Што трэба ведаць пра квір-мастацтва ў Беларусі: 9 пытанняў
У жніўні–верасні 2024 года былі затрыманыя каля 30 прадстаўні_ц ЛГБТК-супольнасці. Яшчэ ў лютым гэтага года Генпракуратура падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае пакаранне за так званую прапаганду ЛГБТ.
Негетэранарматыўнасць у Беларусі ўсё яшчэ табуяваная і пераследуецца. Але нягледзячы на гэта, беларускае квір-мастацтва працягвае існаваць і даследаваць «ненарматыўнае» — як спосаб самапрэзентацыі і супраціву прыгнёту. Иаксама здаецца важным казаць пра гэта, а калі дакладней — даваць магчымасць квір-людзям казаць пра сябе. У гэтым інтэрв’ю з Ганнай Брэдавай — квір-актывісткай і з 2017 па 2021 гады сукуратаркай фестывалю квір-культуры DOTYK — ІншыЯ пагаворылі пра квір-мастацтва: яго карані, яго сутнасць і яго прадстаўні_ц.
1. Адкуль з’явіўся тэрмін «квір» і што ён азначае стасоўна да мастацтва? У чым сутнасць квір-оптыкі?
Само слова «queer» англамоўнае. І ў сваім агульным значэнні апісвае нешта дзіўнае, незвычайнае і ў пэўнай ступені падазронае. У XX стагоддзі яго пачалі ўжываць для зневажальнага абазначэння негетэрасэксуальных людзей. Прыкладна гэтак жа, як у нашым кантэксце цяпер выкарыстоўваюць слова «п*дар». Але ў 80-х — 90-х гадах на Захадзе ў асяроддзі актывістаў ЛГБТК+ стала заўважнай ідэя рэклэймінгу* слова «квір».
*Рэклэймінг ці рэапрапрыяцыя — у лінгвістыцы культурны працэс, з дапамогай якога група вяртае сабе словы ці артэфакты, якія раней ужываліся для зневажання гэтай групы.
Калі вы хочаце больш даведацца пра актывісцкія карані рэклэймінгу слова «квір», можна пачытаць «The Queer Nation Manifesto». Тэкст маніфеста распаўсюджваўся ўдзельнікамі_цамі маршу ACT UP на прайдзе ў Нью-Ёрку ў 1990 годзе.
Дарэчы, слова «п*дар» шматлікія актывіст_кі таксама спрабавалі рэклэйміць, каб прысвоіць яго сабе і зніштожыць яго негатыўную афарбоўку, але гэта не прынесла такіх вынікаў, як са словам «квір».
Ідэя рэклэймінгу перайшла ў акадэмічнае асяроддзе, дзе з’явілася група даследчы_ц гендару і сэксуальнасці, якія распрацавалі новы пагляд на негетэранарматыўнасць. Яны падкрэслівалі, што гетэрапатрыярхат з’яўляецца адной з формаў прыгнёту, а наша разуменне гендару, сэксуальнасці і паводзін у грамадстве заснаванае на жорсткіх, кантралюючых нормах, якія выгадныя пэўным групам і маргіналізуюць іншыя групы.
Замест стратэгіі асіміляцыі і прадстаўлення нецысгетэра-людзей як «нармальных», квір-даследчы_цы прапанавалі квір-людзям змагацца з самім паняткам нормы. Крытыкаваць яе, аналізаваць, каму патрэбная гэтая норма, і пратэставаць супраць яе.
Як бывае са шмат якімі акадэмічнымі плынямі, квір-мастацтва з’явілася яшчэ да таго, як яго ідэі былі апісаныя ў дысертацыях і манаграфіях.
Разам з развіццём перформансу і акцыянізму, увагай да цела і цялесных практык і актыўным рухам гей/квір-вызвалення ў час эпідэміі ВІЧ/СНІД у Амерыцы, пачалі з’яўляцца маста_чкі, якія кідалі выклік гетэрасэксуальнаму статус-кво: ідэі нуклеарнай сям’і, амерыканскай мары і іншым атрыбутам гетэрапатрыярхатнага шчасця.
Фелікс-Гансалес-Торэс. «Без назвы». Партрэт Роса ў Лос-Анджэлесе.
175-фунтовая гара цукерак сімвалізуе Роса — партнёра мастака ў сваёй здаровай вазе, яшчэ да ўскладненняў, выкліканых СНІДам. Наведнікі_цы выставы бяруць цукеркі з гэтай гары, пакуль не застаецца нічога, і так паўтараюць павольнае, паступовае паміранне і знікненне Роса праз вірус.
Акцыя «Попел». У 1992 годзе арганізацыя ACT UP звярнулася да тых, хто страціў блізкіх праз СНІД, з просьбай прывезці крэміраваныя рэшткі сваіх родных у Вашынгтон і выкінуць іх на газоне ля Белага дома. Акцыя была натхнёная Дэвідам Робінсанам, які хацеў адправіць прах свайго партнёра Ўорэна тагачаснаму прэзідэнту Джорджу Бушу-старэйшаму, які ігнараваў эпідэмію.
2. У Беларусі слова «квір» сталі ўжываць пасля яго пераасэнсавання Захадам, без канатацыі лаянкі. Гэта неяк паўплывала на ўспрыманне беларускага квір-мастацтва?
Складана сказаць. Сам тэрмін сапраўды з’явіўся ў заходняй акадэміі, але
квір-мастацтва існавала і да яго з’яўлення. Яно проста не было апісанае ці было апісанае па-іншаму.
Мяркую, у беларускім мастацтве ёсць аглядка на Захад, але дзе яе няма?
Мне здаецца, у сучасным беларускім квір-мастацтве ёсць свой трэнд на разважанні пра нацыянальнасць і культуру: зварот да беларускага фальклору і г. д. Напрыклад, мы з DOTYK рабілі анлайн-выставу, прысвечаную квір-экалогіі, дзе былі працы, якія звяртаюцца да міфічных беларускіх персанажаў.
У цэлым, распаўсюджаная рэч для квір-мастацтва, якая таксама назіраецца і ў Беларусі, — гэта перапляценне мастацтва і актывізму.
Квір-мастацтва часта выкарыстоўваецца як актывісцкае выказванне, а актывіст_кі ахвотна прыцягваюць маста_чак у свае праекты.
3. Па якіх крытэрах можна зразумець, што гэты твор мастацтва — квірны?
Тут могуць быць розныя думкі. Нават маё меркаванне будзе змяняцца ў залежнасці ад кантэксту. Самы просты адказ:
калі твор закранае тэмы сэксуальнасці, гендару, цела праз ненарматыўную прызму — ён квірны.
Але, паколькі нормы могуць адрознівацца ў розных культурах і кантэкстах, «квірнасць» твора можа таксама змяняцца.
Ці можна ў 2024 годзе назваць квірнай серыю фатаграфій з белымі гомасэксуальнымі парамі, выстаўленую ў галерэі дзе-небудзь у Стакгольме? Я б не сказала, што ў кантэксце мастацтва сучаснай Швецыі такі твор кідае выклік норме. Пры гэтым уявіце гэтую ж працу на «Арт-Мінску», падумайце пра мэтавую аўдыторыю гэтага фестывалю і пра тое, які эфект на іх і ў гэтым асяроддзі зробіць праца. Мне здаецца,
«квірнасць» залежыць ад кантэксту і звязаная з выклікам лакальнай нарматыўнасці.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну