Эксперт: “Журналісты – моцная сіла ў барацьбе з гамафобіяй”

время чтения: 2 мин

16 чэрвеня ў Вільні адбылася сустрэча журналістаў з прадстаўнікамі ЛГБТ-супольнасці Беларусі. У час круглага стала былі агучаныя вынікі маніторынгу беларускіх СМІ па асвятленні праблематыкі ЛГБТ-супольнасці, а таксама вынікі апытання рэдактараў, як яны бачаць праблему з гамафобіяй у сучасным друку.

«Праблема дыскрымінацыі ЛГТБ-супольнасці не ўнікальная, бо дыскрымінацыя датычыцца шэрагу іншых сацыяльных групаў – інвалідаў, прадстаўнікоў іншых рас і нацыянальнасцяў, апазіцыі і інш. Галоўная мэта маніторынгу – натхніць іншыя сацыяльныя групы таксама змагацца са стэрэатыпамі ў грамадстве і з дыскрымінацыяй”, — адзначыў прадстаўнік інфармацыйнай групы, якая займалася маніторынгам беларускіх медыяў Макс Кавалёў.

Апытанне беларускіх рэдактараў паказала, што яны ўсведамляюць праблему дыскрымінацыі гомасэксуалаў, аднак не заўсёды гатовыя асвятляць гэту тэму. Часцей за ўсё журналісты хочуць пісаць пра ЛГБТ-супольнасць у кантэксце смажаных фактаў, на ўзор «жоўтай прэсы”, не задумваючыся пра наступствы.

izobrazhenie_031

Прадстаўнік Гей Альянса Беларусі Аляксандр Палуян звяртае ўвагу на тое, што журналісты, якія пішуць пра геяў ці лесбіянак, часта блытаюць паняцці, у матэрыялах пра Мінскі гей-прайд выкарыстоўваюць ілюстрацыі з прайдаў у Еўропе, хоць гэтыя здымкі ніякім чынам не адлюстроўваць сапраўдныя падзеі ў Мінску – збіццё і арышты людзей. У ходзе круглага стала журналісты абмеркавалі некалькі артыкулаў, якія носяць адкрыты гамафобны характар – матэрыял Васіля Сямашкі (агенцыя «БелаПАН”) і адкрыты ліст Васіля Якавенкі ў «Народнай волі”. Па выніках, журналісты рыхтуюць зварот да рэдакцыі «Народнай волі”, матэрыял-адказ з контр-аргументамі на ліст спадара Якавенкі, а таксама плануюць звярнуцца ў камісію па этыцы БАЖ з просьбай разгледзець пазіцыю рэдакцыі па дадзеным пытанні.

Каб журналісты лепш разбіраліся ў гэтай праблематыцы, зараз ствараецца інфармацыйная брашура, дзе падрабязна апішуць самыя распаўсюджаныя памылкі ў журналісцкіх тэкстах на ЛГБТ-тэматыку, а таксама рэкамендацыі да карэспандэнтаў – як ім працаваць лепш.

На круглым стале прысутнічалі і замежныя эксперты. Прадстаўнік шведскай арганізацыі «Тупілак” Біл Шылер звярнуў увагу на тое, што гамафобія характэрна і для краінаў Заходняй Еўропы. «Самая гамафобная група ў Швецыі – гэта падлеткі, маладыя людзі. Апроч таго, у Шведскім парламенце буйная партыя выступае супраць ЛГБТ-супольнасці. Падобная сітуацыя назіраецца ў Фінляндыі, Францыі, Венгрыі. У Літве, Латвіі і Эстоніі кожны год трэба змагацца, каб правесці гей-прайд. Нават у Галандыі існуюць праблемы. Здавалася б, Амстэрдам – гэта спраўдны рай для геяў. Аднак у суседнім горадзе, дзе збольшага жыве працоўны клас, геяў падчас прайдаў збіваюць нават перад камерамі. Так што можна дасканала распрацаваць заканадаўства, як гэта зроблена ў Швецыі, аднак каб змяніць стаўленне ў грамадстве да геяў, трэба выкарыстоўваць культуру і актыўна працаваць з журналістамі, бо яны фарміруюць грамадскае меркаванне і ў гэтым сэнсе з’яўляюцца моцнай сілай у пераадольванні стэрэатыпаў пра ЛГБТ-супольнасць, барацьбе з гамафобіяй”.

Прадстаўнік адукацыйнай праграмы «Разумеем правы чалавека” (Украіна) Аляксандр Вайтэнка звярнуў увагу на тое, што ў суседніх Расеі і Украіне зараз на заканадаўчым узроўні прымаюцца праекты, якія спрыяюць гамафобнаму стаўленню да ЛГБТ-супольнасці. «Калі ва Украіне толькі пачыналіся размовы пра тое, што будзе прыняты законапраект, які забараняе прапаганду гомасэксуалізма, многія праваабаронцы і грамадскія дзеячы занялі нейтральную пазіцыю. Але калі наступнай ідэяй дэпутатаў было зрабіць больш жорсткім заканадаўства, якое датычыцца масавых акцыяў, раптам прадстаўнікі НДА пачалі выступаць супраць адразу абодвух законапраектаў”.

Супольнасць ЛГБТ-журналістаў пераканана, што сітуацыю з гамафобіяй Беларусі трэба найперш вырашаць праз правільнае пазіцыянаванне ў СМІ. Таму на бліжэйшы час запланаваныя сустрэчы з карэспандэнтамі, выданне адукацыйнай літаратуры па дадзенай праблематыцы.

Baj.by