Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

время чтения: 8 мин

Змешваючы ў адзін асацыятыўны шэраг ЛГБТК+ і педафілію, дзяржава стварае юрыдычны механізм, які дазваляе знізіць доказную базу і адказнасць за гвалтоўныя дзеянні супраць непаўналетніх.

Разбіраемся ў новым законе аб пакаранні за “прапаганду ЛГБТ” разам з адвакатам Дзмітрыем Лепрэтарам, які падрабязна распавёў пра мачымыя наступствы новага закона на вебінары, арганізаванам праваабарончай ініцыятывай «Журналісты за талерантнасць«.

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

Дзмітрый Лепрэтар

“Гэта новая рэальнасць для кам’юніці, людзей, якія працуюць з інфармацыяй, бацькоў”. Як з’явіўся закон супраць ЛГБТК+

15 красавіка 2026 года Лукашэнка падпісаў закон аб пакаранні за “прапаганду ЛГБТ”. Ідэі ісці па прыкладзе Расіі ў гэтым кірунку пачаліся яшчэ да 2020 года асобнымі актарамі. Тады гэта выклікала ўхмылку і рэакцыя была як на нейкую фрыкаватую ідэю, кажа Дзмітрый Лепрэтар.

“На жаль, гэтая ідэя жыла, памнажалася і прывяла да таго, што гэта ўсё з’явілася. Пасля таго, як пачалі распрацоўваць і ўводзіць гэтае заканадаўства, была змененая інструкцыю аб эратычнай прадукцыі, прадукцыі, якая змяшчае элементы эротыкі, гвалту, жорсткасці, прадукцыі па сэксуальнай адукацыі, палавым выхаванні, а таксама прадукцыі сэксуальнага прызначэння”.

Інструкцыя змянілася ў частцы вызначэння парнаграфіі, таксама змянялі закон аб правах дзіцяці, у прыватнасці ўвялі такое паняцце, як інфармацыя, якая дыскрэдытуе інстытут сям’і. Так пачаў папаўняцца і пашырацца спіс забароненых друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, распаўсюджанне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, дзе можна ўбачыць некаторыя выданні, датычныя ЛГБТК+ тэматыкі.

“Пасля гэтага з’явіўся закон аб зменах у кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, які быў прыняты ў дзвюх палатах парламента і 15 красавіка падпісаны Лукашэнкам. Гэта новая рэальнасць для кам’юніці, людзей, якія працуюць з інфармацыяй, для бацькоў, бо яны таксама падпадаюць пад рызыку быць прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасці за “прапаганду ЛГБТ””.

“Парнаграфія” цяпер можа тычыцца кожнага і кожнай

У вызначэнне парнаграфіі былі ўнесены такія моманты, як “вульгарна натуралістычная, агідна цэнічная, непрыстойная фіксацыя палавых зносінаў, у тым ліку сэксуальных забаў нетрадыцыйных палавых адносінаў і/або палавых паводзінаў”, апавядае адвакат.

Пад “нетрадыцыйнымі палавымі адносінамі або палавымі паводзінамі” дзяржава разумее “гомасэксуалізм, лесбійскае каханне, бісэксуальныя адносіны, поліаморыю, педафілію, заафілію, садызм, мазахізм, вуайерызм, эксгібіцыянізм, фетышызм, трансвістызм і трансэксуалізм”.

“Вызначэнне “парнаграфія” павінна тычыцца “вульгарна натуралістычных і агідна цэнічных і непрыстойных рэчаў”. Але тут яно настолькі шырокае і гумовае, што гэта выклікае сур’ёзныя засцярогі, бо тады за любую інфармацыю можна будзе атрымаць крымінальную адказнасць”, – кажа Дзмітрый.

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

Што можа быць тормазам, калі пачнуць прыцягваць усіх за распаўсюджанне парнаграфіі

Літаральна кожная крымінальная справа, узбуджаная па артыкуле аб распаўсюджанні парнаграфіі абавязкова праходзіць мастацтвазнаўчую экспертызу, падкрэслівае Дзмітрый.

“І ў гэтай частцы Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз больш кансерватыўны орган, які трактуе парнаграфію бліжэй да таго разумення, якое ёсць у нармальным развітым грамадстве, – “вульгарная дэманстрацыя палавога акту або палавых органаў”. Ну і я пакуль не бачыў у практыцы прыкладаў, калі за выяву трансгендэрнага чалавека нейкага прыцягвалі за парнаграфію”.

Пры гэтым, такі закон дае магчымасць праваахоўным органам весці ўсялякія даследчыя дзеянні, затрымліваць людзей

Таксама важна разумець, што адказнасць за “распаўсюджанне парнаграфіі” можа быць пры дасыланні «такіх фота» нават аднаму чалавеку.

“Уважліва сачыце за сваімі сацыяльнымі сеткамі, каму якія карцінкі адпраўляеце. У прыватнасці гэта тычыцца гей-кам’юніці, выкарыстання дэйтынгавых аплікацый, дзе адпраўка вельмі пікантных выяваў можа быць часткай культуры. Будзьце больш акуратнымі з гэтым усім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Прыцягненне да адказнасці за распаўсюджанне порна выкарыстоўваецца як практыка палітрэпрэсій. Так дэйтынгавыя аплікацыі выкарыстоўваюцца для аблаваў на ЛГБТК+ кам’юніці.

“Просяць даслаць што-небудзь (дзікпік ці яшчэ якую карцінку), а потым спрабуюць прыцягнуць за распаўсюджванне парнаграфіі. Такія выпадкі фіксаваліся і праваабаронцамі, і проста людзьмі з кам’юніці”.

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

Змены ў закон аб правах дзіцяці – бацькі ва ўразлівым становішчы

У закон аб правах дзіцяці таксама ўнеслі змены: дадалі такое вызначэнне як “інфармацыя, якая наносіць шкоду здароўю і развіццю дзяцей”. Да яе адносіцца “інфармацыя, здольная аказаць негатыўны ўплыў на здароўе, фізічнае, маральнае, духоўнае развіццё дзяцей пэўнай узроставай катэгорыі; інфармацыя, якая дыскрэдытуе інстытут сям’і, шлюбныя сямейныя адносіны, скіраваная на прапаганду гомасэксуальных адносінаў, змену полу, педафіліі, бяздзетнасці”.

І наконт “прапаганды” ў гэтай частцы ацэнка праваабарончай супольнасці і практыкуючых юрыстаў адназначаная – гэта парушэнне ўсіх магчымых абавязкаў Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх палітычных правах, у частцы свабоды выказвання меркаванняў, неўмяшання ў асабістае жыццё, падкрэслівае адвакат.

“Гэта непрапарцыйнае ўмяшанне ў рэалізацыю гэтых правоў. Але што нам гаворыць заканадаўца: што частка 1 прадугледжвае адказнасць “за распаўсюджанне ў любой форме інфармацыі ў мэтах фармавання ў грамадзян уяўлення аб прывабнасці гомасэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці або аб прызнанні педафіліі дапушчальнай”. І частка 2 мае кваліфікуючую прыкмету, так званы матэрыяльны склад, калі наступствамі з’яўляецца азнаямленне з гэтымі матэрыяламі непаўналетняга”.

Акурат у гэтай частцы дастаткова ва ўразлівым становішчы знаходзяцца бацькі, тлумачыць адвакат. Асабліва бацькі падлеткаў, якія толькі пачынаюць усведамляць сваю любую сэксуальнасць, у тым ліку і гомасэксуальную арыентацыю.

“Бацькі быццам павінныя растлумачыць, што адбываецца з дзіцём, але знаходзяцца пад прэсам адказнасці “за распаўсюджанне інфармацыі ў мэтах фармавання ў грамадзян прывабнасці””.

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

“Прапаганда” і “прывабнасць” – расплывістыя тэрміны, якія нясуць небяспеку

У беларускім заканадаўстве ёсць “прапаганда вайны” ў крымінальным кодэксе, у рознага кшталту нарматыўных актах “прапаганда здаровага ладу жыцця”. Па сутнасці, гэта ўжо гаворыць аб фармаванні нейкай прывабнасці, падкрэслівае адвакат.

“Прывабнасць” – дастаткова побытавы тэрмін, які не мае дакладнага юрыдычнага вызначэння і яго можна трактаваць вельмі шырока. Таму шмат залежыць ад меркавання таго, хто будзе артыкул прымяняць, хто будзе складаць пратакол, што ён палічыць гэтай “прывабнасцю”.

“Плюс да ўсяго, у беларускім заканадаўстве няма такіх паняццяў як “гомасэксуальныя адносіны” і “бяздзетнасць”. “Змена полу” ёсць, і гэта медыцынская працэдура, якая рэгулюецца асобным заканадаўствам аб ахове здароўя з усімі гэтымі камісіямі. А “педафілія” – гэта ўвогуле крымінальнае дзеянне і плюс да ўсяго яшчэ псіхічнае расстройства, якое занесена ў Міжнародную класіфікацыю хваробаў”.

“Гэта можа дапамагчы злачынцу пазбегнуць крымінальнай адказнасці”

Увесь асацыятыўны шэраг зроблены, каб надаць вагу, што гэта ўсё ўплывае на непаўналетніх, маўляў, вы жадаеце згвалціць і гэтак далей, таму туды ўпіхнулі і педафілію, падкрэслівае Дзмітрый Лепрэтар.

“Юрысты практыкі кажуць, што гэта вельмі небяспечны шлях. Бо там, дзе можна казаць пра доказы патэнцыйнай падрыхтоўкі або замаху на дзеянне, якое крымінальна караецца, у дачыненні да непаўналетняга, зараз можна лёгка прымяніць гэты артыкул аб прапагандзе педафіліі і знізіць, па-першае, доказную базу, па-другое, адказнасць за тыя дзеянні, якія патэнцыйна могуць нанесці шкоду непаўналетняму дзіцяці”.

Калі мы гаворым аб фармаванні “прывабнасці педафіліі” непаўналетняму дзіцяці, то гэта па-сутнасці ўцягванне непаўналетняга ў іншыя рэчы – здзяйсненне ў адносінах да дзіцяці дзеянняў, якія крымінальна караюцца, падрыхтоўкі да гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару або спакушэнне малалетняга.

“А з такім заканадаўствам ёсць рызыка, што чалавек скажа: “Мае дзеянні ўкладваюцца ў рамку артыкула аб адміністрацыйнай адказнасці”. І патэнцыйна гэта можа дапамагчы злачынцу пазбегнуць крымінальнай адказнасці”.

“Такое заканадаўства дае грамадству разуменне новага ўнутранага ворага. А з ворагам можна паступаць як заўгодна”

“Такое заканадаўства развязвае рукі праваахоўным органам і дае грамадству разуменне новага ўнутранага ворага. А з ворагам можна паступаць як заўгодна. Гэта моцна дэгуманізуе прадстаўнікоў кам’юніці. Я ведаю і разумею, што кам’юніці моцна ў падполлі зараз у Беларусі і там вельмі цяжка выжываць. Але зараз проста будуць развязаныя рукі і ў праваахоўнікаў, і больш “традыцыйных” у сваіх поглядах таварышаў”.

Такія дзеянні дзяржавы і надалей будуць прыводзіць да сутыкнення людзей. Напрыклад, пагражаючы аўтынгам, будуць працягваць схіляць да супрацоўніцтва і прымяняць іншыя практыкі.

Таксама праз недакладную тэрміналогію праваахоўныя органы будуць тлумачыць норму, абсалютна не звяртаючы ўвагі на навуковыя доказы і іншае.

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

Так, напрыклад, пад удар трапляюць і праекты, якія займаюцца сэкс-адукацыяй

“Вядома ж можна казаць “даследуйце сваю сэксуальнасць”. Але калі вы крыху далей зойдзеце і скажаце “ў тым ліку і гомасэксуальнасць”, то могуць быць пытанні. Гэта вельмі тонкая мяжа. Заканадаўства толькі ўведзена, як пойдзе практыка прымянення, я меркаваць не бяруся, але нешта мне моцна падказвае, што будзе ўзятая мадэль як у Расійскай Федэрацыі”.

Праблемы будуць у псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, адвакатаў і дактароў, прадстаўнікоў іншых прафесій, чыя праца рэгулюецца этычным кодэксам. Яны не змогуць адкрыта гаварыць пра розныя рэчы, каб не сфармаваць “прывабнасць гомасэксуальнасці”, не патрапіць пад адказнасць. Існуе і рызыка даносаў. Усё гэта ставіць перад маральным выбарам: гаварыць адкрыта або трапіць у небяспечнае становішча.

Падлеткі становяцца вельмі ўразлівай групай

“У гэтай усёй сітуацыі супер уразлівай групай становяцца падлеткі, якія ўсведамляюць сваю гомасэксуальную арыентацыю. Бо адсотак суіцыдаў і так высокі. І тут вельмі кепскія прагнозы ў мяне, як у чалавека, які адсочвае гэтую гісторыю. Гэта будзе вялікая праблема”.

Пад ударам усе, хто працуе з інфармацыяй

Новае заканадаўства ставіць пад непасрэдны ўдар усіх, хто працуе з інфармацыяй: журналіст:ак, блогер:ак, НКА, кантэнт-мэйкер:ак і іншых.

Дзмітрый Лепрэтар тут узгадвае досвед Расіі, дзе ўвядзенне падобнага роду заканадаўства суправаджалася вельмі моцным падаграваннем: ксенафобнымі, трансфобнымі, гамафобнымі выказваннямі ў сацыяльных сетках, па тэлевізары, дзе заўгодна ў СМІ.

“Гэта была мэтанакіраваная кампанія па вылепліванні з кам’юніці ўнутранага ворага. Любое згадванне ЛГБТК+ нават у нейтральным кантэксце магло ўспрымацца як прапаганда. Тады абвальвалася куча праваахоўнікаў, клапатлівых мамак і татак, захавальнікаў традыцыйных каштоўнасцяў, хрысціянскіх вялікіх экспертаў са сваімі скаргамі, даносамі. Адпаведна супрацоўнікі праваахоўных органаў нібыта не маглі не адрэагаваць і прыцягвалі людзей да адміністрацыйнай адказнасці”.

Медыя, якія выехалі, горш не стане, бо яны ўсе эскстрэмісцкія фармаванні, дадае адвакат. Для медыя, каб зменшыць рызыкі, варта не пісаць  адкрыта пра герояў.

“Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, у мяне менш за ўсё рэцэптаў і пластыраў, толькі адзін магчымы варыянт – вынаходзіць птушыную мову

Пісаць так, каб у меншай ступені было зразумела, што вы пішаце нейтральна ці станоўча пра кам’юніці”.

Блогер:кі, аўтар:кі, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь могуць сутыкнуцца з такой гісторыяй: калі на іх павесяць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, прагоняць праз суд і будуць нейкія нявыплачаныя штрафы, то гэта можа пацягнуць за сабой маёмасць, калі яна ў вас засталася, тлумачыць адвакат.

“Гэта рызыка, мы бачым, што гэтым карыстаюцца. Крымінальныя справы, завочная вытворчасць разлічана не на тое, што ты прыедзеш і пасядзіш пяць гадоў. А вось калі ў цябе кватэра засталася, то гэта ўжо цікавей, там ужо ў частку штрафу можна яе канфіскаваць. Таму, калі вы пішаце, перастрахуйцеся, паглядзіце структуру сваёй уласнасці, якая засталася ў Беларусі”.

Варта мець на ўвазе, што рызыкі дадаюцца новыя, апроч тых журналісцкіх, блогерскіх, якія ёсць і так, з улікам экстрэмісцкага заканадаўства, падкрэслівае Дзмітрый.

“Вось у нас з’явілася яшчэ адна дубінка, якой можна махаць праваахоўным органам, каб пазбавіць вас крэўна заробленага і пакінутага ў Беларусі”.

Як барацьба з ЛГБТК+ стварае ўмовы для сэксульных злачынстваў над дзецьмі

Пагрозы сваякам

Адна з формаў транснацыянальных рэпрэсій – любая дзейнасць нават за мяжой можа адгукнуцца бацькам, кажа адвакат. І нават калі фармальна няма да чаго прычапіцца, проста праінструктуйце бацькоў і блізкіх, што трэба казаць і чаго не.

“Можа быць прафілактычная гутарка. Могуць скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, закінуць яго ў суд, суд выпіша штраф, потым ён пойдзе на прымусовае выкананне, потым могуць прыйсці да сваякоў ужо не прадстаўнікі МУС, а служба судовых выканаўцаў, і паспрабаваць апісаць іх маёмасць пад выглядам вашай, каб гэты штраф скасаваць. Проста могуць тузаць і ўсяляк спрабаваць ускладніць жыццё. Пасадзіць за тое, што сын гей ці што ён кажа, што быць геем – крута, – наўрад ці хтосьці зможа”.

У Беларусі прававы дэфолт, ідзе прыняцце ўсё больш і больш гумовых законаў, якія як захочацца, так і будуць прымяняць, кажа адвакат.

“Няма прававой дакладнасці, калі чалавек дакладна ведае, за што ён можа панесці адказнасць. Цяпер жа заканадаўства дае ўсё больш і больш шырокую пляцоўку для самавольства”.

“Засцерагчы сябе на сто адсоткаў ніхто не зможа, але выкарыстоўваць СМІ для данясення сваёй пазіцыі, нават з улікам усіх абмежаванняў, можна”

“Як бы кам’юніці не тапталі, не вынішчалі рознымі спосабамі, у савецкі час быў і крымінальны артыкул за гомасэксуальныя адносіны, неяк усё роўна гэтая трава заўсёды расла, былі ініцыятывы, выдатныя творы літаратуры і мастацтва, якія выдаваліся падпольна. Усё роўна культура і кам’юніці выжывалі.

І ёсць вялікі прывілей цяперашняга свету – не абмяжоўваць сябе ў сваіх выразах, калі вы знаходзіцеся ў дастаткова бяспечным асяроддзі. Засцерагчы сябе на сто адсоткаў ніхто не зможа, але выкарыстоўваць СМІ для данясення сваёй пазіцыі, нават з улікам усіх абмежаванняў, ананімізацыі герояў, можна”.

Тэкст напісаны ў рамках Gpress.info Special Safety Project

Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты — Gpress.info

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!

ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну

Глядзіце цікавыя відэа на нашым Instagram-канале