Электронны бюлетэнь: ЛГБТК+ у Беларусі 10-12.2024
СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСКАЙ ЛГБТК+ СУПОЛЬНАСЦІ
Рэпрэсіі, запалохванні ды стыгматызацыя ЛГБТК+ супольнасці працягваліся ў Беларусі да канца 2024 года.
Паводле праваабаронцаў, асаблівае цкаванне надалей зазнавала трансгендарная
супольнасць Беларусі. Паводле арганізацыі TG-House, пацверджаныя выпадкі затрымання трансперсонаў наўпрост звязаныя з іх гендарнай ідэнтычнасцю. У якасці прававой падставы прадстаўнікі прыўладнага рэжуму прымяняюць такія артыкулы як 19.1 КаАП (“дробнае хуліганства”) за падпіскі на “экстрэмісцкія” анлайн-рэсурсы або 343 КК Беларусі (“распаўсюд парнаграфіі”) за ЛГБТ-кантэнт. Такім чынам, сам факт трансгендарнасці робіцца прычынай пераследу, а юрыдычныя абвінавачанні высоўваюцца для легітымізацыі гэтых дзеянняў.
Мелі месца масавыя адмовы камісій па гендэрным пераходзе, перабоі з доступам да гарманальнай тэрапіі, прымусовыя шпіталізацыі і зневажальныя ўмовы медыцынскіх працэдур. Рэпрэсіі ўключалі таксама пагрозы пазбаўлення бацькоўскіх правоў, незаконныя патрабаванні здачы ДНК, а таксама арышты і катаванні. Транс-людзей масава пазбаўлялі магчымасці легальных аперацый, паддавалі гвалту і пастаянным эмацыйным і псіхічным траўмам.
Арганізацыя TG-House пашырыла шэраг рэкамендацыяў беларускім транс-людзям ва ўмовах рэпрэсіяў. Паводле справаздачы беларускай праваабарончай арганізацыі “Прававая ініцыятыва” пра становішча ЛГБТК+ супольнасці Беларусі, пашыранай у лістападзе 2024 года, паняцце «прыватнае жыццё» цяпер стала вельмі адносным, паколькі ціск з боку рэжыму і схільнага да прапаганды грамадства пранікае ў самыя асабістыя сферы жыцця ЛГБТК-людзей. Страх перад дыскрымінацыяй, рэпрэсіямі і гвалтам стаў штодзённасцю ЛГБТК+ супольнасці.
Узнікаюць «новыя» формы пагроз, якія становяцца «трэндам». Калі затрыманы з’яўляецца прадстаўнік:ніцай ЛГБТК+ супольнасці, іх асабістыя перапіскі супрацоўнікі сілавых структур пачынаюць трактаваць як палітычна небяспечныя. Такім чынам, сяброўскі чат на некалькі асобаў можа ўспрымацца як крымінальнае злачынства, асабліва, калі ў чаце прысутнічаюць прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці. Варта адзначыць, што пры затрыманнях, ператрусах і допытах ЛГБТК+ людзям пагражаюць узбуджэннем справы па артыкуле аб педафіліі, а таксама гвалтам, як з боку сілавікоў, так і «будучых сукамернікаў/іц».
Асабліва ўразлівай групай застаюцца непаўнагадовыя прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці. Праблемы падлеткаў застаюцца нябачнымі, а падтрымка практычна адсутнічае. Замкнёнасць, самота і страх сярод падлеткаў прыкметна мацней, чым у дарослых. Гэта павялічвае сярод іх рызыкі самапашкоджанняў (селфхарм) і суіцыдальных настрояў. Варта ўзгадаць нядаўнюю статыстыку самагубстваў у Беларусі: Генеральная пракуратура заявіла, што за першае паўгоддзе 2024 года колькасць суіцыдаў сярод непаўнагадовых узрасла на 50%.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну