Lego збіраецца прыбраць пазнакі пра «хлапечыя» і «дзявочыя» цацкі дзеля ўнікнення шкодных гендарных забабонаў
Цацачны гігант Lego плануе прыбраць гендарныя цэтлікі, якія сцвярджаюць, што цацкі прызначаныя для «хлопчыкаў» або «дзяўчынак», пасля таго, як глабальнае апытанне паказала, што стаўленне да гульні і будучай кар’еры застаецца няроўным і абмежавальным.
Паводле The Guardian, даследчыкі вызначылі, што 71% хлопчыкаў баяцца, што з іх будуць кпіць, калі яны будуць граць з «дзявочымі» цацкамі. Гэты страх падзяляюць і іх бацькі.
Даследаванне паказала, што традыцыйныя адносіны да гендэру захоўваюцца. Напрыклад, бацькі заахвочваюць сваіх сыноў займацца спортам і навукай, а дачок — танцамі, выпечкай і мадэльерствам.
Бацькі ацанілі мужчын як «больш творчых», чым жанчын. Таксама яны палічылі, што мужчыны маюць ў шэсць разоў большую верагоднасць стаць навукоўцамі або спартсменамі і ў восем разоў большую верагоднасць стаць інжынерамі.
Вынікам даследавання, метадалогія якога абмяжоўвалася гендарнай бінарнасцю, сталася абяцанне LEGO укараніць змены ў сваёй інфармацыйнай палітыцы, каб змагацца з гендэрнымі стэрэатыпамі.
«Бацькі занепакоеныя тым, што іх сыноў будуць дражніць больш, чым іх дачок, за тое, што яны гуляюць у цацкі, звязаныя з іншым полам», — сказала Мэдлін Ды Нона, выканаўчая дырэктарка Інстытута Джыны Дэйвіс па гендары ў медыях (Geena Davis Institute on Gender in Media), якая праводзіла даследаванне.
«Калі грамадства прызнае, што паводзіны і дзейнасць, якія звычайна звязаны з жанчынамі, такія ж каштоўныя і важныя, бацькі і дзеці будуць імкнуцца пераняць іх», — дадала сп-ня Дэйвіс.
«Мы прыкладаем усе намаганні, каб зрабіць Lego больш інклюзіўным», — сказала Джулія Голдзін, дырэктарка па прадуктах і маркетынгу ў Lego Group, найбуйнейшай у свеце кампаніі-вытворцы цацак.
Голдзін дадала, што Lego перастала пазначаць цацкі як «хлапечыя» і «дзявочыя» на сваім сайце.
«Мы тэстуем усё на хлопчыках і дзяўчынках, і імкнемся ўключаць большую колькасць жаночых ролевых мадэляў», — кажа сп-ня Голдзін. «Наша задача цяпер — заахвочваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадаюць гуляць з наборамі, якія традыцыйна лічыліся «не для іх». Традыцыйна Lego больш цікавіліся хлопчыкі, але такія прадукты, як [лінія мастацтваў і рамёстваў] Lego Dots або Lego City Wildlife Rescue Camp былі спецыяльна распрацаваны, каб спадабацца хлопчыкам і дзяўчынкам», — дадала сп-ня Голдзін.
Цяпер Lego спрабуе прасоўваць тэмы выхавання і клопату, а таксама адчування прасторы і рашэння праблемаў ва ўсіх сваіх цацках.
Крыніца: pinknews.co.uk