Жанчына асляпіла бойфрэнда свайго сына ў Фларыдзе

время чтения: 2 мин

Нягледзячы на абвінавачанне ў здзяйсненні жорсткага злачынства на глебе нянавісці, у выніку якога аслеп гомасэксуальны мужчына, Іна Макаранка хоча, каб людзі ведалі, што яна і яе сям’я – сапраўдныя ахвяры. Маўляў, усё, чаго яна хацела, – гэта каб яе сын Алег ажаніўся з жанчынай.

Аднак Алег сустракаўся з ахвярай нападу. Лічачы, што мужчына «ператварыў» іх сына ў гея, яны прыйшлі да яго дадому і збілі так жорстка, што ён больш ніколі не зможа бачыць.

Іну Макаранку, яе мужа і сына – брата Алега абвінавачваюць у нападзе на ахвяру.

31-гадовы пацярпелы папрасіў не называць яго імя.

Як распавяла ахвяра нападу паліцыі, пра адносіны Алега і пацярпелага сям’я даведалася ў ліпені 2021 года, пры гэтым «бацька Алега дрэнна з ім абыходзіўся і не прымаў яго, а маці Алега прымушала яго ажаніцца з жанчынай».

Пацярпелы распавёў, што праз некалькі тыдняў Алег спытаўся ў яго адрас, хоць ён часта спыняўся ў каханка і нават меў ключы ад дома.

У гадзіну ночы пацярпелы пайшоў адчыняць браму і сутыкнуўся з Алегам і яго сямейнікамі, якіх раней бачыў на фота. Бацька Алега Яўген і брат Уладзіслаў пачалі збіваць пацярпелага, а Алег і маці Іна Макаранка назіралі за тым, што адбывалася.

Пацярпелы сказаў Іне Макаранка: «На жаль, ваш сын гей». Пасля гэтага адзін з чальцоў сям’і, па сведчаннях ахвяры, схапіў невядомы прадмет і ўдарыў пацярпелага па твары.

«Упаўшы на падлогу, пацярпелы прыкінуўся мёртвым, каб яго перасталі біць», – гаворыцца ў паліцэйскай справаздачы.

Паліцыя знайшла яго без прытомнасці і ў крыві праз 14 гадзінаў пасля нападу. Праваахоўнікі адзначылі, што дзверы ў дом тады яшчэ былі адчыненыя, а ягоная маёмасць была пашкоджаная.

Ахвяры спатрэбілася шэсць месяцаў, каб вярнуць сабе ўспаміны пра падзеі, якія адбыліся. Менавіта тады паліцыі ўдалося арыштаваць сям’ю. Аднак зрок пацярпеламу ўжо не вернецца.

Адвакат сям’і Макаранкаў заявіў, што яны «не маюць ніякага дачынення да жудасных траўмаў, якія атрымаў малады чалавек».

Уся сям’я абвінавачваецца ў замаху на забойства, крадзяжы з узломам і выкраданні людзей. Нядаўна Іна была вызваленая з турмы пасля чатырох месяцаў за кратамі і чакае суду.

Нягледзячы ні на што, нападніца настойвае: «Ахвяра – толькі я і мая сям’я». Цяпер яна кажа, што ніколі не сустракала ахвяру і не адчувае варожасці да прадстаўнікоў ЛГБТК.

«Я не магу зразумець, чаму ён зманіў, – сказала Іна Макаранка мясцовым СМІ. – Я ніколі не магла зразумець, як людзі могуць так лёгка хлусіць».

Калі дэтэктывы спыталі яе пра погляды сям’і на ЛГБТ, яна адказала: «Мы любім усіх. Мы хрысціяне».

Крыніца