«Навошта мне гэтае цела, калі ў душы я хлопец». Iнтэрв’ю з трансгендарным мужчынам з Беларусі
Глебу 18 год. Ён нарадзіўся ў адным з райцэнтраў Беларусі, усё дзяцінства правёў у Віцебску, а потым пераехаў вучыцца ў Мінску. На першы погляд ён самы звычайны мужчына, але мала хто ведае, што пры нараджэнні яго палічылі жанчынай. Глеб – трансгендарны мужчына, і восенню мінулага года ён стаў на ўлік па карэкцыі полу. Мы паразмаўлялі з хлопцам пра тое, як ён усвядоміў неабходнасць гендарнага пераходу для сябе.
Па словах Глеба, падсвядомае разуменне сябе мужчынам было ў ім заўсёды, і праяўляцца яно пачало ўжо з самага дзяцінства.
– У мяне заўсёды былі самыя крутыя пісталеты, аўтаматы, і я заўсёды гуляў з хлопцамі ў хлапечыя гульні. Праўда ў тыя гады яшчэ не было выразнага гендарнага падзелу сярод нас.
Ужо ў такім узросце бацькі Глеба пачалі навязваць яму гендарныя стэрэатыпы, якія плаўна перараслі ў першыя канфлікты ў сям’і.
– Груба кажучы, бацькі ўводзілі мяне ў нейкія рамкі, маўляў, дзяўчынкам – ружовае, а хлопчыкам – блакітнае. Пастаянна гучала фраза «ты ж дзяўчынка, ты не можаш сябе так паводзіць». Пыталіся прывучыць да гульняў з лялькамі. А калі я казаў, што мне гэта не цікава, мне проста закрывалі рот і прымушалі маўчаць. Былі пагрозы, што калі я не буду добрай дзяўчынкай, мяне аддадуць іншым людзям.
«Са мной нешта не так»
З пачаткам пераходнага ўзросту ў Глеба з’явіліся думкі пра тое, што ён нечым адрозніваецца ад сваіх аднагодкаў. У гэты ж перыяд пачалося адчужэнне свайго цела, якое хлопец ніяк не мог патлумачыць сабе.
– Я пачаў прачынаўся з думкамі пра тое, што так не павінна быць, што са мной нешта не так. Мне стала брыдкім маё цела, з’явілася жудасная нянавісць да яго. У мяне не было тады ведаў пра трансгендараў, і я не думаў, што такое ўвогуле бывае. Я не хацеў падымацца з ложка, а калі я збіраўся з сіламі, я глядзеў у люстэрка і не разумеў, навошта мне гэтае цела, калі ў душы я хлопец. Я ненавідзеў свае грудзі, заўсёды стараўся неяк іх схаваць, горбіўся, што ў выніку выклікала безліч праблемаў з пазваночнікам. Пазней я пачаў купляць сабе спартовыя топы на некалькі памераў большыя, каб неяк схаваць грудзі. Я ненавідзеў свой голас. Мне было брыдка, калі мне рабілі кампліменты пра тое, што я прыгожая дзяўчына.
«А ты што ў нас – цяпер хлопчык? Гэта ж смешна!»
Такія змены ў свядомасці Глеба не маглі не адгукнуцца на жыцці ў грамадстве. Па словах хлопца, вельмі многа праблемаў і непаразумення было з педагогамі ў школе, якія ніяк не хацелі прымаць праяўленні ягонага ўнутранага самаадчування.
– Настаўнікі адносіліся з падазрэннямі. Было многа пытанняў, спробаў прымусіць адрасціць валасы ды насіць спадніцу, бо «я ж дзяўчынка і не павінна ганьбіць школу».
Часам у школе даходзіла і да булінгу Глеба з боку настаўнікаў.
– У мой бок заўсёды было вельмі многа жартаў ад педагогаў. Часам было сапраўды крыўдна. Я звяртаўся наконт гэтага да намесніка дырэктара і да класнага кіраўніка, але выніку гэта не дало. Так я прыйшоў да школьнай псіхалагіні. Але якім было маё расчараванне, калі замест дапамогі ад яе я атрымаў “ты замошыр, ты ўвогуле не павінен вучыцца ў нашай школе!”.
Яшчэ вельмі яскравы прыклад – мой выпускны. Я павінен быў танцаваць вальс з дзяўчынай. Я з дзяцінства пра гэта марыў. Усе пра гэта ведалі і нічога супраць не казалі, нават бацькі іншых дзяцей добра ставіліся. Але ў нейкі момант мяне выклікала да сябе ўсё тая ж псіхалагіня і пачала казаць мне які я дрэнны, што я ганьба для школы, што я павінен адмовіцца танцаваць вальс. На мае пытанні чаму, мне нічога выразнага не адказалі. І пазней, на ўроку, адзін з настаўнікаў, які часта жартаваў з вучняў – і не заўсёды ўдала, – пачаў гаварыць пра мяне на ўвесь клас «А ты што ў нас – цяпер хлопчык? Гэта ж смешна!».
Глеб аказаўся не адзінай ахвярай булінгу ў школе.
– У нас былі яшчэ транс-персоны ў школе, на якіх так жа ціснулі. У некаторых выклікалі бацькоў на размову, маўляў, чаму вы не сочыце за сваімі дзецьмі. Пры гэтым казалі, што паводзіны транс-персонаў непрымальныя, што ў нас іншае грамадства, у якім падобнага не павінна быць. А таксама яны вельмі хваляваліся, што пра нашу школу падумаюць іншыя навучыльныя ўстановы. Нашы пачуцці іх зусім не цікавілі.
Але былі ў школе і светлыя моманты. Аднымі з першых самаідэнтычнасць Глеба прынялі ягоныя аднакласнікі.
– Гэта цудоўныя людзі, зусім не было негатыву з іхнага боку. Яны даўно ўсё заўважалі, і калі я расказаў ім, усе падтрымалі мяне і вельмі далікатна падышлі да сітуацыі. Самай першай пра ўсё даведалася мая найлепшая сяброўка. Яна сказала, што рада за мяне, рада таму, што я знайшоў сябе, і што мне так добра. На жаль, з аднакласнікамі цяпер бачымся рэдка, але ўсё яшчэ часам спісваемся, і яны цікавяцца маім пераходам (гендарны пераход), і па-ранейшаму падтрымліваюць мяне.
У гэты ж час канфлікт Глеба з бацькамі дасягнуў свайго максімуму.
– У 11 класе я самастойна пачаў замяняльную гармонатэрапію, прасцей кажучы, прыём тэстастэрону. А калі ў лістападзе 2020 года я сказаў, што стаў на ўлік па карэкцыі полу, мне паставілі ўмовы: мне аплочваюць курс жаночых палавых гармонаў, каб «усё стала як трэба», толькі тады я змагу вярнуцца ў сям’ю. Я спрабаваў знайсці кампраміс, але не атрымалася. Мяне проста выгналі з сям’і, а таксама забаранілі мець зносіны з малодшай сястрой ды іншымі сваякамі. Хацелі нават, каб я змяніў прозвішча.
Цяпер хлопец вучыцца ў адным з каледжаў Мінска і гаворыць, што гэта найлепшая навучальная ўстанова ў плане адносінаў да яго. Педагогі ставяцца да Глеба з павагай і звяртаюцца як да мужчыны. Яго нават запісалі ў мужчынскі журнал па фізічнай культуры, хоць у пашпарце па-ранейшаму пазначаны жаночы пол. А для аднагрупнікаў Глеб самы звычайны хлопец.
«Часцей за ўсё ў Беларусі ўсе пачынаюць гармонатэрапію яшчэ да ўрача, што вельмі дрэнна, але іншага выхаду часам няма»
Глеб прызнаецца, што першапачаткова нават вінаваціў сябе ў тым, што ён «не такі», але ў нейкі момант хлопец проста прыняў гэта як факт, што ён такім нарадзіўся, і з гэтым ужо нічога не зрабіць. Пасля гэтага Глеб вырашыў дапамагчы самому сабе адчуць сябе ў гармоніі. Так ён прыйшоў да неабходнасці карэкцыі полу.
– Пераход – карэкцыя полу – у Беларусі пачынаецца з таго, што табе трэба прыйсці да сексолага ў Мінску і расказаць сваю гісторыю. Пасля гэтага ты выконваеш тэсты, і цябе ставяць на ўлік. На ўліку трэба адстаяць мінімум год, каб патрапіць на першую камісію, на якой вырашаецца пытанне пра замену пашпарту. За гэты год трэба прайсці мноства дактароў, адляжаць у Навінках для выключэння псіхічных хваробаў – наяўнасць іх з’яўляецца супрацьпаказаннем для карэкцыі полу. І нават потым, калі будуць новыя дакументы, трэба яшчэ год хадзіць да сексолага, які будзе назіраць за тваёй сацыялізацыяй. Пасля гэтага будзе другая камісія, якая вырашае пытанне пра замяшчальную гармонатэрапію і аперацыю.
Я планую зрабіць некалькі аперацыяў: выдаленне малочных залозаў і выдаленне прыдаткаў. Ёсць таксама фалапластыка, але яна даволі небяспечная, і я не бачу ў ёй неабходнасці для сябе. Тут кожны чалавек сам вырашае, што яму трэба рабіць. Але часцей за ўсё ў Беларусі ўсе пачынаюць гармонатэрапію яшчэ да ўрача, што вельмі дрэнна, але іншага выхаду часам няма.
Працэдура карэкцыі полу ў Беларусі лічыцца бясплатнай, але гармонатэрапію даводзіцца аплочваць самастойна. Адзін укол каштуе каля 10 рублёў, рабіць яго трэба адзін раз на два тыдні, і гэтая тэрапія павінна доўжыцца ўсё жыццё. Таксама самастойна аплочваецца наведванне асобных дактароў ды здача аналізаў. Аднак Глеб сцвярджае, што гэта ўсё таго каштуе.
– Гармонатэрапію я пачаў у 2020 годзе, і да яе я вельмі заганяўся і стараўся як мага менш кантактаваць з людзьмі, але потым я адчуў нейкую ўпэўненасць у сабе, у тым, што я звычайны чалавек, і такое проста бывае ў жыцці. Таму ня трэба сумаваць, а проста варта браць усё ў свае рукі і пачынаць рабіць.
«Мы не памылка, мы звычайныя людзі, якія заслугоўваюць павагі і шчасця»
Наперадзе ў Глеба яшчэ шмат выпрабаванняў, якія звязаныя з гендарным пераходам, але ўжо цяпер, на самым пачатку карэкцыі полу, ён адчувае гармонію з самім сабой. Хлопец жыве звычайным жыццём: вучыцца, вырашае побытавыя пытанні, думае пра будучую прафесію і плануе сям’ю.
– У мяне ёсць цудоўная дзяўчына. Калі мы толькі пачыналі зносіны, я ўжо быў сацыялізаваны як хлопец, але не калоў тэстастэрону. Для мяне было важна, каб мяне ўспрымалі блізкія людзі як хлопца. І таму я адразу, можа нават дзесьці груба, сказаў, што калі яна не гатовая, то я не бачу сэнсу ў нашых адносінах. І яна згадзілася, яе ўсё задавальняла і задавальняе цяпер. Для яе я звычайны хлопец абсалютна ва ўсім. Але потым ужо для мяне было складана першы час прыняць тое, што я не змагу ёй даць нешта, тых жа дзяцей. Але і тут яна мяне падтрымала. І я вельмі рады, што цяпер побач са мной чалавек, які прыняў мяне, зразумеў і змог дапамагчы мне самому зразумець, што я не нейкая памылка, у якой ніколі не будзе сям’і, а наадварот, што мяне таксама могуць любіць і прымаць такім, які я ёсць.
Кожнаму чалавеку, які аказаўся ў падобнай сітуацыі, я раю ў першую чаргу быць самім сабой, не баяцца гаварыць пра гэта. Трэба заўсёды памятаць, што мы не памылка, мы звычайныя людзі, якія заслугоўваюць павагі і шчасця. Трэба стаяць на сваім і ісці да канца.
КАМЕНТАРЫІ ЭКСПЕРТАЎ
Дар’я Трайдэн, актывістка ініцыятывы «Ідэнтычнасць і права»:
– Пачаць працэс гендарнага пераходу магчыма толькі пасля 18 гадоў. Гэта праблема, бо трансгендарнасць звычайна адчуваецца з самага дзяцінства, і ў падлеткавым узросце, калі цела пачынае актыўна змяняцца, трансгендарны чалавек пакутуе ад моцнай гендарнай дысфарыі (так называецца стан вострага непрыняцця свайго цела праз несупадзенне яго выгляду з гендарам), складанасцяў у сацыялізацыі з аднагодкамі (магчыма, нават булінгу) – і гэта ў дадатак да звычайных падлеткавых праблемаў і пытанняў. Акрамя таго, пасля заканчэння палавога паспявання гарманальная тэрапія дасць меншы эфект: цела, асабліва ў трансгендарных жанчын, звычайна будзе сфармаваным ужо так, што яго формы будуць карэктавацца з вялікімі цяжкасцямі.
Немагчымасць пачаць гендарны пераход – гэта толькі адна з складанасцяў у жыцці трансгендарнага падлетка. Псіхалагічны стан, які звязаны не толькі з самаўспрыманнем, але і адносінамі бацькоў, моцна залежыць ад узроўню прыняцця ў сям’і. Калі гэтага прыняцця няма, трансгендарны падлетак адчувае сябе не проста ў чужым целе, але і ў ізаляцыі – няправільным, непатрэбным, нелюбімым самымі блізкімі і роднымі людзьмі.
Праблема булінгу ў школе ці іншай навучальнай установе павінна вырашацца педагогамі. На жаль, далёка не ўсе яны валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі. Часам бывае, што самі настаўнікі ці выкладчыкі становяцца суб’ектам пераследу. У такіх выпадках можна пісаць пісьмовыя скаргі ў раённы аддзел адукацыі ці абласны калі на ніжэйшым узроўні не змаглі вырашыць праблему
Наталля Манькоўская, праваабаронца, ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»:
– На жаль, на сённяшні момант няма ніякай афіцыйнай магчымасці для трансгендарных падлеткаў атрымаць спецыфічную дапамогу. Яны не могуць звярнуцца нават па абследаванне і назіранне. У такой сітуацыі дапамагло б кансультаванне сям’і, допуск трансгендарных падлеткаў да назірання і абследавання, але заканадаўства гэтага не дазваляе на сённяшні момант. “Ідэнтычнасць і права” зараз працуе над тым, каб дасягнуць неабходных зменаў. У любым выпадку гаворка не ідзе пра тое, каб непаўналетнія маглі пачаць гармонатэрапію або зрабіць аперацыю. Але такія заканадаўчыя змены маглі б зрабіць працэдуру пераходу менш траўматычнай і адразу пасля 18 гадоў людзі з ужо пастаўленым дыягназам маглі б атрымаць новы пашпарт і сацыялізавацца ў неабходным гендары без здзекаў ад акружэння.
Псіхалагічную і псіхатэрапеўтычную дапамогу падлеткам могуць аказаць у Мінскім гарадскім псіханеўралагічным дыспансеры. Што ж да іншых гарадоў, магу раіць звяртацца ў адчыненыя пры дапамозе UNICEF цэнтры – junior.medcenter.by. Можна таксама звярнуцца да нас – office@identitylaw.org, мы можам пракансультаваць па юрыдычных аспектах гендарнага пераходу, даць неабходныя кантакты па іншых пытаннях.
Віталь Скрыль, «J4T».
Чытайце далей: В Украине появилось приложение Fiorry для знакомств трансгендерных людей