“Aleanca”: піянеры албанскага Прайду
Першы прайд у Албаніі адбыўся ў Тыране ў 2012 годзе. У ім узяло ўдзел усяго каля дзесяці чалавек, пераважна праваабаронцы. Апошні афлайн-прайд у 2019 годзе сабраў ужо каля 400 прадстаўнікоў мясцовай ЛГБТК-супольнасці, дзякуючы настойлівай працы НДА “Aleanca” і яе партнёраў. Распавядае Лібія, кіраўнічка арганізацыі…
— Расскажыце, калі ласка, пра Ваш досвед працы ў праваабароне ЛГБТК. А таксама пра задачы, якія стаяць перад Вашай арганізацыяй.
— Вось ужо сем год я займаюся абаронай правоў ЛГБТК-людзей у Албаніі. Сам праваабарончы рух албанскай ЛГБТК-супольнасці зарадзіўся крыху раней, з заснавання Альянсу ЛГБТ-людзей Албаніі супраць дыскрымінацыі ў 2009 годзе. Напачатку гэта была суполка самападтрымкі, група людзей, якія хацелі змяніць навакольную рэчаіснасць, у якой ЛГБТ-людзей па меркаванні шырокай грамадскасці не існавала. На пачатку гэта было нефармальнае задзіночанне, якое існавала практычна ў падполлі. Праз два гады атрымалася зарэгістраваць НДА пад назвай “Aleanca”. Пачаў штодзённую працу Інфармацыйна-дарадніцкі цэнтр. Распачалося ўзаемадзеянне на глебе адвакатавання з афіцыйнымі ўладамі Албаніі. Не падумайце, што ў нас поўнае ўзаемаразуменне з уладамі. Гэта далёка не так. Мы звяртаемся да ўрада з прапановамі аб прыняцці новых законаў, якія б абаранялі правы ЛГБТК-людзей, аб унясенні зменаў у існуючыя прававыя акты. Таксама звяртаем увагу афіцыйных асобаў на існаванне ў краіне ўжо на працягу 10 год Закона аб барацьбе з дыскрымінацыяй, які ў дачыненні ЛГБТК-людзей практычна не выконваецца. Аднак зваротная сувязь пакідае жадаць лепшага.
Такім чынам, асноўныя задачы, якія стаяць перад НДА “Aleanca” – надаванне прамых паслугаў прадстаўнікам ЛГБТК-супольнасці, а таксама правядзенне асветніцкай дзейнасці і адвакатавання.
Менавіта “Aleanca” была арганізатарам першага албанскага Прайду ў 2012 годзе.
— Ці праводзіце вы адукацыйныя мерапрыемствы па тэматыцы ЛГБТК+ для журналістаў і СМІ?
— Мы ладзім трэнінгі для шырокага кола адмыслоўцаў, але ў першую чаргу тых, хто непасрэдна аказвае паслугі ЛГБТК-людзям і тых, хто праз прыняцце рашэнняў можа паўплываць на якасць іх жыцця – псіхолагі, сацыяльныя работнікі, лекары, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў.
Асноўная праблема, з якой яны сутыкаюцца, – гэта адсутнасць дастатковай інфармацыі пра ЛГБТК, няведанне праблематыкі. Як след, здараецца ненаўмыснае дыскрымінаванне ЛГБТК-людзей падчас надання паслугаў. У выніку прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці проста не звяртаюцца да адмыслоўцаў па дапамогу.
Мы спрабуем наладзіць камунікацыю паміж супольнасцю і адмыслоўцамі, паспрыяць лепшай абазнанасці апошніх пра ЛГБТК. На добры лад гэтай справай мае займацца дзяржава, бо “Aleanca” не мае рэсурсаў, каб выйсці на ўсіх прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці Албаніі. Аднак кожны новы ўрад прыводзіць з сабою новы кагал адмыслоўцаў. І нашая песня пачынаецца з самага пачатку…
Вы здзівіцеся, але на сённяшні дзень існуе ажно два Планы дзеяння па дасягненні роўнасці і недыскрымінацыі ЛГБТК+ у Албаніі. Аднак гэта ўсяго-толькі замыльванне вачэй, імкненне стварыць сабе добрую рэпутацыю на шляху ўступлення краіны ў ЕС. На жаль, напісанае на паперы не выконваецца. Як след, ЛГБТК-людзі проста губляюць надзею хоць на якія станоўчыя змены ў сваім жыцці.
Што тычыцца навучання журналістаў стандартам асвятлення ЛГБТ-праблематыкі ў СМІ, гэтым займаецца іншая арганізацыя – Pro-LGBT – у супрацы з намі. Асноўным чынам мы навучаем студэнтаў журналістыкі, бо вядоўцы і практыкуючыя журналісты часцяком занадта занятыя, каб браць удзел у нашых варштатах. Таму ў выпадку, калі з’яўляюцца нізкаякасныя неэтычныя журналісцкія матэрыялы, мы звычайна падаем на такіх аўтараў скаргі ў Камісію па супрацьдзеянні дыскрымінацыі і ў Камісію па этыцы ў тэлерадыёвяшчальных СМІ.
“Aleanca” ладзіць штогадовыя апытанні прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці Албаніі, каб зрабіць замеры ўзроўню дыскрымінацыі, мовы варожасці, злачынстваў на глебе варожасці, сямейнага гвалту ў краіне. Вось які год большасць рэспандэнтаў кажа, што дзве сферы жыцця, дзе яны зазнаюць найбольшую ступень дыскрымінацыі – сям’я і школа. Гэта вельмі дрэнна, бо апынаецца, што прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці выключаныя з найбольш важных інстытутаў, ад якіх яны мелі б чакаць патрымку. Улады ніяк не рэагуюць на гэта становішча, не выказваюць публічную падтрымку ЛГБТК-людзям. Яны кажуць пра падтрымку нас за зачыненымі дзярыма. Аднак абяцанкі-цацанкі, якія ніколі не выконваюцца, не маюць сэнсу.
— Распавядзіце, калі ласка, як вы ладзіце апытанкі. Колькі людзей бярэ ў іх удзел? Як вы іх прасоўваеце?
— Мы вельмі актыўна працуем у сацыяльных сетках. Таксама ладзім апытанкі ў форме дыскусіяў падчас фокус-групаў у нашым Інфармацыйна-дарадніцкім цэнтры ў Тыране.
У нашым апошнім даследаванні пра ўплыў пандэміі COVID-19 на якасць жыцця ЛГБТК-людзей узяла ўдзел 228 рэспандэнтаў. Вынікі гэтага апытання вельмі турбуюць.
Паводле іх албанская ЛГБТК-супольнасць не атрымала ніякай падтрымкі падчас пандэміі з боку дзяржавы. У тым ліку ЛГБТК-людзі не мелі доступу да сацыяльных датацыяў, якія атрымоўвалі іншыя людзі ў нядолі. “Aleanca” была адзінай НДА, якая аказвала непасрэдную дапамогу ЛГБТК-людзям. Аднак нашыя магчымасці вельмі абмежаваныя.
Лакдаўн працягваўся ў Албаніі на працягу двух з паловай месяцаў. Падчас гэтага перыяду ЛГБТК-людзі не маглі прыехаць з рэгіёнаў у Тырану, каб атрымаць лекі для ВІЧ-тэрапіі ці для лекавання іншых хваробаў. Павялічылася колькасць людзей з супольнасці без сталага месца жыхарства. Пашырылася беспрацоўе. Асабліва жорсткі ўдар зазналі трансгендарныя асобы. Згубіўшы працу, яны не мелі грошай на аплату жытла. І не маглі вярнуцца ў свае сем’і, якія адрынулі іх раней.
“Aleanca” рабіла ўсё магчымае, каб дапамагчы гэтым людзям. Скампенсоўвалі кошт арэнднага жытла, арганізоўвалі знаходжанне ў Шэлтары, на базе нашага офіса рабілі экспрэс-тэсты ЛГБТК-людзей на ВІЧ і ІППШ, дастаўлялі медыкаменты, арганізоўвалі псіхалагічныя анлайн-кансультацыі. За дзевяць месяцаў, пачынаючы з сакавіка 2020 года, мы распаўсюдзілі каля 600 сухпайкоў сярод найбольш абяздоленых прадстаўнікоў албанскай ЛГБТК-супольнасці. Гэта тыя паслугі, якімі павінна займацца дзяржава. І ўлады ведаюць з нашых даследаванняў пра існаванне гэтых вялізных праблемаў. Аднак не робяць нічога для іх вырашэння.
— У вас, мабыць, вялікая каманда?
— Зусім невялікая. Нас усяго пяцёра ў арганізацыі. Пад выкананне канкрэтных задачаў мы таксама час ад часу запрашаем валанцёраў. Напрыклад, падчас Прайду. Наша моц – у дасягненні сінергіі з іншымі НДА, якія працуюць у сектары праз дакладны падзел дзейнасці і шчыльнае ўзаемадзеянне паміж сабою. Гэтак арганізацыя Pro-LGBT, якая складаецца з медыйшчыкаў – голас албанскай “тэматычнай” супольнасці. STREHA надае непасрэдную падтрымку ЛГБТК-людзям, забяспечваючы іх жытлом на пэўны час або скампенсоўваючы кошт арэнды жытла.
— Калі ласка, акрэсліце тэзісна, з якімі перашкодамі і выклікамі вам даводзіцца сутыкацца ў праваабарончай дзейнасці на карысць ЛГБТК-супольнасці Албаніі.
— Першае. Адсутнасць увагі з боку дзяржавы да правоў чалавека наогул і да правоў ЛГБТК-людзей у прыватнасці. Мы насамоце. Без падтрымкі. Трэба заўважыць, што “тэматычная” супольнасць у краіне вялікая. Шмат ЛГБТК-людзей зазнаюць дыскрымінацыю па некалькіх прыкметах: прадстаўнікі народнасці рома, ВІЧ+ і інш.
Другое. Вельмі шмат прадстаўнікоў албанскай ЛГБТК-супольнасці думаюць аб эміграцыі. Гэта надзвычай засмучае. Ці не далёка той момант, калі паўстане пытанне: дзеля каго я тут змагаюся? Часам задумваешся: ці прынесла нешта станоўчае мая праца, калі ўсе хочуць з’ехаць? Паводле вынікаў нашага апытання албанскіх ЛГБТК-людзей у 2019 годзе 80% рэспандэнтаў ужо з’ехалі з краіны або думаюць гэта зрабіць у бліжэйшы час.
Трэцяе. Неналежная правапрымяняльная практыка. Адсутнасць зменаў у Кодэксе аб сям’і, якія мы прасоўваем, каб забяспечыць легальную магчымасць вядзення супольнай гаспадаркі для ЛГБТК-людзей. Дэ-факта такіх выпадкаў сужыхарства шмат. Аднак дэ-юрэ яны не прызнаюцца.
Чацвёртае. Адсутнасць заканадаўства аб гендарнай ідэнтычнасці. Нягледзячы на тое, што, дзякуючы, у тым ліку, і нашай асветніцкай дзейнасці трансгендарная супольнасць у апошнія 4-5 год дастаткова бачная ў албанскіх медыя, трансгендарныя людзі ці не найменш абароненыя законам у Албаніі. Яны не маюць права на гендарны пераход. Не маюць права на атрыманне гармоназамяшчальнай тэрапіі. У албанскіх прыватных клініках гэтыя паслугі надзвычай дарагія. Зважаючы на тое, што шмат трансгендарных людзей у Албаніі засталіся без сталага месца жыхарства або працы, яны ў прынцыпе не могуць сабе дазволіць наведванне прыватных медустаноў.
— Ці робіцца вамі нешта для павышэння фінансавай устойлівасці ЛГБТК-людзей Албаніі?
— У супрацы з Шэлтэрам STREHA ўжо шмат год мы праводзім трэнінгі для ЛГБТК-людзей па прафесійным навучанні. Таксама мы стала ўзаемадзейнічаем з кіраўнікамі бізнэс-структураў, звяртаючыся да іх па працоўныя прапановы і па прапановы стажавання для прадстаўнікоў нашай мэтавай групы. Праблема палягае ў тым, што шмат прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці вымушана сыходзяць са школы з-за пакутаў ад цкавання і дыскрымінацыі. Адпаведна, без падставовага ўзроўню набытай асветы ім цяжка выйсці на рынак працы. Таму адна з нашых задачаў – стварыць магчымасць для ЛГБТК-моладзі па атрыманні базавай адукацыі. У гэтай справе мы супрацоўнічаем з моладзевымі НДА, асабліва ў рэгіёнах. Таксама гэтыя моладзевыя НДА надаюць парады па заснаванні ўстановаў сацыяльнага бізнэсу. Сярод іншага, мы інфармуем мясцовыя ўлады, якія даюць невялікія гранты пад адкрыццё малых прадпрыемстваў, аб тым, што такая дапамога вельмі патрэбная ЛГБТК-людзям.
— Ці ёсць у Албаніі месцы, дзе ЛГБТК-людзі могуць бяспечна сабрацца і бавіць час?
— На жаль, акрамя Тыраны, больш нідзе. Праблема палягае ў тым, што ў Албаніі пераважна маленькія мястэчкі. І там усе адно аднога ведаюць у твар. Таму мясцовая ЛГБТК-моладзь імкнецца як мага хутчэй збегчы ў сталіцу. На жаль, маладзёны не здагадваюцца, што іх тут чакаюць новыя праблемы – жорсткі рынак працы і рызыка апынуцца без даху над галавой. Мы шчыльна супрацоўнічаем з рэгіянальнымі моладзевымі НДА, каб яны спрыялі стварэнню бяспечнага асяроддзя для ЛГБТК-моладзі ў правінцыі і папярэджвалі маладзёнаў пра выклікі, з якімі ім давядзецца сутыкнуцца ў сталіцы і вялікіх гарадах.
— Дзякуй вялікі за цікавы расповед, Лібія. Напрыканцы, ці параіце штосьці з вышыні свайго досведу ЛГБТК-праваабаронцам і журналістам Беларусі?
— З таго, што я бачу і чую, вы – сапраўдныя героі. Жадаю вам знайсці моц рухацца наперад. Хаця б дзеля лепшае долі будучых пакаленняў ЛГБТК-людзей Беларусі.