Мае жанчыны

Мае жанчыны

время чтения: 4 мин

Мае адносіны з мамай ніколі не былі простымі. Яна яшчэ не ўмела любіць, калі я была маленькая і мела патрэбу ў ейнай любові. Калі ж навучылася, я ўжо вырасла — а з дарослымі ўсё нашмат складаней.

Не ведаю, хто сказаў, што бацькоў любяць апрыёрна

Мне даводзілася любіць насуперак штораз, калі яна выбірала не мяне — маленькую, збітую, пакрыўджаную, а яго — дарослага, п’янага, агрэсіўнага. Крыўда расла, як снежны ком скандалаў, але мне так патрэбная была мама, што я маўчала, баючыся зрабіць балюча. Так мы і суіснавалі: дзяўчынка, якая паталагічна залежала ад мамы, і жанчына, якая паталагічна залежала ад мужа.

Былі страшныя моманты, балючыя, калі сэрца замірала ад адной думкі, што я магу застацца без яе, а яна, нешчаслівая, час ад часу пужала такой верагоднасцю — часцей за ўсё таблеткамі, — і аднойчы-такі здзейсніла спробу.

Свет перастае існаваць, усё ўнутры абрываецца і ляціць у чорную-чорную прорву, калі табе ўмоўныя дзевяць, ты нічога не можаш зрабіць і мальбы твае ніхто не чуе. Мама, мамачка, мамуля… Усё сыходзіцца у адной кропцы на нерухомым целе — недзе там, дзе нараджаецца дыханне, і ў момант, калі адчай дарастае да крайняй мяжы, позірк чапляецца за таго, хто трымае нерухомае цела на руках, — хто і ёсць прычынай тваёй вялікай бяды. Быць можа, вось яно — імгненне, у якое з’яўляецца нянавісць. Імгненне, якое вызначыла ўсе наступныя гады.

Падрослая, я закрывала яе сабою. Напэўна, усё маё жыццё так і праходзіла: я бараніла яе ад кепскага. Хаця, канешне, гэтае кепскае было заўсёды большым і мацнейшым за мяне. Маме ўсё адно даставалася. А яна зрывалася ў адказ на нас, сваіх дзецях, і гэта не спрыяла збліжэнню.

Мае жанчыны

Мы былі далёкія як ніколі ў вечар, калі шаснаццацігадовая я ўпершыню перажыла згвалтаванне. Мама была мне так патрэбная, патрэбныя былі яе любоў і шкадаванне, але мы даўно ўжо былі кожная ў сваім сусвеце, і я моўчкі пражыла ўсё сама. Яе свет круціўся вакол мужчыны, і яна хацела таго ж для мяне. Маму проста распірала ад гонару, калі да мяне заляцаліся хлопцы, яна сама знаёміла мяне з тымі ці іншымі, і таму ў самае сэрца трапіла яе “блядзь”, калі я першы раз не заночыла дома. Ты сама гэтага хацела, мама, дык што не так?..

Мужчыны карысталіся мной, і сярод іх мне не сустрэўся ні адзін, для каго ў рэшце рэшт усё б зводзілася не толькі да сэксу. Агідны, балючы, ён штораз прымушаў мяне адчуваць сябе нежывой, проста целам, лялькай, якую можна трахаць.

А потым я захацела. Здарылася тое, што і мусіла здарыцца: я закахалася ў дзяўчыну і напоўніцу адчула розніцу паміж сэксам і каханнем, выкарыстаннем і любоўю. І гэта самае важнае, што здаралася са мною: я стала патрэбнай.

Нарэшце хтосьці выбраў мяне. Хтосьці любіў мяне, і гэта рабіла мяне шчаслівай

“Лепш бы ты была адна”, — сказала мая мама. Маё каханне яна ўспрымала як вычварэнства, плакала, спадзеючыся, што гэта часовае, што я перарасту. Ці ведала яна, што разбівае мне сэрца сваім эгаістычным нежаданнем разумець і адчуваць? Думаю, на той момант не. Інакш ці змагла б, усведамляючы ўсю глыбіню таго жахлівага, што было пажадана, сказаць гэта яшчэ раз? Пажадаць свайму дзіцяці самоты?..

Апошні мост паміж намі, адзіная — і правальная — спроба блізкасці. Гады адчужанасці, адлегласці фізічнай і душэўнай, гады, у якія маму мне замянялі сябры, знаёмыя, сустрэчныя. Яны разумелі больш, прымалі мяне, шчыра радаваліся, калі на гарызонце з’яўлялася надзея перарваць мой ланцуг самоты, і гэтак жа шчыра перажывалі разам са мной чарговыя няўдачы. 

Жанчыны з’яўляліся і знікалі. Мамы побач не было

А потым усё змяніла вайна. Блізкасць смерці, магчымасць страціць адна адну ў любую секунду, кардынальна розныя погляды — аж да гатоўнасці разарваць сувязі і больш ніколі не вяртацца — зрабілі нашы і без таго крохкія адносіны яшчэ больш нетрывалымі, але на парадак больш каштоўнымі, блізкімі, незаменнымі. Цяпер мама абдымае мяне так, як быццам кожны раз — апошні. Мы гаворым адна адной “люблю”, і я ўжо амаль не здзіўляюся: ці мы гэта?

Вайна прымусіла нас пасталець і паглядзець адна адной у вочы. Я змагла расказаць ёй, як мне не хацелася жыць, калі яна нават не здагадвалася. Пра страшную самоту, якая грызла мяне тады і згрызае дагэтуль. Яна штораз плача, а я, ужо не дзіця, спакойна падбіраю словы, якія раняць менш, але перадаюць тое, што даўно трэба было б расказаць.

Мае жанчыны

Але не пра ўсё на свеце. Вайна навучыла нас любіць, і, на шчасце, мы абедзве ведаем, што гэта найкаштоўнейшы падарунак лёсу, які трэба берагчы. Часам я задумваюся, наколькі складана і па-дурному ўладкаваныя людзі, калі толькі такое страшнае, як смерць, вучыць нас цаніць адны адных, ісці насустрач, спрабаваць зразумець…

Падавалася, мы так і будзем існаваць: я ў сваёй самоце і мама, якая ніколі не пытае пра мае пачуцці, дзеліцца сваім, цешыцца з мужа і ўнучак, якія падарылі ёй мае браты.

А я быццам не створаная для таго, каб быць шчаслівай, каб мяне кахалі, каб хтосьці стаяў за маёй спінай, — і я таксама магла б гэтым дзяліцца

Каханне, пра якое мне зноў захацелася расказаць маме, я не сустрэла ў адзін момант: гэта была гісторыя ў некалькі гадоў, калі я сама сабе не прызнавалася, не гаворачы ўжо пра тое, каб сказаць іншым. Гісторыя, важная для мяне ў кожным яе моманце, але яна не перакуліла мой свет, не была ўспышкай, як калісьці. Пра яе не хацелася крычаць. 

Гэтую гісторыю маме я выплакала. Мы абедзве плакалі — над блізкасцю, гадамі непаразумення, неапраўданымі чаканнямі, немагчымасцю шчасця проста тут і цяпер. Над прыняццем, якое здарылася нечакана лёгка на фоне ўсіх магчымых страт і выпрабаванняў.

Мае жанчыны

Доўгі час я не ведала, што зраблю першым, калі скончацца вайна і рэпрэсіі. Не было чагосьці грандыёзнага, што б выклікала ўва мне жаданне сказаць: “Ваў, хачу!” Пасля размовы з мамай я зразумела: вось яно. Хачу пазнаёміць сваіх любімых жанчын. Часта, калі не магу заснуць, уяўляю сабе, як гэта будзе. Перажываю, рыхтуюся, хвалююся загадзя і радуюся, як дзіця. Быць можа, я нічога так моцна яшчэ не хацела.

Толькі б зберагчы гэтую любоў.

Ева Арлова

***

HUKANNE — спецпроект Gpress про жизнь ЛБК-сообщества. Мы выросли в Беларуси и продолжаем говорить о своем опыте из разных состояний и точек на карте.

HUKANNE в Facebook

HUKANNE в Instagram