МА заклапочана пагаршэннем сітуацыі з ЛГБТ падчас карона-крызісу
Дыскрымінацыя і рэпрэсіі вярнуліся ў 2020 годзе: цягам карона-пандэміі, паводле новага дакладу, правы чалавека па ўсім свеце зноў трапілі пад колы – гэтаксама і сітуацыя з квір-людзьмі істотна пагоршылася ў многіх рэгіёнах.
“Міжнародная амністыя” (МА) заяўляе пра істотнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека для мільёнаў людзей па ўсім свеце падчас карона-крызісу. У многіх рэгіёнах пандэмія ўзмацніла няроўнасць, дыскрымінацыю і ўціск, заявіла арганізацыя з нагоды апублікавання яе гадавога дакладу. Крызіс быў скарыстаны многімі краінамі, каб яшчэ больш абмежаваць прававую дзяржаўнасць і свабоду меркаванняў.
Даклад таксама канстатуе пагаршэнне становішча сексуальных і гендарных меншасцей, якія часта рабіліся казламі адпушчэння: “У некаторых краінах палітычнае ці духоўнае кіраўніцтва абвінавачвала гэтыя групы і ўскладала на іх віну за распаўсюд вірусу. У асобных паўднёва-азіяцкіх краінах пад абвінавачанні траплялі мусульмане, у некаторых афрыканскіх і еўрапейскіх краінах – лесбіянкі, геі, бісексуалы, транс- і інтэрсексуалы”, адзначаецца ў дакладзе.
Праблемаю стаў таксама і дамашні гвалт: “Многія жанчыны, а таксама чальцы ЛГБТІ-супольнасці падчас лакдаўну былі вымушаны жыць пад адным дахам з людзьмі, якія над імі здзекваліся”. Праваабарончая арганізацыя накіравала ўрадам патрабаванне “тэрмінова зрабіць крокі па вяртанні да выканання правоў жанчын і ЛГБТІ і па спыненні дыскрымінацыі і гвалту праз самыя актыўныя дзеянні”.
У еўрапейскай частцы, што да становішча з ЛГБТІ, даклад крытыкуе такія краіны ЕС, як Польшча, Венгрыя і Румынія, за іх квір-варожыя ініцыятывы. Апроч таго, даклад канстатуе, што ў Расіі сексуальныя і гендарныя меншасці таксама падвяргаюцца “дыскрымінацыі і пераследу”.
Таксама крытыка заможных краін за размеркаванне ін’екцый
Далей МА выказала абурэнне дзеяннямі перад усім заможных краін у барацьбе з карона-вірусам. “Пандэмія ў вялікай ступені выявіла пасрэднасць і ілжывасць, эгаізм і падман пасярод моцных гэтага свету”, піша генеральны сакратар МА Агнэс Каламард у прадмове да дакладу.
Дакумент, перад усім, асуджае нявыгаднае становішча бедных краін пры размеркаванні ін’екцыйных матэрыялаў. Створаная для справядлівага забеспячэння Ініцыятыва Covax Сусветнай арганізацыі аховы здароўя фактычна праігнаравана Расіяй, ЗША і іншымі краінамі. Таксама больш за 90 краін увялі абмежаванні на экспарт сваіх медычнага абсталявання, сродкаў абароны, медыкаментаў і прадуктаў харчавання. “Пандэмія прадэманстравала, што свет сёння не ў стане эфектыўна рэагаваць на глабальныя падзеі і катаклізмы і справядліва супрацоўнічаць”, падсумоўвае Каламард вынікі барацьбы супраць пандэміі ў свеце.
У дакладзе таксама звяртаецца ўвага на недастатковасць абароны занятых у гліне аховы здароўя, пагаршэнне сітуацыі з уцекачамі і мігрантамі, узмацненне рэпрэсій супраць іншадумства ў многіх краінах. У раздзеле пра Германію крытыкуюцца, апроч іншага, правыя актыўнасці ў паліцыі і іншых структурах бяспекі.