рыхтую другую фотавыставу  пра жыццё дрэг-квін Косава. Яе адкрыццё планавалася на кастрычнік-лістапад 2020 года, але давялося адтэрмінаваць з-за пандэміі. У адрозненне ад жыхароў Албаніі, касавары больш эмацыйныя людзі і больш адкрытыя да дрэг-культуры.

Албанскія сябры. “Трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе…” — Што вы маеце на ўвазе пад словам “дакументаваць”?

— Я практычна цэлымі днямі знаходжуся побач з героямі маіх фотагісторыяў. Мне важна адчуць іх думкі, іх боль, іх барацьбу за кавалак хлеба. Напрыклад, паназіраць, як трансгендарныя асобы жывуць міні-суполкамі. Часцяком іх выштурхоўваюць з дома. Для іх вельмі складана зняць кватэру. Таму яны аб’ядноўваюцца. Для трансгендарных мужчын у Албаніі вельмі цяжка знайсці працу. Таму шмат хто з іх уступае на сцяжыну сэкс-бізнэсу. Але кранальна тое, што нават з гэтага невялікага прыбытку яны нярэдка спрабуюць нешта перавесці сваім блізкім.

  — Ці лёгка Вам, як фрылансерцы, прадаць свае журналісцкія матэрыялы?

  — Я стараюся рабіць якасны журналісцкі прадукт. Таму праблемаў з гэтым звычайна не ўзнікае. Я сама падшукваю СМІ з добрай рэпутацыяй, якія не дэфармуюць мае фотагісторыі. Калі СМІ бачаць, што вы гадамі жывяце сваёй працай, а не проста спрабуеце прадаць, каб прадаць свае матэрыялы, да вас іншае стаўленне.

 Праблема палягае ў іншым. У Албаніі варыянт нормы рабіць копіпаст фота з анлайн-медыяў іншымі СМІ. Пры гэтым вам, вядома, ніхто нічога не даплочвае. І добра, калі гэтыя іншыя СМІ, прынамсі, не скажаюць ідэю вашай фотагісторыі…

  Албанскія сябры. “Трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе…”— У Беларусі летась больш за 55000 вернікаў розных канфесіяў даслалі ліст да дзяржаўных уладаў з патрабаваннем “спыніць ЛГБТ-прапаганду ў СМІ”. Як з гэтым справы ў Албаніі?

— Ой. Трэба як мага хутчэй бегчы з такой краіны!!! Такога цемрашальства ў Албаніі няма. Ёсць, вядома, кансерватыўныя рэлігійныя групы, прадстаўнікі якіх могуць выказвацца дастаткова агрэсіўна ў сацсетках. Звычайна гэта людзі больш сталага веку, якія кажуць, што “Алах забараняе быць геем ці лесбійкай”. Маладзейшыя вернікі больш спакойныя. Яны могуць быць дастаткова пабожнымі, але гэта не перашкодзіць ім сябраваць з вамі.

Калі я рабіла выставу, начулася рознага ў мой бок у сацсетках. Але такой бяды.

 — Ці сутыкаліся з супрацьдзеяннем ці цкаваннем у СМІ падчас выставы?

— Сутыкалася са скажоным і завужаным успрыманнем мяне, як “фатографкі геяў”. Але ж я фотажурналістка! І мне не проста падабаецца фатаграфаваць ЛГБТ-людзей. Я хачу данесці іх мэсыдж, зрабіць іх больш бачнымі ў нашым грамадстве. Хачу распавесці пра выклікі, з якімі яны сутыкаюцца ў жыцці.

Шмат хто з маладога пакалення ЛГБТ-людзей не мае ўласнага жытла, жыве з бацькамі. І гэтым людзям бракуе месца для асабістага жыцця. Можна, вядома, пацалавацца з партнёрам у прыбіральні. Але трэба, каб было месца для вас. Час задумацца, чаму ЛГБТ-людзі нешчаслівыя ў Албаніі. Чаму чатыры з пяці маладых ЛГБТ-людзей, якіх я дакументую штодня, не бачаць для сябе месца ва ўласнай краіне і мараць пра эміграцыю.

Албанскія сябры. “Трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе…” — Ці існуюць нейкія гей-фрэндлі клубы або бары ў Тыране ці Дурэсе?

— Існуе пара-тройка напаўадкрытых гей-фрэдлі бараў у Тыране, вядомых у вузкіх колах. Аднак па-за межамі сталіцы знайсці штосьці складана. У Дурэсе дакладна няма. Мая сяброўка з Італіі сустракаецца з дзяўчынай з Дурэса і шалее ад таго, што ім няма куды пайсці, дзе б яны маглі быць самімі сабой. Патрымацца за руку. Пацалавацца.

Яшчэ такая справа. Для мяне, як адкрытай бісэксуалкі, вельмі складана знайсці партнёрку, з кім можна выйсці ў свет. Людзі нават баяцца часам зрабіць са мной сэлфі. Кажуць, што іх прызнаюць за лесбіек і ў іх будуць з-за гэтага праблемы.

Албанскія сябры. “Трэба дзяліцца з іншымі любоўю, якую прызапасіў для сябе…”— Як успрыняла твой камінаўт сям’я?

— Спакойна. Тата пажартаваў: “Прынамсі, не камуністка”…

 — Апошняе пытанне. Ці параіце штосьці ЛГБТК-журналістам і журналісткам з Беларусі? Як не выгарэць? Як не ўпасці ў адчай?

— Калі робіш нешта самааддана, твая праца прыносіць плён і твае мары робяцца рэальнасцю. Нават калі ў вас зараз няма СМІ, дзе вы маглі б апублікаваць ваш журналісцкі матэрыял на тэму ЛГБТ, захавайце яго на будучыню.

Часам мяне цешыць думка пра тое, што, убачыўшы мой матэрыял у СМІ, дзвесце чалавек пасмяюцца ці пройдуць міма, а адзін чалавек не накладзе на сябе рукі, жывучы ў глухой албанскай вёсцы, дзе жыццё для ЛГБТ-людзей невыноснае. Дзе блізкія хочуць сілком выдаць цябе замуж і распараджаюцца на свой розсуд тваім жыццём. Мая публікацыя робіць гэтага чалавека шчаслівым. І я шчаслівая таксама з гэтай нагоды.

Самае галоўнае – каб ставала моцы на тое, каб несці гэты пазітыў і добрае слова людзям у наш няпросты час…