Пагрозы смерцю на адрас гей-прадстаўніка “Зялёных”: “А 18-й гадзіне вы – нябожчык”
Перад узняццем вясёлкавага сцягу перад Любецкай ратушай на адрас кандыдата ў дэпутаты бундэстагу Бруна Хёнэля на фэйсбуку паступілі пагрозы. 25-гадовы мужчына не дазволіў запалохаць сябе, аднак атрымаў паліцэйскую ахову.
Усяго за некалькі гадзін да публічнага выступлення ў панядзелак кандыдат у дэпутаты бундэстагу з Любеку гей Бруна Хёнэль атрымаў пагрозы смерцю. “Ад 16.08 а 18-й гадзіне вы нябожчык”, — гаворыцца ў адным з каментароў на аплачанай фэйсбук-рэкламе 25-гадовага палітыка-“Зялёнага”. Менавіта ў гэты час Хёнэль, які адначасова з’яўляецца сябрам любецкай грамадскай рады, меўся трымаць вітальную прамову да ўзняцця перад ратушай гэтага гансійскага гораду вясёлкавага сцягу.
Пасля тэлефоннай скаргі паліцыя прадставіла Хёнэлю трох службоўцаў, апроч таго, яго выступленне было перанесена. “Мне ўжо стала мутарна”, адзначыў кандыдат у дэпутаты бундэстагу у інтэрв’ю выданню “Lübecker Nachrichten”. Паліцыя аднак прафесійна ўзяла сітуацыю ў свае рукі. “Гэта надало мне адчування ўпэўненасці”.
“Не даваць гэтым людзям сябе запалохаць”
Аналагічным чынам ужо пасля імпрэзы Хёнэль выказаўся ў твітары: “Усё прайшло добра. Паліцыя прыбыла для гарантавання бяспекі, а службоўцы былі вельмі дружалюбныя і гатовыя дапамагчы, так што я змог выступіць са сваім вітальным словам без вялікай заклапочанасці”.
Пасля пагроз смерцю ён зрабіў сваю прамову “яшчэ больш дакладнай”, “што мы не дамо гэтым людзям сябе запалохаць і замест гэтага разам салідарна будзем змагацца за чалавечнасць, разнастайнасць і свабодную ад дыскрымінацыі Германію”, — напісаў камунальны палітык у фэйсбуку.
Дзяржаўная служба аховы вядзе расследаванне
Пагроза смерцю сыходзіць з актыўнага фэйсбук-прэфілю. За дзень да гэтага юзер размясціў пост “Спачывай з мірам, Ангела Меркель”. Ці з’яўляецца імя профілю сапраўдным, пакуль не высветлена дакладна. “Дзяржаўная служба аховы распачала расследаванне па падазрэнні ў пагрозе”, — заявіў прадстаўнік паліцыі ў інтэрв’ю “Lübecker Nachrichten”. Падрабязнасці ён адмовіўся раскрыць па прычыне таямніцы следства.
Перамогу ў выбарчай акрузе Любек чатыры гады таму атрымала палітык ад ХДС Клаўдыя Шміт з 35,3% галасоў. Тагачасны кандыдат ад “Зялёных” Тростан Фюртар з 13% апынуўся толькі на трэцім месцы пасля прэтэндэнткі ад СДПГ Габрыэлы Хілер-Ом (33,8%).