Поддержка интерсекс-детей: советы родителям и семьям

Падтрымка дзяцей інтэрсэкс: парады бацькам і сямейнікам

время чтения: 5 мин

Гэты артыкул прызначаны для сямейнікаў дзяцей інтэрсэкс. Мэта публікацыі – праясніць для бацькоў і іншых блізкіх, якім чынам магчыма найлепшым чынам псіхалагічна падтрымаць дзіця інтэрсэкс, а таксама адстойваць ягоныя правы.

Паняцці

Інтэрсэкс-асоба – гэта чалавек, які нарадзіўся з камбінацыяй або варыяцыяй біялагічных палавых прыкмет, якія не ўпісваюцца ў медыцынскія азначэнні мужчыны ці жанчыны.

У некаторых інтэрсэкс-асобаў іх інтэрсэкс-варыяцыя заўважная падчас нараджэння, у некаторых у дзяцінстве, а ў іншых іх інтэрсэкс-варыяцыя робіцца заўважнай у падлеткавым або нават у дарослым узросце. Для некаторых з іх адрозненні нагэтулькі нязначныя, што яны могуць наогул ніколі не даведацца, што маюць інтэрсэкс-варыяцыю.

Палавыя прыкметы могуць выглядаць абсалютна па-рознаму. Дзіця можа нарадзіцца з павялічаным клітарам або пенісам маленькага памеру ці адрознай формы. Часам дзіця нараджаецца, выглядаючы, як тыповая дзяўчынка, але потым у яе знаходзяць унутраныя (неапушчаныя) яечкі, а часам у дзіцяці, якое выглядае як тыповы хлопчык, знаходзяць матку і яечнікі. У некаторых выпадках у дзяўчыны не будзе пачынацца менструацыя або менструкцыя пачнецца ў хлопчыка. У іншых дзяцей можа быць гарманальны фон, які адрозніваецца ад фону, які звычайна бывае ў дзяўчынкі ці хлопчыка.

Падобныя варыяцыі натуральныя і сустракаюцца нашмат часцей, чым вы можаце сабе ўявіць. Лічыцца, што, як мінімум, 1 з 200 людзей мае інтэрсэкс-варыяцыю, а некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што каля 1.7% насельніцтва зямлі мае пэўную варыяцыю іх полавых прыкметаў.

Трансгендарная асоба – гэта чалавек, чый пол адрозніваецца ад полу, які быў прысвоены яму пры нараджэнні (напрыклад, жанчына, якой пры нараджэнні быў прысвоены мужчынскі пол, або мужчына-гендэрквір, якому пры нараджэнні быў прысвоены жаночы пол).

Парады бацькам

Навіна аб тым, што ваша дзіця — інтэрсэкс, можа вас шакаваць. Вы можаце адчуваць мноства эмоцый, даведаўшыся пра гэта.

З аднога боку, вы можаце адчуваць бязмежную радасць з-за таго, што ваша дзіця нарадзілася. З іншага боку, вы можаце пачаць перажываць аб дабрабыце вашага немаўляці ў грамадстве ў будучым.

Нядобразычліўцы могуць сказаць, што ваша дзіця хворае. Як і іншыя дзеці і падлеткі, інтэрсэкс-асобы могуць мець праблемы са здароўем, але гэта не ўплывае і не вызначае тое, кім яны з’яўляюцца.

Трэба памятаць, што гэта – вашае дзіця, якое мае патрэбу ў каханні і ўвазе, якое будзе смяяцца разам з вамі і часам злаваць вас і сваволіць. Калі дзіця вырасце, яно будзе прымаць уласныя рашэнні ў сваім жыцці згодна сваёй існасці – адным з доказаў разнастайнасці прыроды.

Асобы з інтэрсэксуальнымі варыяцыямі з даўніх часоў сутыкаюцца з траўмуючым досведам і стыгмай, якія спрычыньваюцца прымусовым хірургічным і фармацэўтычным ўмяшальніцтвам.

Брак інфармацыі і бачнасці, а таксама прызнання інтэрсэкс-людзей як часткі квір-кам’юніці – таксама даўняя і распаўсюджаная праблема, з якой шмат хто з іх сутыкаецца.

Важна памятаць, што вы і ваша дзіця – партнёры, якія выпраўляюцца ў сумеснае падарожжа па жыцці. Важная частка вашай ролі ў працэсе выхавання інтэрсэкс-асобы – захаванне і падтрымка самастойнасці вашага дзіцяці. Пры гэтым вы павінны заўсёды быць гатовыя прыйсці на дапамогу дзіцяці з бацькоўскай парадай і забяспечыць яго неабходнымі рэсурсамі ў выпадку патрэбы.

Размовы з дзіцём-інтэрсэкс

Найлепшая практыка — быць празрыстым са сваім дзіцём наконт яго інтэрсэксуальных варыяцый.

Сакрэтнасць выклікае пачуццё сораму, ізаляцыі і разгубленасці і часта негатыўна ўплывае на будучыя адносіны. Навучыце дзіцяці розніцу паміж сакрэтнасцю і прыватнасцю.

Прыватнасць — гэта права, якое дазваляе вам і вашаму дзіцяці трымаць распаўсюд асабістай інфармацыі пад кантролем, каб вы маглі ацаніць, каму што сказаць і якую карысць гэта можа вам прынесці.

Важная канцэпцыя, якую варта прышчэпліваць, заключаецца ў тым, што ўсе людзі і целы розныя і што інтэрсэкс-варыяцыя – гэта адна з такіх разнастайнасцяў, і гэта не дрэнна.

Пачніце размаўляць з дзіцем пра яго цела з моманту яго нараджэння. На чакайце “патрэбнага” часу або ўзросту. Вы можаце выкарыстоўваць больш дакладную тэрміналогію пра целы і біялагічныя з’явы, калі ваш дзіця стане старэйшым.

Дазвольце свайму дзіцяці мець свабоду выбіраць, калі, як і з кім ён хоча быць адкрытым наконт сваёй інтэрсэкс-варыяцыі. Падтрымлівайце яго у кожным рашэнні, даследуючы яго магчымыя рызыкі або перавагі.

Як і ў любога іншага дзіцяці, яго сэксуальная арыентацыя і гендэрная ідэнтычнасць не павінны вызначацца навакольнымі.

Як правіла, бацькі вызначаюць пол свайго дзіцяці. Аднак па меры таго, як дзіця даведаецца больш пра сябе і сваё цела, яно можа пачаць ідэнтыфікаваць сябе з іншым полам. Будзьце адкрытыя да гэтага і дайце дзіцяці магчымасць даследаваць сваю гендэрную ідэнтычнасць. Распавядзіце адкрыта дзіцяці аб магчымых цяжкасцях, здзеках і недасведчанасці навакольных, з якімі можа сутыкнуцца ваша дзіця. Аказвайце дзіцяці падтрымку ў разрульванні такіх сітуацыяў і ініцыюйце празрыстыя і неасуджальныя размовы дома. Прышчапіць упэўненасць у сваім целе – цяжкая задача для любога дзіцяці, не кажучы ўжо пра дзіця, чыё цела не падобна на цела яго аднакласнікаў.

Распавядзіце дзіцяці аб яго правах як пацыента, студэнта і чалавека. Умацуйце дзіця ведамі пра тое, што яно можа даваць і забіраць згоду на распаўсюд асабістай інфармацыі навакольнымі.

Размовы з сямейнікамі

Адкрытасць і празрыстасць у размовах з сямейнікамі і блізкім атачэннем пра інтэрсэксуальную варыяцыю вашага дзіцяці паспрыяе яго прыняццю і падтрымцы яго асаблівасці.

Дыядныя браты і сёстры інтэрсэкс-дзіцяці, то бок, дзеці без інтэрсэкс-варыяцыяў, будуць праходзіць этап палавога саспявання ў пубертантным узросце. І гэта будзе адпавядаць чаканням грамадства. Майце на ўвазе, што інтэрсэкс-дзіця ў гэты перыяд можа пакутаваць ад рэўнасці ці пачуцця адрынутасці. Стварыце прыязную прастору, каб інтэрсэкс-дзіця магло выказацца.

Непрымушана размаўляйце з дыяднымі братамі і сёстрамі пра адрозненні і чалавечую разнастайнасць. І потым вельмі паступова прыўносце ў размову інтэрсэкс-тэму.

Размаўляючы з інтэрсэкс-дзіцём пра тое, як слушна рэагаваць на цкаванне і кпіны, таксама важна пагутарыць пра гэта з яго братамі і сёстрамі, бо яны таксама могуць сутыкнуцца з падобным стаўленнем, па асацыяцыі з ім.

Гаворачы пра старэйшых сямейнікаў, не трэба загадзя пераймацца, што з імі абавязкова будзе больш складана размаўляць на тэму інтэрсэкс варыяцыяў. Напрыклад, такія каштоўнасці, як паважлівае стаўленне да людзей або прыняцце паваротаў лёсу, могуць выкарыстоўвацца як аргументы ў размове з людзямі з больш традыцыйнымі поглядамі.

Нават калі вы сутыкнецеся з нежаданнем сваяка прымаць або абмяркоўваць ваша інтэрсэкс-дзіця, пастарайцеся даць яму час і папрасіце іншых, больш прыязных сямейнікаў, дапамагчы вам у размове з гэтым сваяком. Заахвочвайце жаданне такіх сваякоў больш даведацца пра тэму пры дапамозе дакументальных фільмаў і асабістых гісторыяў. Чым больш яны даведаюцца па гэтай тэме, тым вышэй верагоднасць таго, што яны вас прымуць і падтрымаюць.

Размовы з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі

Патрэбы абмяркоўваць нешта з супрацоўнікамі дашкольнай або навучальнай установы можа і не быць. Гэта залежыць ад жадання вашага дзіцяці і канкрэтнай сітуацыі.

Калі ваша дзіця хоча казаць публічна пра тое, што яно – інтэрсэкс, варта абмеркаваць гэты намер загадзя з дырэктарам дзіцячага садочка або школы і класным кіраўніком дзіцяці. Вам варта праверыць, наколькі  персанал абазнаны пра інтэрсэкс-варыяцыі, пры патрэбе падзяліцца з імі рэсурсамі па гэтай тэме, абмеркаваць магчымыя сцэнары, якія могуць адбыцца ў навучальнай установе, уключна з процідзеяннем кпінам і булінгу.

Школьны персанал павінен быць праінфармаваны на базавым узроўні, калі вашаму дзіцяці трэба прымаць лекі або калі яму патрэбныя гендэрна нейтральная або ўласная прыбіральня і распранальня.

Як і ў выпадку з любымі іншымі асабістымі дадзенымі, толькі вы і ваша дзіця вырашаеце, якой колькасцю інфармацыі падзяліцца з персаналам школы. Уцягніце дзіця ў працэс прыняцця такіх рашэнняў. Нагадайце супрацоўнікам навучальнай установы, што ваша дзіця мае права на канфідэнцыйнасць і прыватнае жыццё.

Заахвочвайце дзіця да наведвання суполак узаемападтрымкі аднагодкаў, як у школе, гэтак і анлайн. Гэта дазволіць інтэрсэкс-дзіцяці адчуваць сябе больш у кантакце з супольнасцю і быць менш ізаляваным. Таксама сустрэчы з іншымі інтэрсэксуальнымі людзьмі і бацькамі інтэрсэкс-дзяцей будуць карыснымі як для вас, так і для вашага дзіцяці.

Паводле Supporting Your Intersex Child і Oii Europe

Подписывайтесь на наш Telegram-канал!

ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну

Смотрите интересные видео на нашем YouTube-канале