Маленькі фэст для вялікага дыялогу
Увесну “Free Belarus Center” адкрыў набор на стыпендыяльную праграму для беларускіх грамадзянскіх актывістаў і журналістаў. Дзякуючы гэтаму ўзнікла Беларускае аддзяленне архіва “QueerStoria” асацыяцыі “Lambda Warszawa” (“Лямбда Варшава”).
Зараз у зборах аддзялення 70 адзінак захоўвання. Гэта кнігі і брашуры, паштоўкі і буклеты, сканы газет і часопісаў, дакументаванне прававога становішча ЛГБТК+ у Беларусі, архівы ініцыятыў, асабістыя архівы актывістаў, матэрыялы па беларускай квір-культуры і літаратуры. Праца над беларускім архівам не спыняецца. У далейшым ён будзе даступны ў анлайн-фармаце.
У той жа час у кіраўніка архіва “QueerStoria” Кшыштафа Клішчынскага, квір-даследчыка Міці Фолегя, менеджэркі “Free Belarus Center” Марыі Танінай, паэта і перформера Артура Камароўскага ўзнікла спантанная, актывістская па сваёй прыродзе ідэя стварэння беларускага квір-фестывалю аднаго дня.
І вось, 13 ліпеня ў гасцёўні “Lambda Warszawa” адбыўся “БелКвiрФэст 1.0”. Складанаскарочанае слова ў назве іранічна адлюстравала настальгію культуры рэжыму А. Лукашэнкі па БССР.
Памятаць, каб ствараць
Калі ў “Lambda Warszawa” ужо шмат гадоў існуе ўкраінская суполка, то кам’юніці квір-беларусаў у асацыяцыі яшчэ ніколі не было. Міця Фогель прачытаў лекцыю на тэму “Уводзіны ў гісторыю беларускага ЛГБТК+ актывізму” на польскай мове, што асабліва важна, улічваючы, што аўдыторыя аб’яднала палякаў, беларусаў, украінцаў.
Даследчык прапанаваў наступную перыядызацыю гісторыі актывізму:
- 1985 – 1999 гг.: ад “Перабудовы” Міхаіла Гарбачова да I Мінскага Прайда;
- 1999 – 2014 гг.: ад I Мінскага Прайда да “Адлiгi” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі;
- 2014 – 2020 гг.: ад Мінскіх дамоўленасцей да “Беларускай Рэвалюцыі”
Надзвычай цікавая хроніка Мінскіх Прайдаў і рэтраспектыва іх фарматаў, што сёння можа падацца неверагодным:
- першая ў постсавецкім свеце публічная ЛГБТ+ акцыя ў 1999 г.;
- першае шэсце ў Мінску ў 2001 г.;
- Прайд-2002 пад лозунгам “Ствары сабе іншага!”;
- марш “Умець быць! Умець кахаць! Умець ганарыцца!” у 2008 г.;
- “Славянскі Гей-Прайд – 2010”;
- адзіная афіцыйна дазволеная акцыя актывістаў Мінскага Прайда ў мікрараёне Шабаны ў 2011 г.;
- падарожжа праз увесь горад на “вясёлкавым” трамваі ў 2012 г.
У перыяд з 2014 г. да 2020 г. у Беларусі ўзніклі 15 квір-фем-ініцытываў і арганізацый у Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне. Асобную ўвагу спікер надаў працы каманды “MAKEOUT”, якая з выключнымі намаганнямі і пасля шматлікіх спроб была афіцыйна зарэгістраваная. Каманда паспела арганізаваць квір-кінафестываль “META-“; прасунуць праект “Можна выйсці”, які актуалізуе неабходнасць грамадскіх прыбіральняў для гендэрна небінарных асоб; правесці дзве міжнародныя канферэнцыі “Псіхатэрапія за межамі гетэранарматыўнасці”, а таксама рэалізаваць іншыя праекты, неабходныя беларускім ЛГБТК+.
Размова зайшла і аб з’яве арт-актывізму на прыкладзе твораў мастака, перформера і рэжысёра Сяргея Шабохіна [https://shabohin.org/queer] і Беларускага Свабоднага тэатра [https://belarusfreetheatre.com/].
Важна, што агучана было сучаснае палажэнне правоў негетэранарматыўных асоб у Рэспубліцы Беларусь у кантэксце ініцыятыў Генеральнай пракуратуры, Міністэрства культуры, агульнай дзяржаўнай ідэалогіі, уніфікацыі нацыянальнага заканадаўства з расійскім.
“Думка пра Беларусь цалуе мяне нервовым лесбійскім пацалункам…”
Гэта радок з верша “Краiнка” беларускай паэткі Вікторыі Грабеннікавай, апублікаванага ў калектыўным зборніку “Каранi / Лісце”. Фэст працягнулі чытанні сучаснай квір-фем-літаратуры. Свае вершы і малую прозу чыталі на беларускай, украінскай, польскай і рускай мовах аўтар_кі Ленка Зыгмунтувнэ, Ганна Крук, Канстанцiн Лiтвiнаў, Одарка Нiжна i Вiкторыя Грабеннiкава.
Адбылася і выстава адной карціны, а менавіта “Devil in Details” Алены Рабкінай. Мастачка так кажа пра задуму сваёй працы: “У мяне, як, напэўна, у многiх, ёсць часткi сябе, якiя ты прытапляеш i хаваеш не таму, што iх не любiш, а таму, што думаеш: iншыя iх не палюбяць або не прымуць. I вось аднойчы, каб гэта неяк кампенсаваць i загладзiць сваю вiну, я вырашыла прысвяцiць iм карцiну. Гэта першая праца з запланаванай серыi i мой спосаб выказаць (у першую чаргу для самой сабе) любоў i прыняцце ўтоеных частак асобы”.
Vintage Afterparty
Яркім фіналам фэсту стала вечарынка ў бары “Ramona” [https://www.facebook.com/ramonabarofficial] – значным месцы для квіравай Варшавы. Бар адкрыўся ў 2013 годзе, але фактычна працягнуў гісторыю першых варшаўскіх гей-пляцовак. У бары дзе старанна захоўваюць інтэр’еры і атмасферу 1990-х гадоў, можна ўбачыць выступленні польскіх дрэг-каралеў, чыя кар’ера пачыналася ў канцы мінулага стагоддзя – у першых гей-клубах і на прыватных кватэрах.
У той вечар на першым паверсе “Ramona” тусаваліся ўдзельнікi і госцi фестывалю. Электронныя сэты ў жанрах house, trance, groove, eurodance гралі чароўныя беларускія ды-джэй_кі U Lad і Petar_tverkal. Танцпол ніколі не быў пустым!
* * *
Першы “БелКвiрФэст” узнік як ініцыятыва невялікага кола беларускіх і польскіх актывістаў, але ён паказаў магчымасць міжнароднай салідарнасці і дыялогу ЛГБТК+ асоб. Няхай шмат у чым гэта быў яшчэ толькі эскіз, хочацца пажадаць выдатнай будучынi фестывалю. А яшчэ падзяліцца некалькімі зборамі матэрыялаў па гiсторыi беларускай квір-культуры і актывізма.
Калі ласка, пазнаёмцеся з імі – добра, што ў нас ёсць такая магчымасць:
- “MAKEOUT”: часопіс пра гендэр і сэксуальнасць.
- Ананiмнны блог “За вясёлкавую Беларусь!”.
- Даследчая платформа беларускага сучаснага мастацтва «KALEKTAR»: ЛГБТК+ / квiр-оптыка.
Лiка Ярмолава
Подписывайтесь на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну