Юрыдычныя і псіхалагічныя дзеянні падчас вобшуку

Юрыдычныя і псіхалагічныя дзеянні падчас вобшуку

время чтения: 5 мин

Ператрус у блізкіх — гэта не толькі юрыдычная працэдура, але і моцны псіхалагічны ўдар для ўсёй сям’і. Асабліва цяжка, калі ціск на сваякоў выкарыстоўваецца як спосаб уздзеяння на тых ЛГБТК+ людзей, хто ўжо з’ехаў ці знаходзіцца пад рызыкай пераследу.

Разам з юрыстам і псіхолагам разбіраемся, як падрыхтаваць блізкіх да магчымага візіту сілавікоў, што важна ведаць падчас вобшуку і допыту, і як не даць пачуццю віны разбурыць вас знутры. Таксама расказваем, якія простыя тэхнікі дапамагаюць захаваць самавалоданне ў моманце і калі ўжо варта звяртацца па прафесійную дапамогу.

 

Чытайце таксама: Вобшук у блізкіх: як падрыхтавацца і падтрымаць

Неабходна найперш паглядзець і пажадана запомніць нумар крымінальнай справы, а таксама яго фабулу і артыкулы, па якіх яна ўзбуджаная, тлумачыць юрыст Дзмітрый Лепрэтар.

“Калі там пазначаныя прозвішчы, апроч вашага, іх таксама варта запомніць. Копію самой пастановы аб вытворчасці ператрусу вам не дадуць, але азнаёміць з пастановай пры вытворчасці ператрусу абавязаныя. На пачатку вобшуку следчы павінен спытаць, ці ёсць у памяшканні забароненыя або абмежаваныя ў абароце рэчы і прадметы. Калі такіх няма, то прыступаюць непасрэдна да вобшуку”.

Падчас вобшуку, павінны прысутнічаць два панятыя. Гэта людзі, абавязак якіх сачыць за паслядоўнасцю і правільнасцю правядзення вобшуку

Можна прасіць быць панятымі суседзяў, тлумачыць Дзмітрый.

“Сам ператрус мусіць праводзіць следчы, якія вядзе пратакол, паслядоўна ва ўсіх памяшканнях. Пры гэтым усе дзеянні павінны быць у зоне бачнасці панятых і іншых асобаў, якія прысутнічаюць падчас ператрусу. Калі гэтая паслядоўнасць парушаецца, пра гэта варта згадаць у пратаколе пры яго падпісанні. Пасля завяршэння вобшуку, асобы, якія яго праводзяць, абавязаны пакінуць копію пратакола”.

Юрыдычныя і псіхалагічныя дзеянні падчас вобшуку

Калі вы лічыце, што падчас вобшуку былі парушаныя вашыя правы, вы маеце магчымасць абскардзіць дзеянні альбо ў начальніка следчага падраздзялення, супрацоўнікі якога правялі вобшук, альбо ў пракуратуры, кажа юрыст.

“Пісьмова скласці скаргу можа дапамагчы адвакат. Таксама калі падчас ператрусу адбіраюцца рэчы, якія не вам не належаць, пра гэта можна зрабіць адзнаку ў пратаколе, а ў далейшым абскардзіць гэтыя дзеянні”.

Не сведчыць супраць блізкіх

“Вы маеце права ігнараваць усе пытанні, якія тычацца вашых блізкіх сваякоў. Проста паўтарайце выраз: “Я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне паводле артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь””, – тлумачыць юрыст Дзмітрый Лепрэтар.

Псіхолаг дадае, што варта загадзя папярэдзіць блізкага чалавека, што на яго могуць спрабаваць уздзейнічаць праз эмоцыі — праз страх, віну або трывогу.

“Напрыклад, могуць гучаць словы кшталту: “лепш супрацоўнічаць, каб усім было прасцей”. Важна, каб чалавек ведаў: такія словы могуць гучаць, і гэта частка ціску, а не праява клопату. Важна таксама загадзя сказаць блізкім, што іх рэакцыі могуць быць вельмі рознымі — страх, разгубленасць, слёзы, злосць. І гэта натуральныя рэакцыі на ненармальную сітуацыю. Важна, каб яны не вінавацілі сябе за гэтыя пачуцці”.

Таксама важна падтрымліваць кантакт з блізкімі пасля такіх сітуацый, калі гэта магчыма, кажа псіхолаг Вера Я.

“Бо сам досвед ціску можа быць вельмі траўматычным, і чалавеку патрэбны час, каб яго перажыць. Галоўнае — памятаць, што вы не можаце цалкам кантраляваць сітуацыю і паводзіны іншых людзей, але можаце падтрымаць блізкіх псіхалагічна”.

Юрыдычныя і псіхалагічныя дзеянні падчас вобшуку

Як супакоіцца ў моманце 

Калі ўжо непасрэдна грукаюць у дзверы або ідзе вобшук, вельмі важна заставацца ў кантакце з сабой і з тым, што адбываецца навокал, таму першае, што варта зрабіць – зазямліцца, – тлумачыць псіхолаг Вера Я.

“Важна зазямляцца, то бок адчуваць падлогу пад нагамі. Накіроўваць увагу ў стопы і назіраць за адчуваннямі. Бо калі мы адчуваем фізічны кантакт з паверхняй, на якой стаім, якая нас трымае і дае нам апору, мы таксама вяртаем адчуванне апоры сваёй псіхіцы”.

Па-другое – сачыце за дыханнем.

“У стане моцнай трывогі і панікі чалавек пачынае дыхаць хутка і павярхоўна або ўвогуле замірае і перастае дыхаць. Таму лепш за ўсё дыхаць жыватом: кароткі глыбокі ўдых жыватом і працяглы выдых ротам (тонкім струменьчыкам праз складзеныя “ў трубачку” вусны). Але галоўнае тут — каб удых быў праз нос, а выдых — праз рот і відавочна даўжэйшы за ўдых”.

Па-трэцяе — захоўвайце кантакт з рэальнасцю.

“Важна заставацца ў кантакце з пяццю мадальнасцямі, пра якія мы казалі вышэй. То бок працягваць глядзець навокал, разглядаць прадметы і іх колер, дакранацца да прадметаў, слухаць гукі, адчуваць пахі. Іншымі словамі — быць на сувязі з рэальнасцю. І зноў такі, выкарыстоўвайце просты жэст “рука на грудзях” – “я тут”, “я дыхаю”, “я спраўлюся””.

Юрыдычныя і псіхалагічныя дзеянні падчас вобшуку

Пачуццё віны “маіх блізкіх пераследуюць праз мяне”

Чалавек, якога пераследуюць, можа адчуваць віну перад блізкімі, што ён ці яна падстаўляюць пад удар сваю сям’ю проста праз тое, кім ён ці яна з’яўляюцца. І такая віна можна моцна ўплываць на наш псіхічны стан.

“Тут важна не ўпасці ў так званы стан ахвяры: “я вось такі дрэнны”, “я прыношу вам адныя праблемы”. Варта спакойна прагаварыць свае пачуцці: “Мне шкада, што склалася такая сітуацыя”; “Мне шкада, што праз мяне вам даводзіцца праходзіць праз цяжкі досвед”; “Давайце разам вырашым, што можна зрабіць”. То бок важна скіраваць увагу не на тое, “хто вінаваты”, а на тое, што мы разам можам з гэтым зрабіць”, – кажа псіхолаг.

Варта даць блізкім зразумець, што вам не ўсё роўна, што вы не пакідаеце іх з гэтай сітуацыяй сам-насам, а што вы побач і будзеце падтрымліваць іх, тлумачыць Вера.

“У выпадку, калі блізкія пачынаюць вас вінаваціць, варта спрабаваць не паддавацца на гэтыя выпады. Важна данесці да іх думку, што ўсё ж адказнасць за пераслед заўсёды ляжыць на тых, хто яго ажыццяўляе, а не на чалавеку, які жыве сваім жыццём, мае сваю ідэнтычнасць або палітычную пазіцыю. Важна паступова вяртаць сабе (і блізкім) разуменне: тое, што адбываецца, — гэта вынік дзеянняў сістэмы ці іншых людзей, а не ваша асабістая віна”.

Клопат пра блізкіх або татальны кантроль

Падчас падрыхтоўкі да магчымага вобшуку ці допыту, клопат пра блізкіх можа перайсці ў кантроль, і гэта натуральная рэакцыя на трывогу ў такіх абставінах, тлумачыць псіхолаг.

“Каб гэтага пазбегнуць, важна дамаўляцца, а не загадваць. Абмяркоўваць правілы бяспекі разам, а не навязваць іх аднабока. Таксама важна пакідаць чалавеку права на ўласныя рашэнні і паважаць яго межы, нават калі вам страшна. Клопат пра бяспеку не павінен разбураць давер паміж блізкімі”.

Юрыдычныя і псіхалагічныя дзеянні падчас вобшуку

Калі варта звярнуцца па прафесійную дапамогу

Галоўныя маркер, што вам ці вашаму блізкаму чалавеку трэба звярнуцца па дапамогу, — гэта парушэнні сну (калі чалавек пакутуе ад бессані) і змены апетыту (чалавек перастае есці або “заядае” стрэс), кажа Вера.

“Важна звярнуць увагу на тое, як чалавек спраўляецца з паўсядзённымі абавязкамі. Калі трывога пачынае сапраўды пагаршаць функцыянаванне — чалавеку становіцца цяжка працаваць, вучыцца або займацца звычайнымі справамі. Напрыклад, цяжка канцэнтравацца, утрымліваць увагу або прымаць нават простыя рашэнні”.

Таксама важна назіраць за саматычнымі праявамі — боль у жываце, у сэрцы, напружанне ў целе, немагчымасць расслабіцца нават у бяспечных умовах, галаўныя болі, дадае псіхолаг.

“Сюды ж можна аднесці панічныя атакі, калі з’яўляецца моцнае сэрцабіцце, дрыжыкі, адчуванне недахопу паветра або страх, што “нешта дрэннае зараз адбудзецца”. Гэта можа быць прыкметай таго, што псіхіка не спраўляецца, і напружанне пераходзіць на ўзровень цела. Яшчэ адзін важны сігнал — калі чалавек пачынае ізалявацца, пазбягаць кантактаў з іншымі людзьмі, губляе цікавасць да таго, што раней было важным”.

Асобны трывожны сігнал — гэта пачуццё безнадзейнасці, калі чалавеку здаецца, што сітуацыя ніколі не скончыцца і нічога ўжо нельга змяніць, падкрэслівае Вера.

“І асабліва важны маркер — гэта з’яўленне думак пра самапашкоджанне або пра тое, што “лепш бы мяне не было”. У такіх выпадках звяртацца па дапамогу трэба як мага хутчэй”.

Васіліна Сакалоўская

Тэкст напісаны ў рамках Gpress.info Special Safety Project

Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты – Gpress.info

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!

ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну

Глядзіце цікавыя відэа на нашым YouTube-канале