Поўны нянавісці да ЛГБТ+ законапраект можа зруйнаваць цэлае пакаленне ў Польшчы

время чтения: 3 мин

У Польшчы могуць прагаласаваць за разбуральны закон аб «забароне прапаганды ЛГБТ+», падобны да тых, што існуюць Венгрыі і Расіі.

12 студзеня 2022 года ніжняя палата польскага парламента – Сейм абмеркавала законапраект, які ў кулуарах называюць «захопам улады ў польскай сістэмы адукацыі».
Рэформа адукацыі атрымала назву «Lex Czarnek», або «Закон Чарнека», у гонар міністра адукацыі Пшэмыслава Чарнека, які лічыць, што ЛГБТ+ людзі «не роўныя нармальным людзям» і параўнаў квір-супольнасць з нацыстамі.
Гэта дасць ураду празмерны кантроль над навучальным працэсам праз школьных наглядчыкаў – польскіх дзяржаўных чыноўнікаў, кожны з якіх будзе кантраляваць некалькі школ.

Калі закон Чарнека прымуць, рэвізоры будуць мець права накладаць вета на любыя навучальныя матэрыялы, прадастаўленыя дабрачыннымі або знешнімі арганізацыямі. Таксама яны змогуць звальняць дырэктараў без тлумачэння прычын, калі тыя не выконваюць патрабаванні гэтага закона.
Рэмі Боні, выканаўчы дырэктар агульнаеўрапейскай арганізацыі «Забароненыя колеры» (‘Forbidden Colours’), якая адстойвае правы ЛГБТ+, падкрэсліў у інтэрв’ю PinkNews, што гэты «захоп улады» азначае, што «настаўнікі і школы больш не змогуць дапамагаць ЛГБТ+ вучням».
«Гэты законапраект – аблегчаная версія расійскага і венгерскага закона аб забароне прапаганды ЛГБТІК+», — сказаў ён, адзначыўшы, што Чарнек быў пад уплывам венгерскага законапраекта аб «антыпрапагандзе».
Найбуйнейшая незалежная газета Польшчы Gazeta Wyborcza паведаміла: «Калі студэнты захочуць арганізаваць чарговую «Вясёлкавую пятніцу», дырэктар не пагодзіцца.
ЛГБТ+ арганізацыі больш не дазволяць прыйсці ў школу з лекцыяй аб роўнасці. І не адправяць настаўніка на адукацыйны курс па пытаннях роўнасці. Таму што дырэктары не захочуць губляць працу».

 

лгбт

Міністр адукацыі Чарнэк — «поўны нянавісці гамафоб, які хоча зруйнаваць польскую адукацыю»

Паводле Агенцыі навінаў OKO Press, польскія апазіцыйныя партыі зладзілі ў мінулым месяцы грамадскія слуханні ў Сейме па гэтым законапраекце.

Падчас слуханняў нядаўняя выпускніца школы Ганна Мазярска ўзяла слова. Яна падкрэсліла:

«Колькі сябе памятаю, я жыву ў Еўразвязе, і, як мне хочацца верыць, жыву ў свабоднай дзяржаве. Тата расказваў мне пра кантроль, запалохванне і цэнтральнае кіраванне ў 1980-я. Я сама ўжо вучуся ў каледжы, але хвалююся за сваю малодшую сястру і людзей, якія пойдуць у школу. Мы заслугоўваем свабоднай і незалежнай адукацыі. Як асоба, якая не з’яўляецца гетэранарматыўнай жанчынай і жыве ў Польшчы,я не думаю, што міністр Чарнек прадстаўляе нас. Ён мізагін, гамафоб і чалавек, поўны нянавісці, які хоча знішчыць польскую адукацыю».

 

 

У лістападзе 2021 года Савет міністраў Польшчы ўхваліў «закон Чарнэка» і камітэт па адукацыі Сейма таксама выказаўся ў падтрымку гэтага законапраекта.

Калі закон будзе падтрыманы Сеймам, яго разгледзіць Сенат. Пасля гэтага рашэнне будзе ў руках польскага прэзідэнта Анджэя Дуды, які вядомы сваёй настроенасцю супраць ЛГБТ+.

 

У час прэзідэнцтва скрайне правага Анджэя Дуды польская ЛГБТ+ супольнасць апынулася ў крызісе.

З моманту ўступлення на пасаду ў 2015 годзе крайне правага, анты-ЛГБТ+ прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, квір-супольнасць краіны зноў зазнала пакуты. Дуда быў пераабраны прэзідэнтам у 2020 годзе пасля кампаніі, у якой ён паабяцаў «забараніць распаўсюджванне… ідэалогіі ЛГБТ+» у дзяржаўных установах.
Яго партыя «Права і справядлівасць» (PiS) нястомна нацэльвалася на правы ЛГБТ+, у тым ліку ў сферы адукацыі. Сярод іншага, гэта партыя асудзіла планы выкладання зацверджанай Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя праграмы сексуальнага выхавання, якая ўключала ў сябе вывучэнне ідэнтычнасці ЛГБТ+, называючы гэта «парушэньнем традыцыйных каталіцкіх каштоўнасцяў».

У часы прэзідэнцкага кіравання Дуды, пачынаючы з 2019 года, больш за 100 польскіх муніцыпалітэтаў, гмін і ваяводстваў абвясцілі сябе «свабоднымі» ад «ідэалогіі ЛГБТ+». Таксама ЛГБТ+-супольнасць цяпер змагаецца з законапраектам, накіраваным на забарону парадаў гонару і спыненне «прасоўвання» жыцця квір-людзей.
Але дырэктар міжнароднай арганізацыі «Забароненыя колеры» (‘Forbidden Colours’) Рэмі Боні настойвае на тым, што станоўчыя змены магчымыя пры падтрымцы палітыкаў як у ЕС, так і ва ўсім свеце.
«У верасні пасля пагроз з боку Еўрапейскай камісіі забраць фінансаванне чатыры з пяці ваяводстваў, якія абвясцілі сябе «зонамі, свабоднымі ад ЛГБТ+», адклікалі свае рэзалюцыі супраць ЛГБТ+… Міжнародны ціск на Польшчу дзейнічае», — падкрэсліў ён.

Крыніца: pinknews.co.uk

 

Также по теме: Дайджест ЛГБТ-ТЕМАТИКИ В БЕЛОРУССКИХ МЕДИА IV квартал 2021 года